Абараняць Радзіму вучаць і дзяўчат

  • Таццяна ПЯТКЕВІЧ, Прамень № 95 (10 338) от 19 декабря 2018 20 декабря 2018 15:09 Общество Беларуская

    У раённым Цэнтры культуры прайшла сустрэча вучняў 9-11 класаў школ раёна з прадстаўніком Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

    У сучасным шматпалярным свеце атрымаць прафесію ваеннага – не толькі прэстыжна. Гэта запатрабаваная работа і надзвычай адказная, таму што накіравана на ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы абароны, падтрыманне боегатоўнасці Узброеных Сіл краіны. У Ваеннай акадэміі рыхтуюць спецыялістаў, якія гатовы выконваць складаныя задачы і граматна адказваць на выклікі часу.

    Са старшакласнікамі сустрэўся загадчык кафедры зенітна-ракетных войскаў факультэта супрацьпаветранай абароны Андрэй Цімчанка. Ад яго цікава было даведацца, што ў Ваеннай акадэміі нароўні з хлопцамі займаюцца і дзяўчаты. Праўда, адзіны факультэт, куды яны маюць права паступаць, – факультэт сувязі і аўтаматызаваных сродкаў кіравання. З 2018 года тэрмін падрыхтоўкі будучых афіцэраў скараціўся з пяці гадоў да чатырох. Сярод пераваг навучання ў Ваеннай акадэміі – бясплатная вышэйшая адукацыя, гарантаванае працаўладкаванне пасля вучобы, высокі памер стыпендыі, трохразовае харчаванне, рэчавае забеспячэнне. Акрамя таго, курсанты праходзяць навучанне і бясплатна атрымліваюць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «С».

    – Дысцыпліна, вучоба і спорт – такая спецыфіка ваеннай адукацыі, – падкрэсліў Андрэй Цімчанка, калі каменціраваў кадры відэафільма аб умовах навучання і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння акадэміі. – Дзень курсанта пачынаецца з ранішняга бегу.

    З залы цікавіліся, які факультэт самы папулярны сярод абітурыентаў. Выступоўца назваў факультэт ваеннай разведкі, але папярэдзіў, што далёка не ўсе, хто паступае на яго, вытрымліваюць узровень патрабаванняў.

    – Жадаючым паступіць у Ваенную акадэмію неабходна да 1-га красавіка падаць дакументы ў райваенкамат, – праінфармаваў прысутных прадстаўнік райваенкамата Аляксей Луцэвіч.

    У школьнікаў ёсць час падумаць. У выбары прафесіі ваеннага важныя не толькі трывалыя веды. Да таго як будуць выдадзены на рукі вынікі ЦТ, прэтэндэнтам неабходна будзе прайсці прафесійны адбор, псіхалагічную падрыхтоўку і скрупулёзны медыцынскі агляд.        

    Падводзячы вынікі, прадстаўнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Манцывода зазначыла: «Сустрэча атрымалася пазнавальнай, інфармацыйна насычанай, карыснай для старшакласнікаў».

    Несумненна, што ў зале цэнтра культуры знойдуцца тыя, хто ў бліжэйшым будучым захоча звязаць свой лёс з арміяй.    

    НА ЗДЫМКУ: прадстаўнік Ваеннай акадэміі Андрэй Цімчанка адказвае на пытанні старшакласнікаў са Старасвержанскай і Заямнаўскай школ.

    Теги: 
    • {Нет тегов}