Красота без дизайнера, или Как у Анастасии Ивановны цветы под снегом цветут

  • Кацярына Пашкевіч, Раённыя будні №64 (10116) от 25 августа 2018 19 декабря 2018 14:33 Сад и огород Беларуская

    — Ой, ну, зноў вы прыехалі, калі ў мяне ўжо ўсё адцвіло, — усклікае Анастасія Іванаўна Мацько з Вялікіх Якавіч і запрашае на свой двор, які літаральна патанае ў кветках. Анастасію Іванаўну добра ведаюць у акрузе, знаёма яна і з карэспандэнтамі “раёнкі”. Справа ў тым, што яе муж доўгія гады быў старастам вёскі, а яна, як верная паплечніца, дапамагала яму вырашаць праблемы аднавяскоўцаў. Гэтай зімой Яўгена Васільевіча не стала…

    — Прызнацца, пасля смерці мужа я была ў страшэннай дэпрэсіі… Не паверыце, але гэта кветкі дапамаглі мне вярнуцца да звычайнага жыцця. Першыя пачынаюць у мяне квітнець, калі яшчэ снег ляжыць. Вось і я з кожнай кветкай набіралася сіл.

    Анастасія Іванаўна прызнаецца, што муж напачатку быў супраць яе захаплення. Ён не ўспрымаў занятак усур’ёз, але чым больш колераў упрыгожвала двор, тым з большай павагай ён ставіўся да жончынага хобі.

    — Бывае, едзем па горадзе на веласіпедах, а Жэня ўбачыць кветнік, спыніцца і кажа: “Надзя, глядзі, такога ў цябе яшчэ няма!”

    — Надзя? — здзіўляюся я, бо ўвесь час называла сваю суразмоўцу Анаста-сіяй Іванаўнай.

    — Дык мяне як Надзю ўсе і ведаюць, — смяецца Надзея-Анастасія. — Я і сама даведалася, што ў дакументах я Насця, толькі калі ў піянеры мяне прымалі. У маіх бацькоў да мяне было двое дзетак, якія памерлі маленькімі, і старыя людзі параілі наступнае дзіця назваць у гонар бацькоў. Вось і далі мне маміна імя — Анастасія, а, каб не блытацца, дома заўсёды звалі Надзейкай.

    Анастасія Іванаўна прызнаецца, што кветкі прыводзілі яе ў захапленне, сколькі яна сябе памятае. Але пакуль дзеці былі малымі, а пасля вучыліся, уся свабодная зямля на ўчастку была адведзена пад агарод. А калі дзве дачкі і сын пачалі жыць самастойна, абзавяліся сваімі сем’ямі, жанчына змагла ўзяць перадышку і зрабіць тое, аб чым марыла ўсё жыццё.

    — Спачатку я заказвала насенне па каталогах, купляла ў гандлёвых кропках, а з часам у мяне з’явілася такое шырокае кола аднадумцаў, што мы і сёння абменьваемся кветкамі адзін з адным. Шчыра кажучы, мне б дызайнера сюды, каб па-майстэрску ўладкаваць усю гэтую прыгажосць! Я ж як пасадзіла першыя кветкі туды, дзе месца было, так і зараз раблю. Дарэчы, нікога да іх не дапускаю. У мяне ж першыя кветкі яшчэ з-пад снегу квітнеюць, а апошнія — да першых маразоў. І толькі я ведаю, што ў мяне дзе расце. Калі дзеці жадаюць мне дапамагчы, то дазвол атрымліваюць толькі на агарод.

    — У Вас яшчэ і агарод ёсць?—працягваю здзіўляцца я.

    — А як жа! – адказвае Анастасія Іванаўна і вядзе мяне на экскурсію. – У мінулым годзе ў газеце быў надрукаваны здымак майго памідора-рэкардсмена, сёлета я ім не дазволіла расці да такіх памераў. А вось, глядзіце, якую я цыбулю з насення выгадавала.Кавуны сёлета ўрадзілі, ажыны, ураджай вінаграду чакаю. Прызнацца, у гэтым годзе я вінаватая перад сваімі кветкамі… Пасля смерці мужа зда-роўе маё пахіснулася, больш стала ўвагі звяртаць на свае хваробы, расклеілася я. Сяброўка паглядзела на мяне і пастанавіла: паедзем у лес. І вось я паўтара месяца езджу з ёй у чарніцы. Ад ляснога паветра, здаецца, і гіпертанія мая некуды знікла, і калені балець перасталі.

    — Анастасія Іванаўна, а якая ў Вас любімая кветка?

    — Я іх усе люблю! Больш за ўсё ў мяне лілей — звыш 50 сартоў, шмат гладыёлусаў, некалькі відаў клематысаў. Калі яны цвітуць, ля маёй хаты машыны спыняюцца і людзі на іх фоне фатаграфуюцца. Усе мае ружы выгадаваны з чаранкоў, таму і да іх асаблівая любоў.Ёсць нават невялічкая пляцоўка з мохам, на якім вельмі ж любіць пастаяць мая праўнучка. Галоўнае для мяне, што мой двор квітнее ўвесь час, з невялікім перапынкам на зіму. Таму кожную кветку я люблю ў той час, калі яна дорыць прыгажосць.

    Кацярына Пашкевіч. Сяргей Талашкевіч (фота).