Добраўпарадкаванне не толькі для сябе, але і для будучыні

  • Алеся Ячычэнка, Хойникские новости 8 декабря 2018 4 стр от 08 декабря 2018 Скачать номер 19 декабря 2018 08:02 Калейдоскоп Беларуская

    Кожнаму варта не толькі ўспомніць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтай зямлі. Галоўнае, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветніцкай, творчай – хто як можа і хто колькі можа.

    Адбылося пасяджэнне Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні Г.В. Бондар. Удзел у пасяджэнні прыняў намеснік старшыні райвыканкама А.П. Гура. 

    На абмеркаванне запланаваных пытанняў – аб праводзімай рабоце па добраўпарадкаванню тэрыторый нашага раёна і інфармаванні насельніцтва ў рамках бягучага Года малой радзімы – былі запрошаны ўпаўнаважаныя горада, прадстаўнікі грамадскасці і юныя ўдзельнікі маладзёжнага парламенту, які створаны пры райсавеце.

    Пры падрыхтоўцы пытанняў для разгледжання рабочая група ў складзе дэпутатаў райсавета вывучала стан добраўпарадкавання ў горадзе і сельсаветах. Заслуханы справаздачы адказных работнікаў раённых служб – землеўпарадкавальнай, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела архітэктуры і будаўніцтва. Начальніку землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А.А. Маліноўскаму рэкамендавана больш скрупулёзна падысці да праблемы добраўпарадкавання тэрыторый, асабліва ўвядзення невыкарыстоўваемых зямель у сельгасзварот, быць больш настойлівым у давядзенні гэтых спраў да патрэбнага выніку. Такіх жа метадаў варта прытрымлівацца і галоўнаму архітэктару І.М. Акуленку ў сваёй рабоце – прыйшоў час для строгіх мер у бок тых кіраўнікоў мясцовых арганізацый, якія несур’ёзна адносяцца да грамадскай дзейнасці, тым больш такой важнай, як годны знешні выгляд нашых родных мясцін.

    Як падкрэсліла ў пачатку пасяджэння Галіна Віктараўна, на жаль знаходзяцца яшчэ такія кіраўнікі прадпрыемстваў раёна, якія так і не палічылі важным выйсці на ўборку замацаванай за калектывам тэрыторыі са сваімі работнікамі. Хаця гэта самае простае, што можа зрабіць мясцовы жыхар дзеля малой радзімы якраз у тэматычны год.

    – У нас ёсць выразныя прыклады, калі землякі сабраліся і зрабілі агульную карысную справу на сваёй малой радзіме – у вёсках Амелькаўшчына, Рашаў, Людвін, – адзначыла Г.В. Бондар. – Прычым гэта тыя грамадзяне, якія даўно не жывуць на Хойнікшчыне. І мясцовыя жыхары добраўпарадкоўваюць свае падворкі, аднаўляюць агароджы. Словам, зроблена нямала карыснага. Лепей і лепей становіцца знешні выгляд гарадскіх і вясковых вуліц. Нашы людзі ўпрыгожваюць не толькі тэрыторыю свайго двара шыкоўнымі кветкамі, выходзяць па-за межы плота, высаджваюць каля дарогі яркія расліны. Ёсць прыклады і ў горадзе, калі жыхары дамоў ствараюць такую прыгажосць. Пабольш бы такіх адказных людзей.

    Таму старшыня райсавета дэпутатаў засяродзіла ўвагу ўпаўнаважаных горада на маштабнай рабоце сярод сваіх суседзяў. Не абавязкова шукаць сродкі, каб паставіць дарагую агароджу з металапрофілю. Але варта па-творчаму падысці да справы, ёсць жа трапныя прыклады гэтаму.

    Яшчэ аб адной праблеме гаварылася на пасяджэнні: засілле «мёртвых» кветак на могілках. Штогод кожная сям’я імкнецца напярэдадні Радаўніцы аднавіць кветкавыя ўпрыгожанні на могілках, але ж ніхто не звяртае ўвагі на тое, колькі смецця вывозяць камунальшчыкі пасля такіх суботнікаў. Нельга забывацца, што пластык, з якога зроблены штучныя кветкі, па 200 гадоў не распадаецца. Набліжаецца сапраўдная экалагічная праблема, і мы самі толькі паскараем яе склаўшайся традыцыяй.

    Праблема добраўпарадкавання тэрыторый застаецца важнай справай. Дзякуючы непасрэднаму ўдзелу і саміх дэпутатаў робіцца нямала – народныя абраннікі знаходзяць час і сродкі, каб хаця на невялікім участку навесці ўзорны парадак. А чаму б жыхарам, напрыклад, некалькіх шматкватэрных дамоў не сабрацца і арганізаваць сваімі сіламі агульныя пляцоўкі. Тое, што зроблена ўласнымі рукамі, потым і цэніцца вышэй.

    Пастаянныя камісіі райсавета правялі маніторынг добраўпарадкавання на тэрыторыі горада, а таксама па ўтрыманні пад’ездаў і дваравых тэрыторый, і ў сельсаветах, падвялі вынікі гэтай работы на пасяджэнні. Адзначаны як станоўчыя, так і негатыўныя моманты. Апошніх атрымалася менш, яны адрасаваліся камунальнай службе. У прыватнасці, рэкамендавана больш увагі накіраваць на работу камунальшчыкаў з насельніцтвам, асабліва на ўтрыманне парадку ў пад’ездах. Асабліва крыўдна за стан лесвічных пляцовак у новабудоўлях з так званым сацыяльным жыллём. У якім жудасным стане там часам месцы агульнага карыстання! Знаходзяцца адказныя людзі, якія падтрымліваюць парадак, але ж астатнія не цэняць укладзеных бюджэтных сродкаў і працы сваіх жа землякоў.  

    Вынікі адназначныя: трэба больш цесна супрацоўнічаць з адказнымі службамі і шукаць падтрымку ва ўраджэнцаў нашага раёна, якія пакуль што маюць дастаткова прагматычную пазіцыю, маўляў, на малой радзіме абавязаны зрабіць умовы. Але ж пытанне ў адваротны адрас: што самі гэтыя землякі могуць прапанаваць? Хаця б сімвалічную дапамогу роднай вёсцы ці гарадской вуліцы.

    Трэба падключаць да гэтага і нашых славутых хайнічан, якія рэалізаваліся ў творчай ці прамысловай галіне і добра знаёмыя на ўсю краіну. Першыя крокі ў гэтым напрамку зрабілі, але ёсць яшчэ вялікі патэнцыял. Гэта адрасавала Г.В. Бондар начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н.У. Ешчанка, якая зачытала справаздачу аб праводзімым інфармаванні насельніцва ў  рамках Года малой радзімы.

    Усім службам яшчэ ёсць над чым папрацаваць ў заяўленых пытаннях. У ходзе пасяджэння прынята адпаведнае рашэнне, яго выкананне ўзята на кантроль.

    Теги: