Пра гісторыю і сучаснасць

  • Маргарыта КУХТА, Ляхавіцкі веснік №99 от 27 декабря 2018 28 декабря 2018 12:15 Общество Беларуская

    Сустрэчы з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, моладдзю часта ўваходзяць у расклад дня кіраўніка раёна. Вось і ў мінулы чацвер такім чарговым адрасам стала гімназія, дзе ў праграме адзінага дня інфармавання пабывалі старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі і члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якую ён узначальвае. Выдатнай магчымасцю атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні з першых вуснаў скарысталіся педагогі і вучні.

    Адна з тэм, якая ўзнімалася падчас размовы, тычылася гісторыі стварэння БССР і яе  ролі ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці і развіцці суверэннай Беларусі. Тэма надзвычай актуальная для абмеркавання: набліжаецца 100-годдзе ўтварэння БССР. Асобная старонка ў гэтай вялікай гісторыі звязана з ляхавіцкім краем, яго традыцыямі, вехамі развіцця, нашымі цудоўнымі землякамі, якія ў розны час сваімі справамі ўслаўлялі Радзіму. 

    Натуральна, што прагучала пытанне: што сёння ўяўляюць нашы Ляхавічы. Кіраўнік раёна гаварыў лаканічна, але пераканаўча: Ляхавіччына – раён, які дынамічна развіваецца, дзе аграрны сектар мае вялікі патэнцыял, дзе прамысловасць прадстаўлена няхай не шматлікімі, але перспектыўнымі прадпрыемствамі, дзе жывуць, працуюць, ствараюць добразычлівыя людзі. Зрэшты, у Ляхавіччыны шмат адметнасцяў і славутасцяў. 

    – Тут вырабляюцца запчасткі для БЕЛАЗа, сучасныя дамы, якія экспартуюцца і ў Іспанію, і ў Маёрку, тут знаходзіцца адна з нямногіх у краіне гаспадарак, што займаецца племянной авечкагадоўляй, – факты, прыведзеныя Аляксандрам Камінскім, сталі для многіх адкрыццём. – І ў культурным плане мы вельмі самабытныя: шмат творчых калектываў са званнем «народны» і «ўзорны». Ляхавічынна – гэта сінонім мастацтва. Нездарма мясцовымі краявідамі натхняўся Напалеон Орда. Самае галоўнае, што тут таленавітыя людзі, таленавітыя ва ўсім, якія любяць і шануюць свой родны край.

    Гэта акалічнасць, можна сказаць, візітоўка нашых землякоў. І ў Год малой радзімы і, наогул, заўсёды яны патрыёты. 

    Падчас сустрэчы гаварылі і пра ўзвышанае, і пра зямное. Гаварылі і пра даступнае жыллё як пра прыярытэтную задачу сацыяльнай палітыкі краіны. Асобна спыніліся на дзяржаўнай падтрымцы грамадзян у вырашэнні жыллёвага пытання, фарміраванні цэн на квадратныя метры. У гэтым годзе ў Ляхавіцкім раёне дзяржпадтрымка на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля аказана 57 сем’ям, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Хутка запаліцца святло ў 40 кватэрах у доме па завулку Фестывальным: 35 кватэр для шматдзетных сем’яў і 5 для камерцыйнага выкарыстання.

    Адзіны дзень інфармавання супаў з правядзеннем у гімназіі чарговага занятка Школы Актыўнага Грамадзяніна, у якой навучэнцы рыхтуюцца ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны. Асабліва цікавіць старшакласнікаў выбар будучай прафесіі. Невыпадкова прагучала пытанне: у якіх спецыялістах мае патрэбу раён?

    Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, заня-тасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, сёлета наймальнікамі было заяўлена больш за 170 вакансій, з іх 62 – па рабочых прафесіях. Ёсць работа для медыкаў, шмат вакансій у сельгаспрадпрыемствах раёна. 

    Падчас адзінага дня інфармавання ў гімназіі гаварылі пра тое, што цікавіць, хвалюе, патрабуе вырашэння. Закраналіся пытанні стану дарог, асвятлення асобных участкаў горада. Не абышлі ўвагай і дабрачынную акцыю «Нашы дзеці». Атрымаўся змястоўны дыялог, з якога ўлада ўзяла пад кантроль шматлікія пытанні. А пасля школьнікі падзяліліся з кіраўніком раёна сваімі планамі на будучыню: куды мараць паступаць, дзе жадаюць працаваць, расказалі, што б хацелі змяніць на сваёй малой радзіме. 

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтара.

    На фота: Кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі адказаў на пытанні гімназістаў.

    ФАКТ

    Прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя   лініі, сустрэчы прадстаўнікоў улады  з працоўнымі калектывамі сталі дзейснымі ў вырашэнні хвалюючых пытанняў і запатрабаванымі формамі работы з насельніцтвам. Такая двухбаковая сувязь дазваляе не пакінуць без увагі ніводную праблему, скаргу, прапанову.

    Теги: