Верхнядзвінскія аграрыі адзначылі лепшых работнікаў

  • Ксенія ЯРАШЭВІЧ., Дзвінская праўда №95 от 27 ноября 2018 27 ноября 2018 12:31 Экономика Беларуская

    IMG_1386

    Свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці адзначылі ў ААТ “Шайцерава”.

    Урачыстае і яркае мерапрыемства адбылося ў Шайцераўскім Доме культуры. Тут сабраліся работнікі працоўнага калектыву, пераможцы раённых і абласных спаборніцтваў, ветэраны сельгасвытворчасці. Яны атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды і прымалі шчырыя словы падзякі за працу.

    IMG_1228

    А ганарыцца ёсць чым. Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Міхаіла Гумнянкова, сёлета шайцераўцы з гонарам вытрымалі іспыты надвор’я і выйшлі пераможцамі на абласным свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”.

    IMG_1396

    Ураджайнасць зерневых і зернебабовых склала 44,3 ц/га, а на асобных участках – 50 ц/га і вышэй. Вытворчасць зерня дасягнула 153 кг на 1 бала-гектар уборачнай плошчы. І гэта пры тым, што зерневы клін у гаспадарцы самы вялікі ў раёне – 2080 гектараў. Намалочана 718 тон масланасення рапсу пры ўраджайнасці 23 ц/га, звыш 1000 тон гароху і кармавых бабоў. А ўраджайнасць кукурузы перавысіла 400 ц/га.

    IMG_1129

    Значныя поспехі дасягнуты і ў жывёлагадоўлі. У агульнай вытворчасці малака ў раёне на ААТ “Шайцерава” прыходзіцца 11%. Сярэдні ўдой ад каровы складае 20 кг малака за суткі. Паспяхова развіваецца і свінагадоўля.

    Па добрай традыцыі духмяны каравай ураджаю-2018 года ўручаны М.П. Гумнянкову.

    —  Цяжка пераацаніць значэнне сялянскай працы ў паўсядзённым жыцці. Гаспадарскія адносіны да зямлі, жывёлы, тэхнікі, высокі прафесіяналізм, адданасць  справе – гэта асноўныя якасці, якія ўласцівыя вам, — падкрэсліў Міхаіл Гумнянкоў. — Сельская гаспадарка – адна з тых сфер, дзе толькі сапраўдная любоў да работы дапамагае пераадолець усе цяжкасці і дасягнуць высокіх вынікаў. Асобы акцэнт Міхаіл Пятровіч зрабіў на тым, што не трэба спыняцца на дасягнутым і нават у святочны дзень нельга забываць аб задачах, пастаўленых на заўтра; трэба надаваць больш увагі ўмацаванню дысцыпліны працы, быць эканомнымі, беражлівымі, руплівымі гаспадарамі на сваёй зямлі.Затым пачалася цырымонія ўзнагароджвання. Пад гучныя апладысменты на сцэну паднімаліся лепшыя прадстаўнікі працоўнага калектыву, многія з іх не раз станавіліся героямі старонак раённай газеты. Граматы, кветкі і грашовыя ўзнагароды ім уручалі дырэктар гаспадаркі М. П. Гумнянкоў і прафсаюзны лідар сельгаспрадпрыемства А. А. Станкевіч. У гэты дзень працаўнікі прымалі віншаванні ад сяброў: старшыні Шайцераўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяны Разумнай, загадчыка Шайцераўскага дзіцячага сада Яны Часнавіцкай, дырэктара Шайцераўскай сярэдняй  школы Валянціны Хмялеўскай, дырэктара Шайцераўскага Дома культуры Алены Аржанік. Нізкі паклон яны адрасавалі ўсім тым, хто назаўсёды звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, шчыра падзякавалі працаўнікам за адданасць справе і асабісты ўклад кожнага ва ўмацаванне эканомікі раёна і харчовай бяспекі краіны.

    Была арганізавана выдатная канцэртная праграма, якая стала яркім завяршэннем урачыстасці. У ёй прынялі ўдзел лепшыя вакалісты і творчыя калектывы ўстаноў культуры і адукацыі сельсавета. Свае віншавальныя нумары дарылі маленькія “зорачкі” – выхаванцы дзіцячага сада, гучалі музычныя нумары ў выкананні Вячаслава Кураша, Алёны Садоўскай, Таццяны Аўзін і Алесі Кухаронак, Алега Цяжкага, лірычны верш аб родным Шайцераве прагучаў у выкананні Анастасіі Раманоўскай.Прыемным падарункам стала выступленне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамблю “Паазер’е” з г. Паставы.

    Ксенія ЯРАШЭВІЧ.Фота аўтара.