Прыгажосць, створаная рукамі Ядзвігі Лукашэвіч

  • Святлана Ганчарова, Бераставіцкая газета №93 от 24 ноября 2018 Скачать номер 14 декабря 2018 08:31 Культура Беларуская

    Ажурныя сурвэткі і абрусы, вышытыя падушкі, саматканыя дываны, посцілкі і палавікі Ядзвігі Лукашэвіч з вёскі Муравана Бераставіцкага раёна ўтвараюць адзінае цэлае з інтэр’ерам яе ўтульнай хаткі  і надаюць пакоям характэрны для вясковага побыту сярэдзіны дваццатага стагоддзя каларыт. Дзеці, унукі і праўнукі Ядзвігі Стэфанаўны любяць бываць тут, пасля мітуслівага гарадскога жыцця трапляць у атмасферу спакою і размеранасці, дзе кожная рэч, кожны прадмет у роднай бацькоўскай хаце навявае ўспаміны  дзяцінства,  і дзе  адпачывае душа.  Тут іх малая радзіма, тут месца сілы і тут жыве матуля, якая сёлета адзначыла 90-гадовы юбілей.

    Самаробная мэбля, тэкстыль ручной работы, прадметы дэкору – модныя веянні быццам не закранулі гэты дом. 

    – Мы спецыяльна захоўваем такі выгляд пакояў, – расказвае дачка  Ганна Багумілаўна, якая прыехала з Калінінграда. – Па-першае, у гэтым ёсць свая адметнасць. Па-другое, гэта прыгожа. Па-трэцяе, гэта павага да карпатлівай работы нашай матулі. А для маладога пакалення нашай сям’і тут сапраўдны музей рамёстваў, жывая гісторыя вясковага побыту.

    І праўда. Я быццам трапіла ў этнаграфічны куток з музейнымі экспанатамі. Дабротная драўляная шафа захавалася  яшчэ з той пары, калі ў маладой сям’і Лукашэвічаў з’явілася першае жыллё – у Мураване. Ядзвіга Стэфанаўна з вёскі Калеснікі, яе муж Багуміл – з Парэчча.  Многія прадметы мэблі Багуміл Лявонцьевіч рабіў сам. Яны таксама з любоўю захоўваюцца, і хоць самога гаспадара ўжо больш за дваццаць гадоў няма на гэтым свеце, у сям’і працягваюць называць  майстэрню дзядулевай.Этажэрка, жалезны ложак з пярынай і падушкамі, стол з фотаздымкамі і дарагімі сэрцу рэчамі, швейная машынка, дыван, крэслы – уся мэбля аздоблена прыгожымі сурвэткамі, абрусамі, посцілкамі, створанымі рукамі Ядзвігі Стэфанаўны.

    – Я вельмі любіла вязаць кручком, пруткамі, – успамінае жанчына. – І не толькі самае неабходнае ў побыце, а проста прыгожыя рэчы. Чаго толькі не давялося вязаць! Сурвэткі, дарожкі, навалачкі на падушкі, камізэлькі, кофты, спадніцы,  касцюмы, шапкі, хусткі і шалі, каўнерыкі для школьнай формы.  Вышывала, шыла і ткала. Для сваёй сям’і і для іншых, хто прасіў. Рамяству вучылася ў маці – ад яе яшчэ цэлы куфар вышываных і тканых рэчаў засталося. Узоры прыдумвала самастойна…

    І калі толькі ўсё паспявала? Трэба было гадаваць дзяцей – а іх у Ядзвігі Стэфанаўны чацвёра – сын Іван, дочкі Ганна, Марыя і Алена – завіхацца па гаспадарцы, падтрымліваць ідэальны парадак і чысціню ў доме, працаваць. Але кожную вольную хвіліну Ядзвіга Стэфанаўна аддавала свайму захапленню. Сваіх дзяцей яны разам з мужам выхавалі годнымі людзьмі, якія атрымалі выдатную адукацыю і адбыліся ў прафесіі.

    – Мама – вельмі веруючы чалавек, і нас выхавала такімі, – гаворыць Ганна Багумілаўна. – Яна вучыла быць шчырымі, адкрытымі, жыць згодна з божымі запаветамі. Вучыла на ўласным прыкладзе. Многае  мы перанялі  ад яе – ад галоўных прынцыпаў жыццёвай мудрасці да сямейных асаблівасцей святочных традыцый. Ядзвіга Стэфанаўна ўсё жыццё адпрацавала вахцёрам у мураванскім вучылішчы, Багуміл Лявонцьевіч – там жа, загадчыкам гаспадаркі. Дарэчы, на 90-годдзе ў калектыве не забылі пра былую работніцу. Дырэктар Эдуард Карвацкі і старшыня Алекшыцкага сельсавета Віталій Галавач  прыязджалі да Ядзвігі Стэфанаўны з віншаваннямі.  У цёплы майскі дзень на юбілей да любай матулі і бабулі сабралася амаль уся яе вялікая сям’я. У жанчыны васьмёра ўнукаў і ўжо дзевяць праўнукаў. 

    –  Усіх нас цягне дадому, – гаворыць Ганна Багумілаўна, – асабліва тых, хто жыве за межамі Беларусі – я ў Калінінградзе, сястра  ў Санкт-Пецярбургу. Мы часта бываем на радзіме, а цяпер прыязджаем  яшчэ часцей, паколькі ў мамы здароўе ўжо не тое, і за ёй патрэбны догляд. І словы з вядомай песні «Каб любіць Беларусь нашу мілую, Трэба ў розных краях пабываць...» для мяне з гадамі набылі глыбокі сэнс і заўсёды выклікаюць слёзы настальгіі і любові да малой радзімы і роднага дома. Фота аўтара