У падарунак Бярэзінскай ЦРБ — «міні-бальніца» на колах

  • Юлія БУКЕЛЬ., Бярэзінская панарама 98 от 29 декабря 2018 29 декабря 2018 10:16 Общество Беларуская

    21 снежня ў Салігорску старшыня Мінаблвыканкама Анатолій Ісачанка і міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка ўручылі ключы ад аўтамабіляў перасоўнага медыцынскага комплексу шасцярым галоўным урачам Мінскай вобласці. Першай такі цудоўны падарунак атрымала галоўны ўрач менавіта Бярэзінскай ЦРБ Аліна Жызнеўская.

    — Вельмі хвалявалася, быццам атрымлівала дзяржаўную ўзнагароду, — расказала Аліна Паўлаўна. — Мы ганарымся тым, што менавіта нам уручылі гэты комплекс, ці як называюць у народзе, перасоўны ФАП. Вялікае дзякуй кіраўніцтву за такі неабходны навагодні падарунак усім бярэзінцам.

    Перасоўны ФАП, можна сказаць, — гэта “міні-бальніца” на колах. Тут пацыентаў можа агледзіць доктар, нават акушэр-гінеколаг, зняць электракардыяграму, зрабіць ультрагукавое даследаванне, узяць аналізы — аказаць комплексную медыцынскую дапамогу.

    — Задача медыцынскіх работнікаў – дайсці да кожнага пацыента, правесці своечасовы агляд, назначыць кваліфікаванае лячэнне, — заўважае А.П. Жызнеўская. – Перасоўны ФАП будзе працаваць у першую чаргу ў тых населеных пунктах, дзе няма фельчара. Гэта вёскі Лагі, Мачаск, Якшыцы і хутчэй за ўсё ў зонах абслугоўвання вёсак Новіны і Міхалёва. Спадзяёмся, што прафесіяналізм нашых работнікаў, новае якаснае абсталяванне, неабыякавасць саміх людзей да свайго здароўя дапамогуць павысіць дэмаграфічную бяспеку. І нараджальнасць у нашым раёне будзе перавышаць смяротнасць.

    Увогуле, у Бярэзінскай ЦРБ склалася такая цудоўная традыцыя да кожнага Новага года рабіць рамонт аднаго з аддзяленняў бальніцы і аднаго ФАПа. У гэтым годзе абнавіліся фізіятэрапеўтычнае аддзяленне і Высакагорскі ФАП.

    — З надыходзячым святам, дарагія бярэзінцы, калегі, — павіншавала ўсіх А.П. Жызнеўская. — Няхай новы год прынясе вам шмат станоўчых эмоцый, шчасця, сямейнага дабрабыту, кахання. І, вядома ж, жадаю ўсім моцнага здароўя, а каб яго захаваць, не забывайцеся, калі ласка, праходзіць абавязковы медыцынскі агляд.

    Фота з сайта Мінаблвыканкама.

    Теги: 
    • {Нет тегов}