Калейдаскоп сюрпрызаў на раённай ёлцы

  • Сяргей Садоўскі, Працоўная слава № 98 от 29 декабря 2018 Скачать номер 29 декабря 2018 13:00 Общество Беларуская

        Сапраўднай падзеяй для 300 лепшых школьнікаў Валожыншчыны стала запрашэнне на раённае дабрачыннае свята “Навагоднія прыгоды ў Прастаквашына”, наладжанае ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” па ініцыятыве кіраўніка раёна і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. У РЦК, артысты якога і падрыхтавалі святочную праграму, прыехалі навучэнцы ўстаноў адукацыі Валожыншчыны, якія вызначыліся выдатнымі поспехамі ў вучобе, перамогамі ў шматлікіх конкурсах і алімпіядах, вялі актыўнае грамадскае жыццё.

        Прысутных павіншаваў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар Уладзіміравіч Шакун. Ён пажадаў усім спаўнення ў Новым годзе запаветных мар, а таксама выказаў надзею, што ўсе турботы, клопаты і расчараванні застануцца ў годзе старым. І даў старт навагодняму прадстаўленню.

        На папярэдніх старонках мы ўжо расказвалі нашым шаноўным чытачам, на чым будуецца сэнс названай тэатралізаванай пастаноўкі. Хочацца яшчэ раз адзначыць майстэрства і артыстызм таленавітых выканаўцаў роляў, іх уменне і жаданне працаваць з залай і падзякаваць за падоранае задавальненне. Само ж мерапрыемства доўжылася больш за гадзіну, а напрыканцы запрошаных чакаў прыемны сюрпрыз. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі навагоднія падарункі, сродкі на набыццё якіх выдаткаваў райвыканкам. Вялікія рознакаляровыя пакеты з цукеркамі ўручылі дзецям Дзеды Марозы і іх казачная світа.

        У другой палове гэтага дня прайшло яшчэ адно такое ж свята – для дзяцей з інваліднасцю і маладых інвалідаў. Зала ўмясціла 200 чалавек. Запрошаныя з радасцю паўдзельнічалі ў конкурсах, праведзеных камандай мультыплікацыйных герояў: дзядзі Фёдара, ката Матроскіна, Шарыка і паштальёна Печкіна. Паперажывалі і пасмяяліся разам з галоўнымі героямі дзеі. А салодкія падарункі сталі лагічным і жаданым завяршэннем насычанага ўражаннямі мерапрыемства.

    Теги: 
    • {Нет тегов}