На канцэрт запрасіла Славяначка

  • Святлана ЖЫБУЛЬ, Прамень № 91 (10 334) от 05 декабря 2018 07 декабря 2018 09:37 Культура Беларуская

    Прыгожы ансамбль народнай музыкі «Славяначка» Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў адсвяткаваў 25-гадовы юбілей з дня заснавання і запрасіў жыхароў ваеннага гарадка на канцэрт.

    Урачыстасць адбылася ў Наваколасаўскім цэнтры культуры. У ліку гледачоў былі ваеннаслужачыя вайсковай часці, бацькі выхаванцаў школы. Ад імя райвыканкама юбіляраў павіншавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль.

    Ва ўсіх быў прыўзняты настрой. У гледачоў – ад судакранання з сапраўдным мастацтвам. Ансамбль прыгожа і прафесійна выконвае народную музыку. У рэпертуары – апрацоўкі беларускіх, рускіх, украінскіх, яўрэйскіх, малдаўскіх, фінскіх народных песень.

    Для ўдзельнікаў ансамбля найбольшая радасць была  ў тым, што яны мелі магчымасць паказаць свой прафесіяналізм, выйсці на сцэну не з адным-двума нумарамі, а выканаць некалькі твораў, самім атрымаць асалоду ад музыкі.

    25 гадоў назад ансамбль быў заснаваны Аляксандрам Гундаравым, светлай памяці. З 2002 года гэтым адметным калектывам кіруе настаўніца школы мастацтваў Наталія Кур'яновіч. Яна выконвае ў калектыве партыю бас-гітары. Акрамя Наталіі Кур'яновіч у ансамблі народнай музыкі іграюць яе калегі Наталля Нікалаева (скрыпка), Яўгенія Міхаськова (цымбалы), Ягор Дырда (баян), Таццяна Дырда (ударныя інструменты), Валянціна Берасцевіч (акардэон).

    Калектыў вядзе актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць. Не раз быў лаўрэтам розных конкурсаў і фестываляў. Пабываў на гастролях у Калінінградзе, Белгарадзе, Уладзіміры,  Суздалі, Закарпацці, даў 40 канцэртаў у розных гарадах Францыі. У бягучым годзе ансамбль «Славяначка» стаў лаўрэатам абласнога фестывалю народнай музыкі «Грай, гармонь!», які прайшоў у Нясвіжы.

    Гэты мастацкі калектыў са званнем народны з'яўляецца гонарам не толькі Наваколасаўскай школы, але і ўсяго раёна.

    Теги: 
    • {Нет тегов}