У дзяржаўнай установе адукацыі “Целяшоўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” прайшло пазакласнае мерапрыемства “Нязгасная зорка паэта”, прысвечанае памяці паэта-земляка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Дуброўскага. У 2018 годзе яму споўнілася б 70 гадоў.
Арганізавала вечар памяці настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Панцялеенка разам з навучэнцамі. Вучні-біёграфы азнаёмілі прысутных з біяграфіяй вядомага земляка, а вучні-даследчыкі творчасці паэта спыніліся на выданнях яго зборнікаў. Алесь Дуброўскі выдаў тры паэтычныя зборнікі: “І будзе лета апасля…” (2005), “Непрадказальнасць дня” (2008), “Дня наступнага святло” (2010). На вялікі жаль, чацвёрты зборнік вершаў “Незабыўнае” сам паэт не пабачыў, бо 8 красавіка 2014 года сэрца песняра, шчырага творцы, сціплага чалавека, адданага сына сваёй зямлі перастала біцца.
Вучні школы Мікалай Шындроў, Вольга Шынкарэнка, Кацярына Но-вікава з захапленнем чыталі вершы, успаміналі сустрэчы з паэтам у сценах роднай школы. Алесь Дуброўскі не забываў сваю малую радзіму, прыязджаў сюды, прыходзіў у школу. Ён падарыў зборнікі сваіх вершаў, часопісы, у якіх друкаваліся яго творы. Зараз яны займаюць ганаровае месца ў школьным музеі.
Алена Панцялеенка расказала, што вучні падтрымліваюць сяб-роўскія адносіны з сям’ёй паэта, яго ўдавой Вольгай Іванаўнай, якая падарыла навучэнцам апошні зборнік вершаў “Незабыўнае”. Вечар памяці Алеся Дуброўскага даў магчымасць прысутным яшчэ раз адчуць гонар за сваю малую радзіму, якая ўзгадавала таленавітага паэта.