Мы славім тых, хто прысвяціў сябе зямлі

  • Алеся Ячычэнка, Хойникские новости 24 ноября 2018 8 стр от 24 ноября 2018 Скачать номер 12 декабря 2018 16:15 Культура Беларуская

    У Цэнтры культуры г. Хойнікі прайшло раённае свята «Дажынкі» пад агульным дэвізам «З любоўю да людзей і зямлі». У глядацкай зале сабраліся галоўныя дзеючыя асобы прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці. А ў фае культурнай установы раскінуліся яркія і багатыя выставы вырабаў ручной работы, тавараў мясцовых прадпрыемстваў, кандытарскіх далікатэсаў і прэзентацыя сыру ад Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Мілкавіта».

    Кожную восень вынікам цяжкай, але плённай работы становіцца раённы каравай, складзены з поспехаў і выкананых задач калектываў сельгаспрадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак і прадпрыемства пераапрацоўкі. Гэты сімвалічны каравай на сцэне ўручылі старшыні райвыканкама Анатолію Уладзіміравічу Бандарэнку. Пазней святочны хлеб заняў сваё месца ў шэрагу духмяных хлябоў – па колькасці гаспадарак з надпісамі кожнага прадпрыемства. Яны сталі візітнай карткай і своеасаблівым вынікам працы района.

    У пачатку ўрачыстага мерапрыемства Анатолій Уладзіміравіч агучыў асноўныя паказчыкі, якіх сёлета атрымалася дасягнуць хойніцкім аграрыям у галінах раслінаводства і жывёлагадоўлі. Кіраўнік раёна засяродзіў сваю ўвагу на тым, што варта ставіць перад сабой яшчэ большыя мэты і імкнуцца да іх. Зрабіць гэта дазваляюць шматлікія рэсурсы, у тым ліку нашы працавітыя людзі, якія шчыруюць у такой няпростай галіне.

    Усе агучаныя поспехі – безумоўная заслуга людзей, якія вырасцілі хлеб – кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, якія граматна арганізавалі працэс уборкі збожжа, экіпажаў камбайнераў, якія абмалацілі яго, вадзіцеляў, занятых на яго адвозцы, аператараў, якія былі задзейнічаныя на зернесушыльных комплексах.

    Свята «Дажынкі» – добрая нагода выказаць шчырую падзяку тым, хто працуе ў аграрнай сферы, ствараючы нацыянальнае багацце і забяспечваючы харчовую бяспеку краіны. У адрас работнікаў сельгаспрадпрыемстваў прагучалі словы падзякі за добрасумленную працу. Урачыста агучылі тыя гаспадаркі раёна, якія дасягнулі найлепшых вынікаў па адпаведных паказчыках – першае месца заняла КСУП «Веляцін», другое – ААТ «Хойніцкі Аграсервіс», трэцяе – КСУП «Судкова». Кіраўнікі гэтых гаспадарак атрымалі з рук старшыні райвыканкама Ганаровыя граматы, ганаровыя стужкі і грашовыя прэміі – 25, 20 і 15 базавых велічынь адпаведна.

    Следам на сцэну за заслужанай узнагародай падымаліся лепшыя з лепшых у сваёй справе. Акрамя старшыні райвыканкама, іх віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Віктараўна Бондар, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жанна Яўгеньеўна Бажок, старшыні раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў – Беларускага саюза жанчын, «Белая Русь», арганізацый прафсаюзаў і БРСМ.

    Дарэчы, сёлета ў наш раён прыехалі на сваё першае рабочае месца ў сельгаспрадпрыемствы 9 маладых спецыялістаў. Іх пад гучныя апладысменты сустракалі на сцэне, першы сакратар райкама маладзёжнай арганізацыі Л.А. Гаркуша пажадала праявіць свае лепшыя здольнасці ў рабоце і ўручыла на памяць невялікія падарункі.

    Усіх перадавікоў ушаноўвалі не толькі шчырымі віншаваннямі, але і творчымі выступленнямі. Для галоўных герояў урачыстасці выконвалі запальваючыя песні ансамблі «Крыніца» і «Верасок» дзіцячай школы мастацтваў, калектывы эстраднага танца «Драйв» і «Каскад» ЦТДіМ, самыя маленькія спевакі і танцоры з дзіцячых садкоў, а таксама нашы любімыя артысты мастацкай самадзейнасці раёна.

    У цёплай і добразычлівай атмасферы прайшло раённае свята «Дажынкі-2018». На развітанне вядучыя пажадалі ўсім прысутным і надалей высокіх вынікаў работы, годных прыбыткаў і простага чалавечага шчасця.