Усё ў яго павінна атрымацца

  • Віктар Назаранка, Хойникские новости 17 ноября 2018 8 стр от 17 ноября 2018 Скачать номер 12 декабря 2018 10:59 Калейдоскоп Беларуская

    Калі прызнацца шчыра, то заўсёды з асаблівай павагай і нават трапятаннем стаўлюся да прадстаўнікоў прафесіі агранома. Гэта ж колькі трэба ўсяго ведаць у самых розных сферах – батаніцы, геаграфіі, біялогіі, глебазнаўстве, агратэхніцы, біяхіміі і біяфізіцы, экалогіі і іншых навуках для таго, каб потым з поспехам пераўтвараць зямлю, атрымліваць багатыя ўраджаі і радаваць імі мноства людзей у гарадах і вёсках! А таму не сумняваюся ў тым, што людзі гэтай прафесіі будуць запатрабаваны пры любых палітычных раскладах і ў любым чалавечым грамадстве.

    Напэўна, прыкладна такія думкі былі і ў выпускніка Глінішчанскай СШ імя І.П. Мележа Яўгенія Дзянгубенкі. У 2012 годзе скончыў ён школу і адразу паступіў у Палесскі дзяржаўны аграрны каледж імя У.Ф. Міцкевіча ў Калінкавічах. Вучоба будучаму аграному давалася лёгка, навучанне і абраная спецыяльнасць не расчаравалі, а таму лагічным і заканамерным яго далейшым жыццёвым крокам стала паступленне ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Жэня паспяхова вытрымаў уступныя экзамены, а наступныя 3 гады вучобы праляцелі непрыкметна. І ўжо ў чэрвені гэтага года ён стаў дыпламаваным спецыялістам, а ў адпаведнасці з мэтавым накіраваннем на работу вярнуўся ў якасці агранома ў КСУП "Імя І.П. Мележа".

    У гаспадарцы ўжо завяршалася жніво, а яго першым выпрабаваннем на практыцы стала азімая сяўба. Да яе прыступілі ў пачатку верасня, а завяршылі ў кастрычніку. Што і казаць – работы ў полі хапала, напачатку няпроста было ўліцца ў агульны рабочы рытм, стаць часцінкай працоўнага калектыву сельгаспрадпрыемства. Але малады аграном не стушаваўся, паказаў, што ён – свой, вясковы і што да работы ў полі яму не прывыкаць. І веды, атрыманыя ў час вучобы, ён на практыцы прымяняў умела і ў поўным аб’ёме.

    Адным словам, свой першы працоўны экзамен хлопец вытрымаў. А ўскосным пацвярджэннем гэтых слоў сталі дружныя і роўныя ўсходы азімых – значыць усё было зроблена правільна, па тэхналогіі. Зараз Яўгеній Мікалаевіч перажывае за тое, каб хутчэй на палі легла ўстойлівае снежнае покрыва – так, пад снежнай коўдрай, азімым будзе намнога лягчэй перазімаваць.

    Вольнага часу ў Яўгенія няшмат – усё займае работа. Але калі ўсё ж выпадае, то імкнецца займацца спортам – гэта і цікава, і карысна. Паважае гульню ў футбол, калі вучыўся ў БСГА, то выступаў за каманду агранамічнага факультэта на адной з ключавых у любой камандзе пазіцыі цэнтральнага паўабаронцы. Паважае спартыўную і атлетычную гімнастыку, па тэлебачанню аддае перавагу футбольным трансляцыям, асабліва матчам з удзелам любімай каманды – лонданскага «Арсенала». За гэты клуб разам з бацькам Мікалаем Канстанцінавічам перажываюць яшчэ з самога яго дзяцінства, калі за гэты калектыў выступаў беларус Аляксандр Глеб.

    Нежанаты, але, як прызнаўся сам Жэня, дзяўчына ў яго ёсць, і ўсё часцей у галаву прыходзяць думкі аб стварэнні ўласнай сям’і. Сваё далейшае будучае юнак звязвае з родным сельгаспрадпрыемствам. Умовы работы яго задавальняюць, адносіны з кіраўніцтвам гаспадаркі складваюцца нармальныя, рабочыя, ды і ў працоўным калектыве ён ужо трывала асвоіўся, акліматызаваўся. І сапраўды – што можа быць лепш, чым працаваць на роднай зямлі, сярод людзей, якіх сам ведаеш з дзяцінства, і якія давяраюць табе на адказнай службовай пасадзе? Застаецца толькі апраўдваць гэты давер і веру, што ў Яўгенія Дзянгубенкі ўсё ў жыцці павінна атрымацца.