Магія фарбаў

  • Мілана ТРАПЯНОК., Бярэзінская панарама 94 от 12 декабря 2018 11 декабря 2018 10:56 Калейдоскоп Беларуская

    Ала Уладзіміраўна Семяняка — бясконца шчаслівы чалавек. Каб пераканацца ў гэтым, не трэба быць асабіста знаёмым з ёй. Дастаткова ўважліва паглядзець на яе аўтапартрэт, звычайны, намаляваны алоўкам, ён падкупляе сваёй шчырасцю, адкрытасцю, пэўнай унутранай сілай. Позірк прыгожай жанчыны, яе паварот галавы, мяккая ўсмешка, іскрынка ў вачах красамоўней любых слоў пераконваюць, што яна прыйшла ў гэты свет не браць, а шчодра дарыць людзям радасць і атрымліваць ад гэтага пэўнае натхненне. Яно патрэбна Але Уладзіміраўне кожны дзень як глыток паветра, шапаценне лістоты, любоў мужа, як увага дзяцей і блізкіх. Яна ж -

    мастак… 

    Ала Уладзіміраўна ­ не прафесійны, а мастак­аматар. Ёй пашчасціла спалучыць сваё хобі з абранай справай мастака­афарміцеля. Першыя ўрокі малявання яна старанна брала ў жыцця, вучылася ў матухны­прыроды. Ды і ад нараджэння, ад бацькоў мела пэўныя мастацкія здольнасці.

    Карціны ў Алы Уладзіміраўны самыя розныя: ад пейзажаў да партрэтаў. На адной – праваслаўная царква з купаламі на фоне блакітнага неба, якая кожнаму дазваляе пераканацца, як яна арганічна ўпісваецца ў наш горад, на другой ­ маляўнічая рака Клява, дзе занатаваны, як кадр, эпізод чужога жыцця.

    ­ Мастак павінен любіць жыццё і не стамляцца ўся­ му свету даказваць яго прыгажосць, ­ лічыць яна. ­ А гэта вельмі няпроста ­ мовай фарбаў з любоўю паказваць непаўторнасць родных краявідаў. Тут мала толькі таленту і пэўнага густу, неабходны моцны дух і шчырае сэрца.

     Жывапіс ­ не проста яе хобі, не проста прафесійны занятак, гэта неад’емная частка яе жыцця. Дзякуючы яму, яна паверыла ў свой талент і магчымасці, пераадолела цяжкасці і праблемы і вось ужо больш за дваццаць гадоў захоўвае вернасць пэндзлям і алейным фарбам.

    Адпраўным пунктам, своеасаблівай крыніцай натхнення для мастачкі з’яўляецца прырода, маляў­нічыя мясціны, родная вёска Капланцы, якая летам патанае ў садах, зеляніне, а зімой хаваецца ў вялізных гурбах снегу і нагадвае казачны снежны гарадок. Тут прайшло яе дзяцінства, тут яна рабіла першыя крокі, вучылася і спазнала першае каханне, пачула словы любові, тут дагэтуль у роднай хаце яе вітаюць бацькі, тут усё ёй да болю блізкае і роднае. Ды і як жа інакш? Крыху воддаль – рака Клява, шырокі поплаў, лес. А як абудзіцца сонейка, ды прылашчыць сваімі промнямі наваколле – такое хараство, што не можаш не ўзяцца за пэндзаль. Напэўна таму, кожная карціна ад­метная і непаўторная, ад якой атрымліваеш станоўчую энергію і радасць.

    ­ У карціне што галоўнае? ­ разважае Ала Уладзіміраўна. – Гэта не яе падабенства з натурай, а пазітыўны і добры настрой, якія яна нясе людзям. Жыццё бясконца, бесперапынна ўражвае, выклікае захапленне. Мастаку ж трэба імкнуцца праз колер і яго шматлікія адценні перадаць чалавечыя эмоцыі, рознакаляровасць быцця, яго гармонію, яму важна ўбачыць, важна адчуць, перадаць эмоцыі на палатне. Як у музыцы з сямі нот атрымліваецца мелодыя, у жывапісе не абысціся без вялікай палітры звыклых фарбаў.

    Сапраўды, карціны А.У. Семяняка нібы свецяцца, дораць лірычны настрой. Самай яркай парой года яна лічыць лета, калі ўся прырода паўстае перад чалавекам у буянні сваіх самых неверагодных фарбаў і адценняў, і дзе кожны колер набывае чароўнае гучанне. Любімая кветка ­ бэз, які зноў і зноў яна не стамляецца маляваць. Яшчэ ёй падабаецца маляваць мак. Чаго варты іх прыгожы саюз на карціне з рамонкамі? Кветкі ў вазе маюць пэўны сэнс крохкасці і яркасці жыцця.

    Аднак пейзажы і нацюрморты ­ не толькі любаванне прыродай, але і глыбокая заклапочанасць яе сённяшнім станам. Яны хутчэй ­ пэўны кадр з нашага жыцця. У мастачкі практычна няма пейзажаў без асобы чалавека.

