У Бярэзінскім раёне адбылося шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак

  • Мілана ТРАПЯНОК., Бярэзінская панарама 98 от 29 декабря 2018 29 декабря 2018 10:24 Общество Беларуская

    Вядомыя кожнаму з нас з дзяцінства словы чароўнага заклінання “Раз, два тры! Ёлачка гары! “гучна вымаўлялі ў мінулую суботу на цэнтральнай плошчы разам з бярэзінцамі адразу некалькі дзясяткаў Дзедаў Марозаў са Снягуркамі і цэлы карагод іншых казачных персанажаў. Простыя словы сапраўды, валодаюць вялікай магічнай сілай, бо запальваюць рознакаляровымі агеньчыкамі галоўны сімвал навагодніх свят — зялёную ёлку і абвяшчаюць надыход новага года.

    Лісток за лістком таннее адрыўны каляндар, зіхаціць агнямі рознакаляровая ілюмінацыя. Рыхтуецца ўступіць у свае паўнамоцтвы Жоўты Парсюк. Гэта добразычлівая і вясёлая істота абяцае зарадзіць кожнага з нас аптымізмам і радасцю, не пашкадаваць дабрыні і пяшчоты. Але, каб капрызны Парсючок не абышоў вас сваёй шчодрасцю і спагадай, яго трэба весела, цікава, а галоўнае, з фантазіяй сустрэць. Дакладна ведаюць гэта работнікі культуры, якія кожны год праводзяць шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак, наладжваюць навагодні кірмаш і не стамляюцца здзіўляць бярэзінцаў казачным флэшмобам у ходзе раённай акцыі “Запалім ёлачку разам!”

    Па традыцыі казачнае шэсце пачынаецца ў раёне пачатковай школы і рухаецца да цэнтральнай плошчы горада. На гэты час людзі збіраюцца абапал дарогі, каб уласна шчыра павітацца з казачнымі персанажамі альбо разам з дзецьмі прайсці ў шэсці.

    Велічны парад пачынаюць дзве імправізаваныя казачныя карэты Дзеда Мароза. За імі паважліва, не спяшаючыся крочыць Зімачка – зіма. Сёлета яна парадавала нас лагодным марозікам і мяккім сняжком, які замятаў усё навокал. Побач з Зімой ідуць дзеці ў цёплых камізэльках, якія сімвалізуюць 12 казачных месяцаў надыходзячага года. Ім даручана самая важная справа — цягнуць вялікі вазок з грудай падарункаў, якія з нецярпеннем чакаюць дзятва і дарослыя.

    За казачнымі персанажамі ідзе ў поўнай спартыўнай экіпіроўцы раённая хакейная каманда на чале з трэнерам Юрыем Каныгіным. А вось далей спяшаюцца непасрэдна віноўнікі свята – Дзеды Марозы. Усе яны ў святочных чырвона-сініх-белых уборах з мяхамі падарункаў, трымаюць за рукі сваіх Снягурак і шчыра вітаюць бярэзінцаў.

    За гэтым казачным атрадам крочаць дэлегацыі арганізацый і ўстаноў раёна. Яны гатовы сустрэць Новы год, а нясуць у руках сняжынкі, на вопратцы якіх зіхацяць навагоднія аксесуары, абуджаюць усё навокал вясёлай заліхвацкай мелодыяй.

    І вось шэсце спыняецца на цэнтральнай плошчы горада. Тут ва ўсю “гудзіць” навагодні кірмаш, наладжаны лепшымі майстрамі раёна. Усе яны надзвычай крэатыўна падышлі да мерапрыемства і нарабілі казачных істот у самых розных стылях. Апрача гэтага, кожны жадаючы змог набыць тут жывую ёлку, атрымаць цікавую ідэю наконт святочнага афармлення зялёнай прыгажуні і дэкору памяшканняў, удосталь паласавацца самымі смачнымі папкорнам і салодкай ватай.

    На цэнтральнай плошчы Дзедаў Марозаў і Снягурак з нецярпеннем вітала дзятва. Ды і казачныя персанажы адразу ўзнялі градус святочнага настрою гарачым і жывым флэшмобам пад рухавую навагоднюю песню. Затым у свае правы ўступілі галоўныя Дзед Мароз і Снягурка, якія не толькі даюць ёлачцы загад “Гарэць”, але і выбіраюць самую крэатыўную сняжынку. Яна атрымалася лепшай за ўсіх у калектыву РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”. Не менш творча і з фантазіяй падышлі да вырабу сняжынкі і афармлення навагодняй дэлегацыі работнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

    Такое рашэнне прысутныя сустрэлі гучнымі авацыямі, як і выступленне самадзейных калектываў і вакалістаў у арыгінальных навагодніх касцюмах. Пад іх мелодыі і рытмы, у карагодзе з Дзедам Марозам, Снягуркай і Снегавіком кожны змог апынуцца ў казцы і, вядома, загадаць сваё запаветнае жаданне. У тым, што яно абавязкова споўніцца, ніхто не сумняваецца, як і ў тым, што Жоўты Парсюк праз год парадуе нас чарговым казачным шэсцем.

    Фота Алены ГРОМАВАЙ.

    Теги: 
    • {Нет тегов}