Старажытнае рамяство

  • Людміла ГАРДЗЕЙЧЫК, Слуцкий край 289-294 (16045-16050) от 06 декабря 2018 Скачать номер 10 декабря 2018 10:40 Калейдоскоп Беларуская

    Пляценне з лазы – адно з самых старажытных рамёстваў, якое дайшло да нашых дзён, практычна не змяніўшыся. Яно з’вілася раней ткацтва, бо правобразам тканін былі сплеценыя з розных траў цыноўкі і першыя прадметы адзення.

    Асаблівае распаўсюджанне мастацтва лозапляцення набыло ў эпоху Сярэдневечча. У Беларусі з лазы плялі розныя па форме і прызначэнні вырабы, выкарыстоўвалі лазу пры ўзвядзенні жылля, гаспадарчых пабудоў, рабілі загародкі, сані і павозкі, посуд. З лазы плялі нават рыбалоўныя сеткі і пасткі для птушак і жывёл.

    У XIII – XIX стагоддзях вырабы з лазы сталі карыстацца вялікім попытам у гарадах. Лазу сталі адбельваць, афарбоўваць і нават пакрываць пазалотай і срэбрам. Сплеценыя з дубца кошыкі, дзіцячыя калыскі, цацкі, кошыкі для рукадзелля, дарожныя скрыні, шкатулкі і нават дываны многія гады служылі чалавеку, упрыгожваючы яго побыт.

    На пасяджэнні клуба гаворка ішла пра майстроў лозапляцення Слуцкага раёна. Адна з іх – Любоў Гаўрылаўна Гуцава, шмат часу працавала ў Селішчанскім доме культуры, перадала сваё майстэрства не толькі дзецям і моладзі, але і работнікам культуры раёна. На абласным конкурсе «Лазовыя карункі» заўсёды займае першыя месцы.

    Шмат гадоў адпрацавала ў цэнтры рамёстваў пры майстэрні па лозапляценні Таццяна Якаўлеўна Алехнік. Вучаніца Любові Гаўрылаўны Гуцавай, яна і сама потым з ахвотай вучыла дзетак плесці з лазы. Таццяна Якаўлеўна пастаянны ўдзельнік святаў і конкурсаў, яе майстэрства заўсёды адзначаюць дыпломамі.

    Удзельнічаў у пасяджэнні і Валерый Сцяпанавіч Плявака – вопытны майстар са шматгадовым стажам. Вучыўся ён лозапляценню па кнізе, якую яму падарыла жонка. Разам з клубам народных майстроў «Крылы творчасці» Валерый Сцяпанавіч прымае ўдзел ва ўсіх святах і конкурсах, яго работы з задавальненнем набываюць у хатнія калекцыі.

    У Квасыніцкам цэнтры рамёстваў пры майстэрні па лозапляценні сёння працуе майстар Ларыса Іванаўна Ладоранка. Пачала яна працаваць з лазой з 2016 года, вучылася ў майстра з вёскі Каралёва Ніны Канстанцінаўны Белых. У гэтым годзе Ларыса Іванаўна дэбютавала са сваімі вырабамі на свяце-конкурсе «Нясвіжскі фэст».

    Адзначылася пасяджэнне клуба прыемнай падзеяй: майстры цэнтра рамёстваў – прыгажуні ў беларускіх народных касцюмах – ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі ў народны клуб народных майстроў «Крылы творчасці» сям’ю, Аляксандра і Таццяну Пархімовічаў, якія пераехалі ў вёску Гарадзішча Слуцкага раёна з Астаны (Казахстан). Аляксандр вучыўся лозапляценню ў асноўным па кнігах, сёе-тое падказвалі іншыя майстры. Цяпер у асартыменце хатняй майстэрні некалькі дзясяткаў вырабаў: кошыкі, вазы, цукерніцы, домікі для жывёл, хлебніцы, скрыні, свяцільні. Лозапляценне стала сямейнай справай, дапамагае і жонка Таццяна, і старэйшыя дзеці.

    Теги: