Прыгажосць вачамі бярэзінскіх газаўшчыкоў

  • Алена МУРАЧ., Бярэзінская панарама 98 от 29 декабря 2018 29 декабря 2018 10:30 Общество Беларуская

    Сапраўдным падарункам да навагодніх свят для калектыву Бярэзінскага раёна газазабеспячэння і ўсіх бярэзінцаў стала фігура ліса-газаўшчыка, што нядаўна пасяліўся каля адміністрацыйнага будынка ўстановы. У кампазіцыі ўдала спалучыліся гістарычнае і сучаснае: герой з’яўляецца адным са старадаўніх сімвалаў нашага горада, а таксама ўвасабляе смеласць, спрыт, знаходлівасць, хуткасць, уласцівыя работнікам газавай галіны.

    Стваральнікам ліса з’яўляецца рабочы прадпрыемства Уладзімір Васільевіч Мурог. Ён – вельмі творчая натура, таму без цяжкасцей увасобіў у рэальнасць задумку кіраўніцтва і калектыву.

    — Выкарыстоўвалі цвёрды пенапласт. Матэрыял гэты практычны і лёгка паддаецца апрацоўцы. На ўсё пра ўсё спатрэбілася два месяцы. Спачатку – эскіз на паперы. Дарэчы, мадэллю выступіў наш калега Андрэй. Таму і імя ў героя суадноснае. Затым, згодна з малюнкам, выразаліся і склейваліся ў адно цэлае дэталі. У выніку атрымалася фігура ліса-газаўшчыка, які ў любы час гатовы прыступіць да работы. Ёсць у яго з сабой і неабходныя атрыбуты — балон і гаечны ключ, — падзяліўся У.В. Мурог.

    Ліс удала ўпісаўся ў агульную канцэпцую афармлення адміністрацыйнага будынка прадпрыемства. Важную ролю адыграла яго афарбоўка і багацце адценняў вопраткі і чаравікаў.

    Не пакіне раўнадушнымі гасцей і прахожых і навагодняе ўбранне. Прыгажуня-ёлка з жывых галінак і казачны алень, што спыніўся адпачыць каля яе. Вытанчаныя літары віншавання “З Новым годам”, вырабленыя з дроту і аблямаваныя рознакаляровай святлодыёднай ніткай. Мноства гарэзлівых агеньчыкаў на арцы перад уваходнымі дзвярыма. Яркае дапаўненне кампазіцыі — дызайнерская сняжынка, што заззяла, дзякуючы таленту і ўмелым рукам Уладзіміра Васільевіча.

    Увогуле пытанням навядзення парадку і добраўпарадкавання тэрыторыі на прадпрыемстве штогод надаецца асаблівая ўвага. Пацвярджаюць гэта канкрэтныя дзеянні кіраўніка Уладзіміра Міхайлавіча Абрамовіча і ўсяго калектыву, галоўны прынцып работы якіх — адзін раз навесці парадак і пастаянна падтрымліваць яго. А таксама высокая ацэнка дзейнасці па выніках аглядаў-конкурсаў розных узроўняў. На працягу апошніх гадоў тут праведзена рэканструкцыя адміністрацыйна-бытавога будынка і вытворчых памяшканняў, добраўпарадкавана тэрыторыя знутры і навокал. Багата прадпрыемства і сваімі традыцыямі. Адна з іх — вырошчванне фруктовых дрэўцаў. Сёлета ў садзе, закладзеным сіламі работнікаў, можна было не толькі атрымаць асалоду ад прыгажосці квецені, але і паспытаць смачныя і карысныя яблыкі і грушы.

    Фота Алены ГРОМАВАЙ.

    Теги: 
    • {Нет тегов}