Заўсёды побач са сваімі выбаршчыкамі

  • Наталля Вілента., Голас Любаншчыны 71/2018 от 30 ноября 2018 Скачать номер 03 декабря 2018 10:07 Калейдоскоп Беларуская

    «Лічу, што дэпутаты сельскіх Саветаў – патрэбнае звяно ў сістэме прадстаўнічай улады, бо яны бліжэй за іншых дзяржаўных асоб 

     знаходзяцца да людзей, бачаць іх праблемы, што называецца, знутры», –  такой думкай падзяліўся старшыня Камунараўскага сельвыканкама Мікалай Дудзік.

     І дадаў, што яму сапраўды пашанцавала, бо дэпутацкі корпус сельсавета зараз складаецца з прадстаўнікоў самых розных прафесій і роду заняткаў. І ўсе яны аб’яднаны адной агульнай мэтай – дапамагаць вяскоўцам.

    У прыватнасці, ужо падчас другога склікання народным абраннікам з’яўляецца Сяргей Еўдакімчык. І ён праяўляе вялікую актыўнасць у грамадскай справе. Яе паспяхова сумяшчае са сваёй асноўнай работай у якасці дырэктара Камунараўскага ВПК ДС-СШ.

    Да слова, у сферы адукацыі Сяргей Васільевіч з 2005 года. «Бацькі вельмі жадалі бачыць мяне педагогам. Ды і сам я, уласна кажучы, са старэйшых класаў праяўляў цікавасць да гэтай прафесіі. Вось і выбраў менавіта яе», – шчыра падзяліўся ён. І, як паказвае час, сведчаць вынікі дзейнасці, вызначыўся С.В. Еўдакімчык правільна. Практычна з першых дзён працы ў школе ён паказаў сябе творчым, ініцыятыўным, умеў дзяцей і заахвоціць, і прывабіць да заняткаў. Нездарма праз тры гады Сяргея Васільевіча прызначылі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Соснаўскай СШ №1, а яшчэ праз два – дырэктарам Камунараўскага ВПК. У яго асобе цудоўна спалучаюцца якасці і таленавітага адміністратара, і педагога, і выдатнага дыпламата. Сяргей Васільевіч умела наладжвае кантакты з бацькамі, прыцягвае іх да сумеснага вырашэння надзённых школьных задач. Ён добразычлівы, тактоўны, але і настойлівы, мэтанакіраваны.

    Гэтыя якасці дапамагаюць яму і ў грамадскай дзейнасці, якой прысвячае таксама нямала часу. На рахунку Сяргея Еўдакімчыка шмат добрых пачынанняў. Не адзін суботнік арганізаваны ў Камуне па яго ініцыятыве. У дадзенай справе звычайна ўдзельнічаюць і настаўнікі, і вучні, і іх бацькі, і іншыя жыхары населенага пункта. Агульнымі намаганнямі летась навялі парадак на мясцовым возеры – высеклі кустоўе, паставілі лавачкі. Наладжана работа па ўборцы старых дрэў, стыхійных звалак вакол вёскі. Сочыць дэпутат і за тым, каб своечасова ўзімку расчышчаліся дарогі, улетку ажыццяўлялася падкоска. Калі ёсць неабходнасць, то і сам на ўласным трактары займаецца гэтым. «Як жа інакш, – лічыць ён, – вёска павінна быць чыстая, утульная. Гэта ж, можна сказаць, наш агульны дом, і па парадку на яго тэрыторыі мяркуюць пра яго насельнікаў».

    Вядома, выбаршчыкі часта звяртаюцца да Сяргея Васільевіча са сваімі праблемамі, пытаннямі, прапановамі. І ніводны запыт ён не ігнаруе, з кожным дэталёва разбіраецца, аднак і паспешлівых рашэнняў не прымае. Вось, напрыклад, камунараўцы затурбаваліся наконт таго, каб на могілках правесці пратручванне ад мурашак. Дэпутат параіўся са спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і растлумачыў вяскоўцам, што лепш гэта рабіць вясной.

    Теги: 
    • {Нет тегов}