Тонкі лёд, ці Камікадзэ – гэта не з камедыі

  • Вольга БАРАДЗІНА, Ляхавіцкі веснік №95 от 12 декабря 2018 13 декабря 2018 22:58 Общество Беларуская

    Нядзеля. Снежань. Не мароз і не завеі. Тэрмометр паказвае плюс тры, дагэтуль таксама плюсавала. Мост праз раку, як «дзяржаўная мяжа» паміж восенню і зімой: з аднаго боку, рыначнага, лёд, нават лядок, пакрыты месцамі вадой; з другога, што суседствуе з аўтастанцыяй, – хуткая плынь на працягу дзясятка-другога метраў. А далей і ў адным, і ў супрацьлеглым напрамках удзельнікі атракцыёна небывалай легкадумнасці застылі над лункамі ў прывычных позах. І ніякімі аргументамі наконт небяспечнасці тонкага лёду не дастукацца да іх здаровага сэнсу. Гэты сэнс, мусіць, сарваўся з кручка і пайшоў на дно рачулкі. Між іншым, Ведзьмы…

    Бяру пад язык валідол. І працягваю назіраць за экстрэмаламі. Карціна не для слабанервовых. Вы ўжо здагадаліся, што гаворка пра рыбакоў. Паважаю людзей зацікаўленых, у добрым сэнсе фанатаў сваіх захапленняў. Яны могуць многае ў тым хобі, да якога прыкіпелі душой: расці, самаўдасканальвацца, адточваць свае навыкі да віртуознасці, радавацца выніку і радаваць гэтым вынікам іншых. Што датычыць рыбаловаў, то гэта, бясспрэчна, зусім асаблівая каста, супольнасць, калі хочаце, лад жыцця. Больш анекдотаў, чым пра іх, складзена хіба што пра паляўнічых і пра мужа, які вярнуўся з камандзіроўкі.

    Мая вуліца цягнецца ўздоўж ракі. І я круглы год, у любы сезон, маю магчымасць бачыць, як з адухоўленымі тварамі, укамплектаваныя шматлікімі прыладамі, рушаць да спакуслівага берага сталыя мужчыны, маладыя людзі, зусім юнакі і нават хлапчукі. Яны гадзінамі ў рыбалоўнай нірване, не стамляюцца сачыць за паплаўком, ім не надакучвае гэты занятак, не стамляе. Калі пашанцуе, вяртаюцца з уловам… няхай нават для ката. Мусіць, гэта той выпадак, калі не так важна што ў выніку, як сам працэс.

    А пагаварыце з жонкай рыбака… О, плач Яраслаўны ў параўнанні з тым, што пачуеце, – мажорная песня. Асабліва, калі размова адбываецца ў сезон тонкага лёду, нетрывалага, каварнага – страшнага, як, напрыклад, у мінулыя выхадныя. Яна пераканана, што ён рызыкуе не толькі ўласным жыццём, але і шчасцем усёй сям’і. Ён – што яна істэрыць, надумвае небяспеку там, дзе яе няма, таму што проста не можа быць. Адным словам, галава сям’і выступае супраць шыі. А ў выніку існуе верагоднасць – на жаль, на бяду – шыі застацца без галавы. І такія апасенні небеспадстаўныя.

    Колькі эфірнага часу траціцца на перасцярогі для ліхачоў усіх масцей і ўсіх напрамкаў; колькі «выратавальных» артыкулаў і сюжэтаў у сродках масавай інфармацыі тлумачаць, папярэджваюць, заклікаюць: не трэба легкадумства, не трэба ліхацтва, не трэба рызыкі там, дзе існуе патэнцыяльная небяспека для жыцця. А тонкі лёд, і наогул лёд, такі непрадказальны, а можа, наадварот, прадказальна-каварны. Гуляць у даганялкі з небяспекай? Дзіцячы капрыз у выкананні дарослых. Дарэчы, менавіта дарослыя паказваюць прыклад дзецям. Вельмі трывала ў свядомасці падлетка адбіваецца клішэ паводзін, у тым ліку калі гэта клішэ адлюстроўвае нічым не апраўданы экстрым.

    Штогод летняя вада не даруе панібрацкіх адносін занадта смелым адпачываючым. Штогод зімовыя вадаёмы аб’яўляюць байкот тым, хто ігнаруе іх законы. На жаль, у гэты зімовы сезон на самым яго пачатку без трагедый не абышлося. Вось такая се ля ві.

    І ўсё ж… Рыбалка – гэта здорава! Рыбалка – гэта і хобі, і спорт, вольны час на свежым паветры, выдатны адпачынак. Застаецца яшчэ раз напомніць абавязковую ўмову, пры якой усё гэта адпавядае рэчаіснасці, – без рызыкі. Жыццё –  галоўная каштоўнасць, і яно даецца ўсяго адзін раз. Давайце скарыстаем класічны выраз і ў гэтым кантэксце. Яно таго вартае.

    «Ляхавіцкі веснік»

    P.S. Калі хто запамятаваў, то патлумачу: словам камікадзэ ў Японіі ў час Другой сусветнай вайны называлі лётчыкаў-смертнікаў.