У сяброўскай атмасферы

  • Надзея БАТАЛКА, Прамень № 95 (10 338) от 19 декабря 2018 20 декабря 2018 15:07 Общество Беларуская

    Ушанаванне маладых лідараў уборачнай кампаніі па выніках абласной акцыі «Маладая Міншчына – за ўраджай!» адбылося на базе сталічнага боўлінг-цэнтра Madison.

     Ад нашага раёна на мерапрыемства былі запрошаны пераможцы сёлетняга жніва – экіпаж камбайнераў у складзе Максіма Паплаўскага і Кацярыны Стралковіч з ААТ «Вішнявецкі-агра» і  вадзіцель Віктар Жышка з ААТ «Вялікі Двор». Маладых пераможцаў жніва шчыра віталі, выказвалі ім словы падзякі за плённую працу старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода, першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Кірыл Шык. Героі ўборачнай кампаніі атрымалі дыпломы і заслужаныя прэміі.

    У нефармальнай абстаноўцы для маладых людзей быў праведзены рэгіянальны турнір па боўлінгу, які сабраў 22 каманды – усяго 66 маладых камбайнераў, вадзіцеляў і механізатараў. У склад каманд увайшлі і прадстаўнікі раённых адпаведных структур, ад нашага – старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч і першы сакратар райкама ГА БРСМ" Анастасія Калодзінская. На пляцоўцы падчас спаборніцтваў панавалі спартыўны азарт і сяброўская атмасфера. Самай трапнай стала каманда Валожынскага раёна, якая і перамагла. Яе ўдзельнікам былі ўручаны пераходны кубак і граматы. Другое месца заняла каманда Мінскага раёна, трэцяе – Дзяржынскага.

    Арганізатарамі акцыі, якая праводзілася для стымулявання працоўнай дзейнасці моладзі і падняцця прэстыжу работнікаў сельскай гаспадаркі, па традыцыі выступілі абласная арганізацыя ГА «БРСМ», абласное аб'яднанне прафсаюзаў і абласная  арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

    Теги: 
    • {Нет тегов}