Выконваюць заяўкі жыхароў раёна

  • Таццяна ПЯТКЕВІЧ, Прамень № 96 (10 339) от 22 декабря 2018 08 января 2019 15:10 Общество Беларуская

    «Стараемся задаволіць усе заяўкі. Сёння працуем у Стоўбцах, на вуліцы Дружнай», – коратка тлумачыць майстар Стаўбцоўскага РЭС Андрэй Гарохавік. 

    У гэты перыяд брыгадзе пад яго кіраўніцтвам давераны адзін з самых адказных участкаў – абслугоўванне і рамонт сетак вулічнага асвятлення. Замест свяцільнікаў, якія  адслужылі і выйшлі са строю, энергетыкі ўстанаўліваюць па магчымасці новыя, энергазберагальныя, якія і свецяць ярчэй, і маюць большы тэрмін службы. «На працягу 2018 года замянілі больш за тысячу свяцільнікаў. Гэтыя работы працягваюцца», – адзначае Андрэй Гарохавік.

    Да энергазберагальнага эфекту, які даюць новыя свяцільнікі, неабходна дадаць і дзеючую «разумную» сістэму кіравання вулічным асвятленнем. Яго з дапамогай аўтаматызаванай праграмы «настройвае» з улікам часу сутак і пары года дыспетчар. У выпадку аварыйных сітуацый такі падыход максімальна садзейнічае іх лакалізацыі і ліквідацыі.

    Нягледзячы на ўмовы надвор'я, брыгада штодзённа працуе на вышыні. Стараюцца маладыя і энергічныя электраманцёры, якія добра ведаюць сваю справу і не наракаюць на цяжкасці. Брыгадзір Аляксандр Сахута працуе ў РЭСе з 2007 года, Леанід Ярмак – з 2009 года, Уладзімір Аксінчыц – з 2013 года, а ўвогуле яго стаж у энергетыцы складае каля 15 гадоў. За брыгадай замацаваны аўтапад'ёмнік, якім кіруе вадзіцель з больш чым 20-гадовым стажам Віктар Мазуркевіч. Майстар асабліва падкрэслівае адказнасць Віктара Эдмундавіча, яго гатоўнасць пры неабходнасці выйсці на працу і ў выхадныя дні.

    Андрэй Гарохавік, як і яго падначаленыя, у свой час таксама прайшоў школу прафесіяналізму, пачынаючы з электраманцёра. Выпускнік Мінскага энергакаледжа, ён прыйшоў у РЭС у 2006 годзе і паралельна паступіў у ВНУ на завочную форму навучання. У 2009 годзе Андрэя Міхайлавіча прызначылі майстрам, а ў 2012 годзе ён атрымаў дыплом энергафака Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.              

    Брыгада пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Гарохавіка – у ліку першых у Стаўбцоўскім РЭС, якая прайшла навучанне для правядзення работ на лініі пад напружаннем.

    На здымку: брыгада пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Гарохавіка ўстанаўлівае энергазберагальныя свяцільнікі.

    Теги: 
    • {Нет тегов}