Да 90-годдзя з дня нараджэння дзіцячага пісьменніка Івана Сяркова

  • Iрына ТРЫПУЗАВА, Маяк 1/2019 от 05 января 2019 08 января 2019 12:18 Культура Беларуская

    4 студзеня споўнілася б 90 год з дня нараджэння нашага знакамітага земляка — дзіцячага беларускага пісьменніка Івана Кірэевіча Сяркова, аўтара славутай кнігі “Мы з Санькам у тыле ворага” і двух яе не менш папулярных працягаў — “Мы — хлопцы жывучыя” і “Мы з Санькам — артылерысты”.

    Непасрэдным чынам пісьменнік быў звязаны і з гомельскай раённай газетай, дзе працаваў у другой палове 50-х гадоў, асвятляў работу сельскай гаспадаркі, “калясіў” па раёну ў пошуках інфармацыі на веласіпедзе, бо аўтамабіля рэдакцыя на той час не мела.

    Сваімі ўспамінамі аб Івану Кірэевічу па нашай просьбе падзяліліся людзі, якія добра яго ведалі.

    Ніна Адамава, жыхарка аграгарадка Пакалюбічы:

    — Мы з Сярковымі былі суседзямі, таму я з дзяцінства ведала Івана, яго брата і ўсю яго сям’ю. Мама Івана Кірэевіча памерла ў жніўні 1941 года, хлопцы перажылі вайну сіротамі, хапіла на іх долю розных выпрабаванняў. Але характар у Івана ўсё роўна быў няўрымслівы, вясёлы. Памятаю, і на хадулях з сябрамі хадзіў, і казу “строіў”.

    У школе ён вучыўся вельмі добра, а потым і ваеннае вучылішча скончыў з адзнакай. Мы, землякі, цікавіліся яго дзейнасцю, як журналіста гомельскай раёнкі, а потым — супрацоўніка і галоўнага рэдактара абласной студыі тэлебачання.

    Кнігу “Мы з Санькам у тыле ворага” я купіла, напэўна, першая з вёскі. Чыталі ўсе разам, абмяркоўвалі, што праўда ў ёй, а што прыдумана. Было вельмі прыемна, што наш зямляк, якога памяталі простым вясковым хлопцам, напісаў такую цудоўную кнігу. Яе вельмі цікава чытаць і зараз, таму я шчыра рэкамендую кніжку пра прыгоды дзяцей ваеннага часу сённяшнім школьнікам.

    Васіль Ткачоў, пісьменнік, драматург:

    — Івана Кірэевіча Сяркова запомніў прыгожым і добрым чалавекам, які ў той жа час заставаўся прынцыповым і патрабавальным. Асабіста для мяне ён быў як бацька: падтрымліваў маладога пісьменніка, даваў парады. Калі Магілёўскі драмтэатр паставіў маю п’есу “Сівы бусел”, Іван Кірэевіч (у той час галоўны рэдактар абласнога тэлебачання) сказаў: “Давай і мы пакажам!”. Запрасілі артыстаў, зрабілі запіс спектакля і паказалі яго па тэлебачанні…

    Я быў пераемнікам Сяркова на пасту старшыні абласной пісьменніцкай арганізацыі, стараўся працягваць тыя добрыя традыцыі дзейснай падтрымкі творчай моладзі, што былі пры Іване Кірэевічу.

    Неаднойчы чуў і цалкам падтрымліваю такое меркаванне, што кніга “Мы з Санькам у тыле ворага” — адзін з найлепшых узораў дзіцячай беларускай літаратуры. Дарэчы, калі ён ствараў заключную частку трылогіі, мы былі ужо добра знаёмыя. Сяркоў часам зачытваў мне ўрыўкі з новага твора, і мы разам абмяркоўвалі яго будучую назву. Спачатку ён хацеў назваць гэтую кнігу “Мы з Санькам — “салагі”, але потым спыніўся на варыянце  “Мы з Санькам — артылерысты”…                       

    На здымку: Іван Сяркоў з юнымі чытачамі.

    Теги: 
    • {Нет тегов}