«На вяршыні дабрыні»

  • Ірына МАЛЯЎКА, Слуцкий край 307-312 (16057-16062) от 29 декабря 2018 Скачать номер 29 декабря 2018 11:00 Общество Беларуская

    Школу наведалі чэмпіёнка свету, віцэ-чэмпіёнка Еўропы па бальных танцах на інвалідных калясках Дар'я Кульш і харэограф, кіраўнік спартыўнага танцавальнага клуба «Голдэн стэп», адзін з выкладчыкаў тэатра моды «VershinA» Аляксандр Ляховіч.

    З невялікім дэфіле выступілі случчане, удзельнікі дзіцячага тэатра моды «VershinA» ў Слуцку, прадэманстравалі мадэлі, створаныя са старых джынсаў.

    Дар'я і Аляксандр выканалі некалькі танцаў, і абсалютна ўсе прысутныя ў зале зусім забылі, што перад імі выступаў чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Настолькі лёгкія, плаўныя, адточаныя былі рухі партнёраў.

    Пасля чэмпіёны размаўлялі з вучнямі. Дзеці былі вельмі актыўныя, іх цікавіла ўсё: ад таго, ці не хацелася Дар'і ў нейкі момант усё кінуць, да таго, колькі ў яе канцэртных сукенак.

    Дар'я распавяла школьнікам пра сваё жыццё, захапленні. У інва-спорце яна ўжо трынаццаць гадоў. Калі вучылася ў 6 класе, амаль выпадкова трапіла ў танцавальную групу: хтосьці падштурхнуў яе і яна падняла руку, калі набіралі жадаючых. Але захапленне стала настолькі моцным, што займацца Дар’я пачала на прафесійным узроўні. А стаць чэмпіёнкай свету марыла з самых першых дзён заняткаў танцамі. У 2010 годзе ў Галандыі на спаборніцтвах на Кубак свету галоўная ўзнагарода была заваявана. Праз нейкі час, якраз напярэдадні чэмпіянату Еўропы, дзяўчына засталася без партнёра. Але ёй пашанцавала: у праграму ўключылі сольныя выступленні, і Дар'я паехала адна. І зноў перамога!

    У 2015 годзе яна пазнаёмілася з Аляксандрам Ляховічам. Ён ужо танцаваў раней з партнёркай на інваліднай калясцы. Першыя спаборніцтвы для новай пары – Кубак свету ў Санкт-Пецярбургу. Яны занялі першае месца, потым было выступленне на чэмпіянаце свету ў Рыме, і там яны зноў перамаглі.

    – Танцы для мяне – гэта жыццё. Танцы вучаць раскрываць пачуцці рухамі, разнявольваюць, даюць магчымасць быць лепшай. А перамогі даюць сілы і ўпэўненасць у сабе. Калі танцую – я жыву! Ніколі не трэба здавацца, ні пры якіх абставінах, – адзначыла Дар'я Кульш.

    Аляксандр Ляховіч правёў для школьнікаў майстар-клас, прапанаваўшы станцаваць усім разам дыска.

    Нават тыя, хто спачатку пасаромеўся ўдзельнічаць у майстар-класе, праз некалькі хвілін весела ўключыліся ў танец. Час праляцеў незаўважна.

    У канцы мерапрыемства школьнікаў чакаў салодкі сюрпрыз ад ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў».

    А самае галоўнае, дзеці ўпэўніліся, што няма немагчымага для таго, хто мае вялікае жаданне і ідзе да сваёй мэты.

    Сустрэча прайшла пры садзейнічанні дэпутата Слуцкага раённага савета дэпутатаў Кацярыны Алегаўны Петрычэнка, ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў».

    Теги: