Добрая справа

  • Наталля БОЧКІНА, Слуцкий край 289-294 (16045-16050) от 06 декабря 2018 Скачать номер 10 декабря 2018 10:47 КалейдоскопКультураОбщество Беларуская

    У мінулым навучальным годзе ў спісе адметнасцей нашага школьнага жыцця з’явілася яшчэ адна традыцыя – дабрачынны кірмаш «Цуды на Новы год». Вось і сёлета 1 снежня ў нашай школе лунаў водар свежай хатняй выпечкі, гучала святочная музыка і дзіцячы смех: праходзіў дабрачынны кірмаш, арганізаваны сумесна з бацькамі вучняў.

    Можна з упэўненасцю сказаць, што «Кірмаш – 2018» прайшоў выдатна! На некалькі гадзін наша школа ператварылася ў зімовы горад, які рыхтуецца да свята, тут была сапраўдная калядная мітусня. На кірмашы ў сталовай зале была прадстаўлена самая разнастайная выпечка. Кожны клас разам са сваім класным кіраўніком аформіў па-святочнаму сваё гандлёвае месца. Якіх толькі кулінарных вырабаў тут не было! Набыўшы прысмакі, можна было адведаць іх з кубачкам цёплай гарбаты.

    У фае першага паверха «салоны» прапанавалі самыя розныя паслугі, якія карысталіся поспехам не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых.

    У салоне «Ноготок» супрацоўнік нашай установы  Надзея Францкевіч рабіла манікюр маленькім прыгажуням.

    Вельмі спадабаўся арт-макіяж Таццяны Санько, асабліва малодшым школьнікам. Дзеці з радасцю падстаўлялі свае тварыкі для забаўных малюнкаў. Варта заўважыць, што фарбы і алоўкі, якімі карысталася майстар, гіпаалергенныя і досыць лёгка змываюцца цёплай вадой.

    Загадчык гаспадаркі нашай установы, Вольга Аляксандраўна Самусевіч, сапраўдны майстар на ўсе рукі, прапанавала свае паслугі як цырульнік. Пляценне на валасах, мужчынская і жаночая стрыжкі – кліенты былі задаволены.

    Таксама былі арганізаваны і спартыўныя пляцоўкі. Дзеці мелі магчымасць паскакаць на батуце, паспаборнічаць у тэнісе і дартсе.

    У кабінеце для адпачынку быў арганізаваны міні-кінатэатр, дзе вучні маглі паглядзець мультыплікацыйныя фільмы.

    Выручаныя грашовыя сродкі будуць залічаны на рахунак установы і выкарыстаны на святкаванне Новага году ў нашай школе.

    Кіраўніцтва школы ад усёй душы дзякуе ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні кірмашу: нашым таленавітым і чулым вучням, іх спагадлівым  і актыўным бацькам, нашым творчым супрацоўнікам і ўсім, хто прыйшоў у гэты дзень да нас у госці. Мы зрабілі добрую справу.

    Теги: