Барацьба за справядлівасць як сэнс жыцця

  • В. Навагран, Новае жыццё №96/2018 от 01 декабря 2018 12 декабря 2018 10:54 Калейдоскоп Беларуская

    2 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць беларускія юрысты. Сярод іх – і супрацоўнікі юрыдычнай кансультацыі Навагрудскага раёна.

    – Прафесія адваката – адна з самых цікавых і самых свабодных, –  упэўнена загадчык юрыдычнай кансультацыі Вікторыя Вавуліна. – Адвакат – адзіны ўдзельнік судовага працэсу, які выступае ад імя канкрэтнага чалавека і абараняе яго інтарэсы.Адвакацкая дзейнасць грунтуецца на прынцыпах законнасці, незалежнасці адвакатаў, захавання адвакацкай тайны, недапушчальнасці ўмяшання з боку органаў, якія вядуць крымінальны працэс, іншых дзяржаўных органаў,  арганізацый і службовых асоб. Каб гэтыя прынцыпы дзейнічалі ў рэальным жыцці, адвакатура ў нашай краіне не з'яўляецца дзяржаўнай арганізацыяй, а адвакаты – дзяржаўнымі служачымі.– Каб працаваць адвакатам, патрэбна мець асаблівы склад характару, – працягвае Вікторыя Ігараўна. – У першую чаргу – абвостранае пачуццё справядлівасці. Свой выбар прафесіі Вікторыя Вавуліна тлумачыць жаданнем дапамагаць людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. – Паняцце «адвакат» прыйшло да нас ад лацінскага слова, якое азначае «заклікаць на дапамогу». Гэты прынцып і пакладзены ў аснову адвакацкай дзейнасці, – гаворыць яна. Дзяўчына на выдатна закончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і прыехала працаваць у Карэліцкі раён. А праз два гады пераехала ў Навагрудак.– Тут больш магчымасцей для таго, каб рэалізаваць сябе ў прафесійным плане, – лічыць Вікторыя Ігараўна.Побач – вопытныя адвакаты, у якіх ёсць чаму павучыцца. Алена Снітко – прафесіянал высокага ўзроўню і запатрабаваны спецыяліст. Яе стаж работы ў адвакатуры налічвае амаль 35 гадоў. Алена Сцяпанаўна ўдзельнічала ў мностве судовых працэсаў, і не толькі ў Навагрудку: у службовых камандзіроўках пабывала ва ўсіх абласцях Беларусі – ад Лунінца да Віцебска. Як прызнаецца, з цягам часу ўсё часцей атрымлівае задавальненне ад сваёй прафесіі. І не толькі тады, калі гучыць апраўдальны прыгавор. «Мяне радуе, калі прыходзіць чалавек  і атрымлівае дапамогу ў нават самым простым, але вельмі важным для аго пытанні», – адзначае Алена Сцяпанаўна.Больш чым пятнаццаць гадоў працуе адвакатам Уладзімір Залатухін. Большую частку гэтага часу – у Навагрудку. Вопыт і прафесіяналізм, уважлівасць і настойлівасць – вызначальныя рысы характару Уладзіміра Юр’евіча, што вельмі важна ў прафесіі адваката.Чацвёрты член калектыву – малады адвакат Анастасія Папуцэвіч. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта яна, выдатніца вучобы, была размеркавана ў Карэлічы. У Навагрудскай юрыдычнай кансультацыі працуе першы год. Для яе адвакатура – мара, якая збылася, а вопыт прыходзіць з практыкай.– Не магу не назваць нашу паважаную калегу Тэрэсу Міхайлаўну Урбановіч, якая 45 гадоў адпрацавала ў адвакатуры Навагрудскага раёна. У гэтым годзе яна была ўзнагароджана знакам Рэспуб­ліканскай калегіі адвакатаў «Ганаровы адвакат», – падкрэсліла Вікторыя Вавуліна. – Мы ўдзячны Тэрэсе Міхайлаўне за яе працу і той каштоўны вопыт, якім яна дзеліцца з намі.У адрозненне ад спецыялізаваных кансультацый, навагрудскія адвакаты аказваюць юрыдычную дапамогу па розных галінах права. Жыллёвыя і зямельныя спрэчкі, раздзел маёмасці, справы па наследаванні, крымінальныя справы – гэтыя і іншыя пытанні знаходзяцца ў іх кампетэнцыі. – Адвакат заўсёды дзейнічае выключна ў інтарэсах свайго кліента, – удакладняе Вікторыя Вавуліна. – І часам, дзякуючы настойлівасці адваката, суд прымае рашэнне на карысць кліента.Вікторыя Ігараўна расказала аб адным выпадку з яе практыкі. У адносінах да жанчыны быў складзены пратакол за ўчыненне дробнага крадзяжу і аказанне супраціўлення работнікам міліцыі пры затрыманні. Аднак у працэсе суда было даказана, што ні крадзеж, ні супраціўленне жанчына не аказвала. Праўда, каб даказаць гэта, спатрэбілася чатыры ці пяць пасяджэнняў суда.  Апраўдальнае рашэнне было вельмі важным для жанчыны, бо яе праца была звязана з матэрыяльнымі каштоўнасцямі. – Каб выйграць працэс, патрэбна выдатна ведаць заканадаўства, – перакананы супрацоўнікі юрыдычнай кансультацыі. – А таму неабходна пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень.У заключэнне размовы Вікторыя Вавуліна павіншавала юрыдычную супольнасць Навагрудскага раёна з прафесійным святам і пажадала ўсім моцнага здароўя, працоўных поспехаў і выдатнага святочнага настрою.

    Теги: 
    • {Нет тегов}