Сваё, прыгожае, роднае...

  • Ганна АЎТУХОВА, Радзіма 93/2018 от 07 декабря 2018 Скачать номер 07 декабря 2018 14:30 Культура Беларуская

    Любіць сваю малую радзіму, пазнаваць і ганарыцца ёй — наш святы абавязак, і асабліва важна зразумець гэта яшчэ ў дзяцінстве. У рамках Тыдня малой радзімы выхаванцы глускага дзіцячага садка № 3 наведвалі музей “Беларуская хатка” ў гімназіі, сустракаліся з аўтаркай вершаў Любоўю Ляпко і мастаком Уладзімірам Кісялевічам, складалі радавод і выказванні пра родны край, малявалі сваю сям’ю і інш. А вось завяршэннем Тыдня стала мерапрыемства “Восень у вышыванцы”, якое падрыхтавалі музычны кіраўнік Таісія Палякова, выхавацель старшай групы Альбіна Ігнаценка і яе памочнік Алена Дарошка сумесна з дзецьмі і бацькамі.

    Яшчэ на пачатку свята сапраўдны народны каларыт стварылі з густам аформленыя дэкарацыі: элементы ўтульнай беларускай хаткі — печ, гліняны посуд, прылады працы, засланыя вышытымі вырабамі ложак і стол. А калі на сцэну пачалі выходзіць апранутыя ў народныя строі выхаванцы, гледачы, затаіўшы дыханне, чакалі дзейства. І загучала з вуснаў дзяцей мілагучнае роднае слова. Як сапраўдныя артысты, яны выконвалі беларускія песні і вершы, жартавалі, танцавалі і развітваліся з Восенню-чараўніцай. Таксама адным з яркіх момантаў мерапрыемства стала дэфіле нацыянальных касцюмаў, створаных бацькамі і педагогамі. Колькі фантазіі і творчасці было ўкладзена ў калекцыю! З усмешкамі на тварах і добрым настроем хлопчыкі і дзяўчынкі розных гадоў, дарэчы, сярод іх былі і самыя маленькія, двухгадовыя, дэманстравалі прысутным народныя ўборы. Бацькі і педагогі шчыра апладзіравалі дзецям, з радасцю здымалі і фатаграфавалі іх.

    Свята атрымалася па-народнаму вясёлым, па-сямейнаму цёплым і душэўным. У другой палове дня ўсіх жадаючых чакала фотамайстэрня “Натхненне”, тут можна было сфатаграфавацца ў вышыванцы.

     

    Теги: 
    • {Нет тегов}