Лунненскія пачастункі і гасціннасць

  • Станіслаў Звяровіч, Зара над Нёманам №100 от 15 декабря 2018 17 декабря 2018 11:26 Культура Беларуская

    У аграгадку Лунна адбылося традыцыйнае брэндавае свята, прысвечанае нацыянальнай беларускай  кухні. У ім прынялі удзел, акрамя лунненскіх артыстаў, творчыя калектывы  з Гудзевіч і Глядавіч.

    Даводзілася дзівіцца: якая ж багатая наша нацыянальная кухня, колькі розных страў можна прыгатаваць з мяса, мукі, бульбы, гародніны, усяго таго, чым традыцыйна багатая вёска. Мясцовыя жыхаркі з любоўю і майстэрствам зварылі, падсмажылі, выпеклі свае любімыя пачастункі і прынеслі іх на свята. У фае Дома культуры, дзе стаялі прысмакі, палілася  імправізаваная сялянская печ, зіхацела ўсімі колерамі вясёлкі навагодняя ёлка. Гучала музыка, ва ўсіх быў добры настрой.

    Свята было падобна на фестываль: столькі сюды прыехала артыстаў! А з якімі цікавымі, народнымі праграмамі яны выступілі! І ўсё з сялянскага жыцця, усё тое, што добра вядома  кожнаму вяскоўцу з маленства.

    Ну а самыя лепшыя прысмакі заўсёды прапануюцца   на свята, на Новы год. Ужо зараз гаспадыні рыхтуюцца да яго, прыкідваюць, што і як будуць выпякаць. Лунненскія жыхаркі А.Матчэня, А.Якубеня, В.Мелех, А.Савіцкая, С.Раманоўская, В.Астравумава, К.Барадаўка і іншыя ў гэтыя перадсвяточныя дні прыгатавалі дранікі, клёцкі з мясам, піражкі з капустай, налістнікі з грыбамі, хвораст і шмат якое іншае печыва. Кожная іх страва магла упрыгожыць навагодні стол. Упрыгожылі яны і выстаўку.

    Пра беларускую хлебасольнасць, пра тое, чым у мінулым  і зараз частуюць лунненскія жыхары сваіх дарагіх гасцей і якія стравы рыхтуюць на штодзень, ішла размова на свяце. Гудзевіцкія артысты правялі шумны і вясёлы  тэатралізаваны кірмаш. Вядучыя Лявоніха і Сымоніха прапаноўвалі гульні-забаўлянкі, розныя конкурсы і загадкі, у якіх ахвотна ўдзельнічалі ўсе прысутныя. Яны сабіралі яйкі  і “садзілі квактуху”, капалі бульбу і чысцілі яе, пілі духмяны чай з прысмакамі, а пераможцы ў якасці ўзнагароды атрымлівалі абаранкі. Зацікавілі прысутных рознымі кулінарнымі конкурсамі і лунненскія артысты. Вядучая Вольга Мелех як сапраўдная гаспадыня вітала гасцей, частавала іх, узнагароджвала пераможцаў розных конкурсаў. Добрай песняй і цікавай жартоўнай гісторыяй парадавала прысутных А.Вілінская з Глядавіч. Артысты і прысутныя спявалі, танцавалі, цікава праводзілі свой вольны час. У зале не было ніводнага чалавека, хто не прыняў бы ўдзелу ў якім-небудзь конкурсе. Ахвотна удзельнічалі ў іх нават людзі старэйшага пакалення.

    І яшчэ адна цікавая выстава ўпрыгожыла свята ў гэты дзень: клуб пажылых людзей “Залаты ўзрост” прапанаваў свае работы. Прысутныя палюбаваліся вышыўкай і рознымі вырабамі Л.Цвёрдай, І.Канстанчук, А.Казак, А.Якубені, Т.Нагорнай, А.Барадаўка, Т.Бенаш, М.Астравумавай, А.Бобча і іншых майстрых. Аказалася, што лунненскія жанчыны і да выпечкі  спраўныя і да мастацтва таксама.

    У канцы свята ўсіх прысутных гаспадары пачаставалі прысмакамі з кулінарнай выставы. Людзі ацанілі іх вельмі высока і нават папрасілі падзяліцца рэцэптамі.

    На мерапрыемстве прысутнічала загадчык  сектара культуры  райвыканкама А. Палуйчык. Мы папрасілі яе падзяліцца ўражаннямі ад свята.

    — Гэта было апошняе брэндавае мерапрыемства гэтага года ў Мастоўскім раёне, — сказала Анастасія Валерьеўна. — Нашы артысты ў Лунна паказалі ўсе тое лепшае, чаго дасягнулі за год. Свята прайшло займальна, цікава, на адным дыханні, вельмі карысна для ўсіх, хто ў ім прымаў удзел. Было бачна, як узрасло прафесійнае майстэрства работнікаў культуры за апошні час.

    С.ЗВЯРОВІЧ

    Фота аўтара

    Теги: 
    • {Нет тегов}