Поспех аграрыяў у руках меліяратараў

  • В. Пісар, Новае жыццё №96/2018 от 01 декабря 2018 12 декабря 2018 10:48 Природа и экология Беларуская

    Карысная і патрэбная праца – ператвараць зямлю ва ўрадлівыя сельскагаспадарчыя ўгоддзі, на якіх закаласіцца пшаніца, зашуміць сакавітая трава, пацягнецца да сонца кукуруза. І ўсё гэта дзякуючы працы меліяратараў, якую простай не назавеш. Прадстаўнікі гэтай прафесіі павінны ўмець выкарыстоўваць апошнія дасягненні тэхнікі і аграноміі, быць прадбачлівымі. Ра­зам з тым яны адрозніваюцца загартоўкай, паколькі ім даводзіцца працаваць на адкрытым паветры, у любое надвор’е і ў любы час года.

    І нават зараз работнікі даччынага ўнітарнага Навагрудскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм знаходзяцца ў «гарачых кропках» раёна, завяршаюць рэканструкцыю зямель у ААТ«Прынёманскі».Як будуць выкарыстоўвацца меліярацыйныя землі, якія планы ў навагрудскіх меліяратараў на наступны год, расказаў нам дырэктар дачыннага ўнітарнага прадпрыемства Навагрудскія меліярацыйныя сістэмы Аляксандр СЛІНЬКО.– У нашым раёне вялікая ўвага надаецца ўключэнню ў сельгасабарот новых зямель. Планы на бягучы год былі вызначаны вялікія, ды і немалыя  фінансавыя сродкі былі выдзелены на правя­дзенне меліярацыйных работ. Уведзена ў абарот амаль  735 га, што склала 17% ад абласнога плана. Выканана ўжо 99% ад агульнага запланаванага на бягучы год.  Канечне, хацелася б ахапіць увесь раён, але сёлета былі зроблены прыярытэты ў бок гаспадарак ААТ «Шчорсы» (505 га) і ААТ «Прынёманскі» (230 га). На наступны год у планах прадоўжыць работы на землях гэтых гаспадарак, ААТ «Уселюб» і ААТ «Гара­дзечна». Папярэдне на наступны год намечаны таксама немалыя планы – 550 га рэканструкцыі, аднак рэальна пацверджана фінансаванне толькі 400 га, астатняе пакуль не пацверджана. Акрамя аднаўлення зямель, меліяратары займаюцца і доглядам меліяраваных каналаў, сетка якіх складае 1254 км. Нягледзячы на надыход зімы, калектыў працуе, займаецца рамонтам гідратэхнічных пабудоў і выдаленнем дрэў і кустарнікаў. Хочацца адзначыць, што ў нас на прадпрыемстве працуюць сапраўдныя прафесіяналы, людзі, якія добрасумленна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў. Працаваць жа даводзіцца там, дзе не ступала нага чалавека, дзе балоты і непраходныя зараснікі, дзе часам бываюць, сапраўды, небяспечныя зоны, патрэбны сіла волі і цвёрды характар. – Значнай увагі з боку меліяратараў патрабавалі і землі ААТ «Шчорсы», – гаворыць дырэктар ААТ «Шчорсы» Мікалай ІВАНЧЫК. – Не так доўно на рэканструяваных у ААТ «Шчорсы» землях было балота, рос хмызняк – зараз растуць ужо азімыя. У гаспадарцы ведаюць, што меліяраванне зямель найлепшым чынам уплывае на паказчыкі як раслінаводаў, так і на вынікі жывёлагадоўлі. Уведзена ў эксплуатацыю 250 га меліярацыйнай сістэмы «Занеманская», работы пра­ведзены ў тэрмін. Зараз там засеяны культуры. На наступны год разлічваем на гэтых землях атрымліваць больш якасны склад батанічных траў, якія пасеялі – канарэячнік, цімафееўка і інш. Ва ўрочышчы Аўдзеевічы (меліярацыйная сістэма «Звязда») – 125 га, побач з якімі знаходзяцца жывёлагадоўчыя фермы і комплекс. Праведзеныя работы дадуць магчымасць хутка арганізаваць нарыхтоўку і ўборку кармоў без дадатковых выдаткаў. Праведзена рэканструкцыя і ўрочышча Мураванка (110 га). Тут на 60 га зроб­лены падсеў траў, а на астанім участку было пасеяна азімае жыта. І яшчэ адзін аб’ект уведзены ў эксплуатацыю – Краскоўскія горы (меліярацыйная сістэма «Карэлічы») (20 га).Створаныя меліярацыйныя сістэмы будуць прыносіць неацэнную карысць аграпрамысловаму комплексу, бо меліярацыя ж і праводзіцца дзеля таго, каб палепшыць якасць глебы і атрымліваць больш высокія ўраджаі. 

    Теги: 
    • {Нет тегов}