    ­ Раблю так знарок, ­ прызнаецца жанчына. ­ Гэта ўдыхае энергію ў карціну і атрымліваецца пэў­ная гармонія чалавека з прыродай.

    Задумы ў яе нараджаюцца адна за другой. Так, аднойчы яна адпачывала ў санаторыі. Надышоў час вяртацца дамоў, але машына спазнялася. Давялося да позняга вечара чакаць. Балазе, тут знайшла малюнак для будучай кар­ціны, якую назвала “У адзіноце”. Чаму?

     ­ На той час яна дакладна перадавала мой настрой і мае жаданні, ­ тлумачыць Ала Уладзіміраўна. ­ На карціне не толькі рака, лес, вялікае дрэва, але і мужчына з жанчынай, падобныя на мяне і мужа. Я нават у сваім капелюшы!

    Зразумець пачуцці мастака і падтэкст назвы нескладана. Яна ­ жонка былога начальніка аддзела ўнутраных спраў, адзінага ў нашым раёне палкоўніка міліцыі. Па сваіх службовых абавязках яму даводзілася цэлымі днямі быць на працы. Таму большасць бытавых клопатаў і выхаванне двух сыноў ляглі на яе жаночыя плечы. Акрамя таго, сям’я з чатырох чалавек тулілася ў двухпакаёвай кватэры на пятым паверсе шматпавярховага дома, дзе з вокнаў глядзелі неба і верхавіны дрэў. Не кожная з жанчын, а тым больш мастачка, здолела б знайсці ў гэтых абставінах натхненне і жаданне маляваць. Ды толькі не Ала Уладзіміраў­ на. Яна не толькі не нада­ кучвала свайму мужу, а, наадварот, асвоіла ваджэнне аўтамабіля і навучылася самастойна вырашаць свае праблемы. У дадатак знайшла самы дзейсны сродак захаваць сямейны камфорт. І ўсё гэта дзякуючы маляванню.

    ­ Я ўжо шмат гадоў працую мастаком­афарміцелем у РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, ­ гаворыць жанчына. ­ На працы мне даводзілася шмат маляваць – афармляць розныя стэнды і плакаты. Здаралася, што я заседжвалася да позняга вечара, бо фарбы, рыскі, вобразы нібы каштоўныя лекі праганялі ўсе непрыемныя думкі. Таму дома я з усмешкай увечары вітала мужа, жыва цікавілася яго справамі, рашуча падтрымлівала яго аўтарытэт у сыноў. Ды і ён на працы ўвесь час нібы быў са мною: мае пейзажы пэўны час віселі ў яго кабінеце.

    Сёння аб тых часах Ала Уладзіміраўна амаль не ўспамінае. На змену ім прыйшлі новыя ўражанні і эмоцыі. Сыны выраслі і пакінулі дом, радуюць матулю сваімі творчымі пошукамі, муж пайшоў у адстаўку і выявіў у сабе выдатны будаўнічы талент. Рамонт у новай трохпакаёвай кватэры зроблены яго ўласнымі рукамі. Асобнае месца ў памяшканнях займаюць мальберт і карціны гаспадыні, яны на роўных з прыемнымі пахамі з кухні ствараюць асаблівую ўтульнасць і гасціннасць у доме Семяняка.

    ­ Гасціннасць у мяне ад бацькоў, ­ зазначае Ала Уладзіміраўна, ­ яны надзвычай адкрытыя і шчырыя людзі, у хаце якіх за сталом заўсёды сядзелі госці.

    Мастачка таксама шчыра радуецца сваім гасцям. Большасць з іх намаляваны на партрэтах.

    Партрэты – гэта яшчэ адно захапленне Алы Уладзіміраўны. На іх ­ родзічы, блізкія, проста знаё­мыя і калегі. Піша яна іх з натуры і з фотакартак, папярэдне атрымаўшы згоду ў людзей.

     ­ Партрэт ­ не толькі вусны, нос, вочы, авал твару, гэта яшчэ характар, асоба чалавека, ­ разважае яна, ­ якую бачыць і імкнецца для вас паказаць з новага, дагэтуль невядомага, боку мастак.

    Падобныя адкрыцці робяць карціны каштоўным падарункам. Намаляваныя пейзажы і партрэты мастачка ад чыстага сэрца дорыць людзям. І спадзяецца, што яны будуць крыніцай радасці і святла ў іх жыцці. Сама ж яна не стамляецца творча гарэць, бачыць прыгожае і маляваць. Ідэі будучых карцін ёй падказваюць родныя краявіды, якія з цягам часу не губляюць свайго хараства, улюбёныя ў сваю справу і родны край бярэзінцы.

    Мілана ТРАПЯНОК.

     Фота Алены ГРОМАВАЙ.

     

    Теги: 
    • {Нет тегов}