Нам засталася спадчына...

  • Марыя Гапонік, вучаніца Сталовіцкай сярэдняй школы. Іна Несцяровіч, настаўнік гісторыі., Наш край 96/2018 от 21 декабря 2018 Скачать номер 26 декабря 2018 14:29 Культура Беларуская

    Сталовіцкі край Баранавіцкага раёна даў свету

    нямала таленавітых людзей. Сярод іх і геніяльны паэт Адам Міцкевіч.

    Амаль 220 гадоў таму, 24 снежня 1798 года, у сціплым шляхецкім дворыку ваколіцы Завоссе, што за 40 кіламетраў на поўдзень ад Навагрудка, Барбара з Маеўскіх, жонка Мікалая Міцкевіча, нарадзіла другога сына – Адама Бернарда Міцкевіча.

    Двор у Завоссі, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, падчас нараджэння будучага паэта належаў дзядзькам Мікалая Міцкевіча.

    Бацька паэта, Мікалай Міцкевіч, атрымаў у спадчыну частку фальварка Завоссе і права кіравання ўсім маёнткам.

    За доўгія два стагоддзі многае змянілася ў Завоссі. Маёнтак пераходзіў ад аднаго гаспадара да другога, штосьці разбуралася ад часу, штосьці было спалена.

    У 1921 годзе фальварка ўжо не існавала: месца было пустое, ад сядзібы засталося некалькі здзічэлых дуплаватых дрэў з саду ды векавая ліпа, зваленая бурай.

    Аднаўленнем фальварка займаліся ў часы, калі Заходняя частка Беларусі была пад уладай Польшчы.

    11 лістапада 1927 года мясцовымі і ваяводскімі ўладамі тут быў устаноўлены, а ў 1955 годзе адноўлены помнік-абеліск. На абеліску была замацавана пліта з барэльефам пісьменніка і надпісам: «Тут, у Завоссі, 24 снежня 1798 года нарадзіўся вялікі паэт Адам Міцкевіч». Абеліск да нашых дзён не захаваўся, але ў музеі засталіся яго фотаздымак і малюнак, якія прынеслі ў музей мясцовыя  жыхары.

    На пачатку 1990-х гадоў было вырашана аднавіць сядзібу ў Завоссі і адчыніць у ёй музей паэта Адама Міцкевіча.

    Дом Міцкевічаў у Завоссі мае характэрны для шляхецкіх двароў выгляд.

    Звычайна прамавугольны дом шырокія сені дзялілі на дзве паловы: першую – жыллёвую, другую – гаспадарчую, дзе былі кухня і камора.

    У гаспадарчай частцы дома, дзе жылі работнікі, стаяла такая ж мэбля, як у вясковай хаце.

    Частка пакояў не мела печаў і ўзімку не выкарыстоўвалася. Печы рабілі такім чынам, каб ацяпляць два пакоі.

    У кухні была вялікая печ, у якой, акрамя прыгатавання штодзённай ежы, пяклі хлеб, сушылі на зіму ягады, грыбы. Паблізу кухні звычайна рабілі склеп. Там захоўваліся кубельцы з салам, бочкі з кіслаю капустаю, агуркамі.

    Сядзіба адносілася да дробнапамеснага роду і ўяўляла сабою традыцыйны фальварак з наборам драўляных пабудоў, у які ўваходзілі гаспадарскі дамок, лямус, свіран. Уся сядзіба была акружана плотам з жэрдак.

    Лямус – традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова ў выглядзе звычайнага двух’яруснага зруба, дзе захоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, хар-човыя прыпасы. У гэтым маленькім шляхецкім дворыку пясняр у юнацтве праводзіў амаль усе канікулы ў сваёй цёткі. У гэтым пакойчыку на другім паверсе лямуса ён заўсёды з ахвотаю сядзеў і ўглядаўся ў цудоўныя ваколіцы засценка, «збіраючы фарбы для вобразаў», якія ў будучым з любоўю, як ніхто іншы, меўся намаляваць. З гэтых аконцаў цудоўна глядзіцца Жарновая гара, самая высокая ва ўсёй ваколіцы, якая па форме сваёй нагадвае велізарныя млынавыя жорны.

    Да сёння з часоў паэта захаваліся толькі старая без верхавіны ліпа ды невялікая сажалка.

    У 1998 годзе фальварак быў поўнасцю рэканструяваны. З таго часу ў ім працуе музей-сядзіба Адама Міцкевіча.

    Зараз новая хата стаіць менавіта на тым месцы, што і старажытная пабудова. Цяпер музей выглядае як шляхецкая сядзіба XVIII стагоддзя.

    Трэба адзначыць, што сядзіба гэтая адноўлена проста цудоўна. Пры аднаўленні не выкарыстоўвалася сучасных будаўнічых матэрыялаў, тут нават дах саламяны.

    Менавіта ў гэты музей трэба ехаць, калі вы хочаце ўявіць, як выглядала жыццё і побыт дробнай шляхты ў канцы XVIII стагоддзя. Акрамя знешняга аблічча будынкаў, у сядзібе Адама Міцкевіча ў вёсцы Завоссе вельмі добра адноўлены і інтэр’еры, якія таксама перадаюць атмасферу XVIII стагоддзя. Унутры сядзібы можна ўбачыць мноства прадметаў даўніны, а ўнутры іншых пабудоў розныя гаспадарчыя прылады адпаведнай эпохі.

    Абавязкова наведайце гэты цудоўны куток, узяўшы з сабою кнігу з творамі Адама Міцкевіча, такімі, як «Пан Тадэвуш» або «Гражына».

    Выдатнай атмасферы, што пануе ў музеі-сядзібе ў Завоссі, спрыяе ціхамірнасць гэтых месцаў, прыгажосць прыроды і свежае паветра. Акрамя таго, вёска знаходзіцца менш, чым у 20 кіламетрах ад асноўнай магістралі краіны – трасы Брэст – Мінск. Да вёскі Сталовічы – 3 км. Таму заехаць сюды вельмі лёгка. І ў гэтым сапраўды ёсць сэнс: уражанні і ўспаміны ў наведвальнікаў застануцца толькі станоўчыя.

    Теги: