Мастак малой радзімы

  • В. Пісар, Новае жыццё №97/2018 от 05 декабря 2018 12 декабря 2018 11:17 Калейдоскоп Беларуская

    У Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці на мінулым тыдні прайшоў творчы вечар і адкрыццё выстаўкі работ мастака Віктара Залаціліна.

    На працягу апошніх дваццаці гадоў жывапіс стаў для Віктара Залаціліна сэнсам усяго яго жыцця. Спачатку ён пісаў карціны выключна для сябе. Потым стаў прадаваць і дарыць іх.Работы мастака выкананы ў рэалістычным стылі. Першая персанальная выстаўка В. Залаціліна была арганізавана ў 2005 годзе ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. За гэты час прайшло больш чым 30 яго выставак  як на Навагрудчыне, так і ў Гродне, Мінску і іншых гарадах. Работы Віктара Залаціліна асаблівыя, яны напоўнены любоўю да малой ра­дзімы – вёскі Купіск. Менавіта сюды мастак вярнуўся са сталіцы, у край дзіцячых гадоў, мілейшага за які няма нічога на свеце.– Неяк прыехаў з Мінска адпачыць у родную вёску на месяц ці на два, а застаўся на ўсё жыццё. Мяне запрасілі падмя­ніць адпачынак настаўніка ў маёй роднай Купіскай школе. Аднак работа зацягнула на 4 гады, працаваў да закрыцця школы ў 2001 годзе. Вярнуўся ў Мінск. Пачаў пісаць карціны ў сталічнай кватэры, – расказаў аўтар падчас мерапрыемства. – Аднак зразумеў, што Мінск стаў для мяне чужым, там я не мог так пісаць, як ў родным Купіску. Ды і ўвогуле не мог жыць без роднай вёскі, роднага берага Нёмана.  Вярнуўся і пачаў актыўна пі­саць карціны. Мне пашанцавала, што менавіта на пачатку майго творчага шляху сустрэўся зямляк – мастак Канстанцін Качан, які падтрымаў мяне. А таксама словы ўдзячнасці адрасую сёння і дырэктару Дома-музея Адама Міцкевіча. Менавіта Мікалай Гайба прапанаваў арганізаваць выстаўку маіх карцін. Вось так усё і пачалося.Зараз колькасць работ Віктара Залаціліна складае больш як 400 карцін, большая іх частка знаходзіцца ў прыватных калекцыях. Дваццаць работ мастак перадаў у дар жыхарам горада Навагрудка. Карціны размешчаны ў фае раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ў любы час іх можа паглядзець кожны жадаючы.Шмат цёплых слоў падчас мерапрыемства адрасавалі Віктару Залаціліну госці: галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Жышко, мастак Канстанцін Качан, дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба і многія іншыя.Сустрэча прайшла ў цёплай абстаноўцы, падарыла прысутным магчымаць зносін з мастаком, аўтарам выдатных работ,  кожная карціна якога – асобны свет, напоўнены любоўю, цеплынёй, дабрынёй… Музычныя нумары падрыхтавалі навучэнцы Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў.

    Теги: 
    • {Нет тегов}