Будзем з хлебам!

  • Ірына ПАЛУБЕЦ, Авангард 2018-12-48 от 01 декабря 2018 Скачать номер 03 декабря 2018 11:13 Культура Беларуская

    У Брагіне падвялі вынікі работы аграпрамысловага комплексу Гомельскай вобласці. 
    Дарэчы, каравай  Гомельшчыны ў гэтым годзе заважыў амаль мільён тон збожжа. Гэта, канешне, менш, чым, напрыклад, у 2016 годзе, калі мы сабралі рэкордныя 1,3 мільёна, але значна больш, чым меркавалі. “Мабыць, кагосьці не ўразілі лічбы гэтага года, але, паверце, у выніковай формуле – засуха, гібель пасеваў, барацьба за ўраджай – вага кожнага прыбранага коласа, кожнага сабранага плода як мінімум падвойваецца”, – заўважыў губернатар Уладзімір Дворнік.
    Звяртаючыся да аграрыяў, ён таксама адзначыў: “На Гомельшчыне сельская гаспадарка па праву з’яўляецца ключавой галіной эканомікі. У доказ прывяду такія факты. У сельскай гаспадарцы вобласці занята ўсяго 5% працаздольнага насельніцтва, якія ў мінулым годзе далі без малога 13% валавой дабаўленай вартасці, па выніках гэтага выйдзем на 16,5%. Іншымі словамі, адзін працаўнік вёскі ў прамым сэнсе корміць 34 жыхары рэгіёну. Так што ваша праца – гэта залог сацыяльнай стабільнасці і гарант дабрабыту. У сувязі з гэтым я хачу, каб мы разам перасталі гераічна пераадольваць цяжкасці, а ўзялі на ўзбраенне навукова пацверджаныя шматгадовыя назіранні і высновы навукоўцаў аб істотным змяненні клімату, якое аказвае адмоўны ўплыў на ўстойлівасць сельскай гаспадаркі, і ў першую чаргу тут у нас, на Гомельшчыне. Неабходна ў кожным раёне, у кожнай гаспадарцы правесці глыбокі дэталёвы аналіз пасяўных плошчаў, вырошчваемых культур і перабудаваць усю сельскагаспадарчую вытворчасць з такім разлікам, каб атрымліваць максімальны аб’ёмны і эканамічны эфект”.
    На абласных “Дажынках” традыцыйна сабраліся лепшыя з лепшых  аграрыяў. Сярод іх і прадстаўнікі нашага раёна. Дэлегацыю ад Будакашалёўшчыны ўзначальваў старшыня райвыканкама Андрэй Гарбачоў. У складзе дэлегацыі таксама былі першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Самусенка, выконваючы абавязкі дырэктара РУП “Беларуснафта-Асобіна” Яўген Лукомскі і камбайнеры гэтага ж прадпрыемства Аляксандр Панкоў і Дзяніс Філіпаў. Прыемна адзначыць, што Буда-Кашалёўскі раён быў у ліку пераможцаў за найбольшы выхад збожжа з аднаго бала-гектара сельскагаспадарчых зямель. За перамогу ў намінацыі “Лепшая сельскагаспадарчая арганізацыя, атрымаўшая максімальны выхад збожжа з аднаго бала-гектара сельскагаспадарчых зямель” заслужаную ўзнагароду атрымала РУП “Беларуснафта-Асобіна”.
    Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў па выніках уборкі ўраджаю 2018 года ўзнагароджаны дырэктар філіяла “Марозавічы-Агра” ААТ “Гомельскі хімічны завод” Уладзімір Маслаў. Па-                        дзяка рэспубліканскага камітэта прафсаюза Беларускага прафсаюза работнікаў АПК аб’яўлена трактарысту КСУП “Губічы” Валерыю Мікалаенку.
    Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў збожжаўборачных камбайнаў старшы камбайнер Аляксандр Панкоў і камбайнер Дзяніс Філіпаў з РУП “Беларуснафта-Асобіна” занялі ганаровае трэцяе месца. На камбайне КЗС-1218 “Палессе” яны ўбралі 760 га, умоўны намалот склаў 1673 тоны. Дарэчы, першае і другое месцы дасталіся камбайнерам з КСУП “Агракамбінат “Холмеч” Рэчыцкага раёна. Але не будзем скідаць з рахункаў і высокую прадуктыўнасць камбайнаў “Lexion-600” і “Lexion-760”, на якіх працуюць рэчыцкія аграрыі.
    Пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і ўладальнікамі трэцяга месца сярод аператараў птушкафабрык і механізаваных ферм па вырошчванні бройлераў сталі Міхаіл Петрыашвілі, Аляксандр Паплаўны, Ганна Паплаўная і Галіна Андрыенка з РУП “Беларуснафта-Асобіна”. Затое сярод аператараў птушкафабрык і механізаваных ферм па абслугоўванню бацькоўскага стада птушкі мяснога напрамку РУП “Беларуснафта-Асобіна” роўных не было: усе тры месцы ў намінацыі дасталіся аператарам гэтага прадпрыемства. Першага месца ўдастоена Валянціна Петрачэнка, другога – Крысціна Петрачэнка, трэцяга – Галіна Грышанкова.
    Узнагароды для лепшых аграрыяў, абноўленыя абъекты сацыяльнай сферы, кіламетры новых дарог, добраўпарадкаваныя вуліцы і парк, стадыён, ярмаркі з дэгустацыямі лепшай прадукцыі, песні, майстар-класы, забавы, усмешкі, гумар і добры настрой – усяго гэтага на галоўным аграфэсце хапала з лішкам.
    Але, акрамя святочнага настрою і яскравых уражанняў ад канцэрта, з абласных “Дажынак” кожная з 21 дэлегацыі забрала дадому каравай з гербам раёна, які перадала ў прыёмныя сем’і, сацыяльныя цэнтры, бальніцы сястрынскага догляду. 
    Радасць свята з аграрыямі ў рамках акцыі «Крошка в ладошку» раздзяліла прыёмная сям’я Новікавых: 26 лістапада духмяны каравай у дзіцячы дом сямейнага тыпу з пажаданнямі шчасця, любові і дабрабыту перадаў асабіста старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкама Андрэй Гарбачоў. 
    Зараз у вялікай і дружнай сям’і Вікторыі і Аляксандра Новікавых выхоўваюцца дзесяць дзяцей. Сямёра з іх з’яўляюцца прыёмнымі. Дарэчы, самаму малодшаму Давіду менавіта 26 лістапада споўнілася 4 месяцы. Так што караваю дзятва была вельмі рада.