Праз гады і межы

  • Наталля ШЫРКО, Чырвоны прамень 97/2018 от 04 декабря 2018 Скачать номер 10 декабря 2018 11:53 Общество Беларуская

    Напярэдадні векавога юбілею ўтварэння БССР мы ўзгадваем старонкі гісторыі вялікай краіны. 1студзеня 1919 года было абвешчана аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

    Сёння нам, сучаснаму пакаленню, якое жыве ў мірнай дзяржаве, мае права на адукацыю і працу, складана штосьці параўноўваць. А вось цікава, што б на гэты конт сказалі прадстаўнікі больш сталага ўзросту? Прагортваючы падшыўкі старых газет, знайшла цікавы матэрыял. Аўтара, на жаль, ужо няма, але яго імем названа адна з вуліц райцэнтра, былы завулак Савецкі. А мне яшчэ маленькай дзяўчынкай пашчасціла пабачыць легендарнага партызанскага ўрача і колькі год жыць непадалёк ад гэтага цудоўнага чалавека. Чалавека з вялікай літары…НА ДАБРО ЛЮДЗЯМ, «Чырвоны прамень», 28 снежня 1978 года.«У год утварэння БССР і Кампартыі Беларусі мне было толькі шэсць гадоў. Аднак вялікія падзеі таго часу пакінулі на ўсё жыццё ўзнёслую радасць, высокую гордасць за нашу Савецкую ўладу і ленінскую партыю — верных абаронцаў народных інтарэсаў.Жыхары Копцевіч, тагачаснага валаснога цэнтра, Чашнік і іншых прылягаючых пасёлкаў і вёсак ад усёй душы радаваліся, што сталі пад сцяг Саветаў, на шлях барацьбы за сацыяльную справядлівасць. Сярод першых копцевіцкіх камсамольцаў былі Васіль Вашэўка — сябар майго старэйшага брата і Іван Чэпік, мой брат. Іх прыклад, непрымірымая барацьба супраць «прыхлябацеляў старога ладу» прывялі і мяне яшчэ ў раннім юначым узросце ў рады камсамола. У канцы дваццатых-пачатку трыццатых гадоў мне давялося актыўна ўдзельнічаць у калгасным руху.…У песні пра васемнаццаты год пяецца, што ішоў ён па ваеннай дарозе ў барацьбе і трывозе. Ніводнага году для мяне асабіста не было без барацьбы і трывог. Мусіць, век наш такі непакойлівы. А галоўнае, што так нас выхавалі Савецкая ўлада, Камуністычная партыя — заўжды быць у клопаце пра заўтрашні светлы дзень, у адказе за лёс краіны.Кожны з маіх сяброў-аднагодкаў, камсамольцаў дваццатых гадоў выбіраў уласную працоўную дарогу. Маё імкненне рабіць дабро людзям, жыццё шчаслівым прывяло ў медыцынскі інстытут. І цяпер застаўся верным сваёй прафесіі ўрача, хаця за плячыма ўжо 66 год. Цешу сябе думкаю, што аддаваў і аддаю свае сілы і вопыт на карысць працвітання Радзімы. Бо здароўе грамадзян — ці не галоўны скарб нашай Савецкай дзяржавы.Некалькі слоў пра ваенную пару. Дакладней, пра свой удзел у ёй. Давялося змагацца супраць японскіх самураяў на Халхін-Голе. У гады Вялікай Айчыннай вайны стаў партызанам, дзе прайшоў шлях ад радавога ўрача да начальніка медыцынскай службы партызанскага злучэння.З’яўляючыся адзіным хірургам ва ўсёй Ушацкай партызанскай зоне, я зрабіў прыкладна 500 складаных аперацый. Між тым, аперацыйным сталом часта служыў звычайны пень, а сродкам абязбольвання — розныя сялянскія лекі.Увогуле, хачу зазначыць, што нікому іншаму, акрамя хірурга, не бачны так усе нягоды вайны і яе жорсткасць. Але затое ніхто іншы не бачыў так і той мужнасці, той самаахвярнасці, на якія здольны савецкі чалавек у барацьбе за нашу Савецкую ўладу, ідэалы камунізму. Менавіта савецкі патрыятызм з’явіўся той сілаю, якая адкінула назад і знішчыла захопніцкія фашысцкія орды, якая аднавіла разбураную вайной гаспадарку, у поўнай сіле ўсталявала вялікі сэнс слова «дабро».Карацей кажучы, Савецкая ўлада, Вялікі Кастрычнік нарадзілі не толькі новага чалавека, але і новыя грамадскія адносіны. І дзе б мы ні жылі, у роднай Беларусі, якая спраўляе сёння свой 60-гадовы юбілей, ці ў любым іншым кутку нашага неабсяжнага Савецкага Саюза, мы цвёрда ведаем, што пад сонцам Савецкай улады заўжды будзе дабро панаваць над злом, заўжды шчырая праца чалавека будзе ўслаўлена.

    К. ЧЭПІК, камсамолец дваццатых гадоў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны ўрач БССР».