Ліцэісты – даследчыкі мінуўшчыны

  • В. Навагран, Новае жыццё №97/2018 от 05 декабря 2018 12 декабря 2018 11:19 Культура Беларуская

    – Гістарычная і культурная спадчына роднага краю, лёсы лю­дзей, якія тут жывуць,  – каштоўны патэнцыял для развіцця і фарміравання асобы, – упэўнена намеснік дырэктара УА «Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй» па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена  ГАЎРАШ.

    – Што значыць паняцце патрыятызму для сённяшняй мола­дзі? Як юнакі і дзяўчаты мо­гуць праявіць сваю грама­дзянскую пазіцыю? Не кожны здольны адкрыта заявіць: «Я люб­лю сваю Радзіму», ды гэта, відаць, і не трэба, – разважае Алена Гена­дзь­еўна. – Таму пры арганізацыі выхаваўчай работы ў дадзеным накірунку нам важна было стварыць умовы і сітуацыі, якія б дазвалялі навучэнцам праз рэалізацыю індывідуальных здольнасцей праяў­ляць свае патрыятычныя пачуцці. Адным з накірункаў такой работы стала праектна-даследчая дзейнасць. Тэмы даследавання былі выбраны з улікам інтарэсаў навучэнцаў і педагогаў. Праца ладзіцца, калі за яе бяруцца таленавітыя і захопленыя справай выхавання моладзі людзі. – Мы вельмі ўдзячныя выкладчыкам ліцэя – кіраўнікам даследчых работ Наталлі Стацэвіч, Галіне Таўлуй, Ірыне Жаўнерчык, Ірыне Двірнік, Ганне Дуньчык, – падкрэсліла Алена Гаўраш.Навагрудскі стройАдно з даследаванняў носіць назву «Беларускі нацыянальны касцюм – стройны вобраз Навагрудчыны» (кіраўнікі І. Жаўнерчык, І. Двірнік).– Народны касцюм – адно з найбольш каштоўных і самабытных складаемых мастацкай спадчыны любога народа, – расказвае Алена Гаўраш. – Гэта неабходны атрыбут пры вывучэнні этнічнай гісторыі рэгіёнаў, яго абрадаў і звычак. Менавіта вопратка дае ўяўленне аб традыцыйных рамёствах беларусаў – ткацтве, пляценні, вышыўцы.Перш, чым аднавіць народны касцюм навагрудчанкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, навучэнцы ліцэя наведаліся ў гістарычна-краязнаўчы музей, правялі экспедыцыі ў вёскі, дзе сустрэліся з мясцовымі старажыламі, пабывалі ў Нацыянальнай біблятэцы. Аказваецца, народны касцюм Панямоння мала вывучаны і звестак аб навагрудскім строі таксама недастаткова, – канстатуе намеснік дырэктара ліцэя. – Больш звестак існуе пра Палессе, Прыдняпроўе. На нашу ж мясцовасць істотны ўплыў аказвалі  краіны Заходняй Еўропы і Цэнтральны рэгіён. Таму навагрудскі строй мае свае адметнасці. У выніку даследавання ўдалося не толькі вызначыць, з якіх элементаў складаўся гэты ўбор, у чым яго адметнасць, але і сканструяваць і пашыць стылізаваны касцюм навагрудчанкі XIX – пачатку XX стагоддзя. Ён вылучаецца сваёй стройнасцю сілуэта і, як піша этнограф Павел Шпілеўскі, «жанчыны Навагрудскага павета больш фанабэрыстыя, чым астатнія жыхары Мінскай губерні».– Народны касцюм вельмі прыгожы, – прызнаецца навучэнка ліцэя Кацярына Лянцэвіч. – Мне падабаецца яго апранаць. Калі б можна было, нават на заняткі ў ім хадзіла б… А над праектам працаваць таксама цікава. Сустрэчы з людзьмі, іх расказы і ўспаміны – гэта проста здорава. З легендаў і паданняў былых пакаленняў…– Легенды і паданні ў навукова-даследчай літаратуры прадстаўлены як адзін з відаў народнай творчасці. Навучэнцы пад кіраўніцтвам Г.Э. Таўлуй  паспрабавалі супаставіць рэальныя гістарычныя падзеі са зместам легенд, каб вызначыць перыяд іх паяўлення, – працягвае Алена Генадзьеўна. – Аналіз легенд паказаў іх сувязь з гістарычна-храналагічнымі фактамі, а таксама з падзеямі, якія апісаны ў творах Адама Міцкевіча. Прыемна ўразіла, наколькі актыўна нашы навучэнцы ўключыліся ў даследчую работу.У выніку быў зняты відэаролік, які перадае сюжэт легенды пра ўзнікненне Навагрудка, зроблены малюнкі па сюжэтах легенд.– Я люблю гісторыю, і мне хацелася даведацца больш пра Навагрудак, – гаворыць навучэнец ліцэя Аляксандр Журко. – Было вельмі цікава супастаўляць па­дзеі, якія адбываліся ў старажытнасці, з цяперашнім часам.Святло папяровых карункаўВыцінанка-выбіванка – не­звычайнае рамяство, якое з’яўляецца своеасаблівым брэндам Навагрудчыны. У 2014 годзе навагрудская выцінанка-выбіванка была ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэты від прыгожага і старажытнага рамяства зацікавіў і навучэнцаў Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.– Выцінанка – ажурны ўзор, які калісьці адмысловым спосабам выразалі з паперы і ўпрыгожвалі ім сваё жыллё нашы продкі, – звяртае ўвагу Алена Гаўраш. – Навучэнцы даведаліся, што ў Навагрудскім раёне старажытнае рамяство аднавіла майстар Ніна Шурак. Яе традыцыю працягвае дырэктар Цэнтра рамёстваў Наталля Клімко, з якой і сустрэліся кіраўнік даследчай работы Н.А. Стацэвіч і ўдзельнікі даследавання. Наталля Клімко правяла  шэраг майстар-класаў. Таксама была даследавана ўся гісторыя выцінанкі і аказалася, што першапачаткова яна нарадзілася ў старажытным Кітаі, а на Навагрудчыне мела свае адметнасці: тоўстая папера, асаблівыя інструменты. Сёння гэты ўзор папулярны ў дызайнераў: так, білеты на ІІ Еўрапейскія гульні аформлены ў стылі выцінанкі. Алена Генадзьеўна адзначыла, што рабяты не толькі пазнаёмліся з самабытным відам выцінанкі-выбіванкі, але і навучыліся тэхніцы яе выканання. На навукова-практычнай канферэнцыі для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі «Ад вытокаў да дабрыні. Адраджэнне рамёстваў», якая ў лістападзе праходзіла ў Гродне, ліцэіст Аляксей Уласовіч літаральна пакарыў усіх сваім майстэрствам выцінанкі-выбіванкі. Да слова, на гэтай канферэнцыі работы навагрудскіх ліцэістаў былі адзначаны двума дыпломамі ІІ ступені.Тэма развіцця рамёстваў на Навагрудчыне ад старажытнасці да нашых дзён даследавалася і раней навучэнцамі пад кіраўніцтвам Н.А. Стацэвіч. Вынікам гэтай працы стала выхаваўчая гадзіна ў форме творчай майстэрні, бо вельмі важным з’яўляецца і папулярызацыя вынікаў краязнаўчых даследаванняў.– Мы расказалі толькі аб трох праектах, рэалізаваных нашымі навучэнцамі. На самой справе іх намнога больш, – падсумоўвае Алена Гаўраш. 

    Теги: 
    • {Нет тегов}