Божае слова – жыцця аснова

  • В. Пісар, Новае жыццё №97/2018 от 05 декабря 2018 12 декабря 2018 11:05 Калейдоскоп Беларуская

    Прэзентацыя першага поўнага рымска-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове адбылася 30 лістапада ў Навагрудскай раённай бібліятэцы.

    Удзел у сустрэчы-прэзентацыі прынялі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Анатолій Маркевіч, старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэн­таў ксёндз канонік Ян Крэміс, доктар біблійнай тэалогіі, супрацоўніца Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Марына Пашук, а таксама жыхары і госці горада.Шчырыя словы прывітання ўсім прысутным выказаў старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Анатолій Маркевіч.– Мы рады вітаць паважаных гасцей на нашай цудоўнай навагрудскай зямлі. Зямлі, якая слаўная гістарычным мінулым, спадчынай; зямлі, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч; зямлі, на якой у згодзе і міры жывуць і працуюць людзі розных веравызнанняў. Вельмі важна, што сёння прэзентуецца святая кніга – Новы Запавет на беларускай мове ў нас, на Навагрудчыне, а сустрэча прахо­дзіць менавіта ў бібліятэцы. У словах Біблія і бібліятэка – адзін корань. Бібліятэка – храм кнігі. Жывое слова кнігі нішто не заменіць. Божае слова мае вялікае значэнне для душы і сэрца кожнага чалавека, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.У 2017 годзе з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Рымска-Каталіцкі Касцёл у Беларусі падрыхтаваў першы поўны афіцыйны пераклад на беларускую мову кніг Новага Запавету. Прэзентаванае ў Навагрудку першае поўнае афіцыйнае рымска-каталіцкае выданне Новага Запавету ўжо было прадстаўлена ў сталіцы і ў шэрагу іншых гарадоў Беларусі і падрыхтавана Cекцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.Звяртаючыся да ўдзельнікаў прэзентацыі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што Каталіцкі Касцёл надае вельмі вялікую ўвагу Святому Пісанню, яго вывучэнню і выкарыстанню ў набажэнствах.– Мінулы 2017 год адметны не толькі святкаваннем 500-годдзя выдання Бібліі нашага першадрукара Францішка Скарыны, а і адначасовым выданнем першага афіцыйнага перакладу Новага Запавету на сучасную беларускую мову Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што з’яўляецца пацвярджэннем супольнага клопату нашых цэркваў пра духоўнае адраджэнне беларускага народа. Ужо адбыўся шэраг прэзентацый каталіцкага выдання Новага Запавету. Вельмі важна, што ў гэтым шэрагу таксама і старажытны Навагрудак, які ўвайшоў у нашую гісторыю як адзін з галоўных палітычных, культурных і рэлігійных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага, – сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – Выказваю надзею, што выданне Новага Запавету на беларускай мове і сённяшняя яго прэзентацыя будзе спрыяць лепшаму пазнанню Божага слова жыхарамі гэтага старажытнага і прыгожага горада.Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў падзяку ініцыятару мерапрыемства пробашчу Навагрудскай парафіі Святога Арханёла Міхала ксяндзу Юрыю Жэгарыну, кіраўніцтву раёна, дырэктару Навагрудскай раённай бібліятэкі Ірыне Царук за прадстаўленую магчымасць прэзентаваць выданне ў Навагрудку.Пра беларускія пераклады Святога Пісання (у розныя гады) у сваім дакла­дзе расказала доктар біблійных навук Марына Пашук.Пасля прэзентацыі Новага Запавету арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Дом-музей Адама Міцкевіча, а пазней узначаліў цэлебрацыю св. імшы ў навагрудскім касцёле Святога Арханёла Міхала.

    Теги: 
    • {Нет тегов}