Свой след пакінулі ветэраны

  • Таццяна ПЯТКЕВІЧ, Прамень № 96 (10 339) от 22 декабря 2018 08 января 2019 15:13 Общество Беларуская

    У стаўбцоўскіх электрасетках – адна з самых буйных ветэранскіх арганізацый раёна. Створаная тры гады таму, яна ўключае 153 ветэраны працы. У бліжэйшы час яшчэ амаль 50 чалавек папоўняць рады арганізацыі. Нямала сярод іх заслужаных людзей, якія пакінулі прыкметны след у энергетыцы Беларусі.

    У ліку такіх людзей – і старшыня ветэранскай арганізацыі Эдуард Войніч, які прысвяціў энергетыцы 45 гадоў жыцця. Ён стаяў ля вытокаў Стаўбцоўскіх электрасетак, калектыў якіх у мінулым годзе адзначыў паўвекавы юбілей. Эдуард Войніч за сваю шматгадовую плённую працу мае нагрудны знак «Выдатнік энергетыкі», званне «Ганаровы энергетык Рэспублікі Беларусь». Яшчэ адна ўзнагарода, якой ён не можа не ганарыцца, – сярэбраны медаль ВДНГ СССР. 

    – Медаль – за рацыяналізатарскую прапанову. Прыдуманае намі прыстасаванне нават на ВДНГ трапіла, – заўважае мой суразмоўца і ўдакладняе: – У цэлым была ўкаранёна не адна прагрэсіўная ідэя для павышэння надзейнасці беларускай энергасістэмы.   

    Размова з ветэранам энергетыкі ад пачатку пераходзіць у добра знаёмае яму вытворчае рэчышча. Эдуард Браніслававіч усяго два гады таму як выйшаў на заслужаны адпачынак. Ён прыгадвае даўнейшае, калі па адной «нітачцы» на драўляных апорах ішло электразабеспячэнне з Мінска да Баранавіч, і больш сучаснае. Так, у пачатку 80-х гадоў распрацоўвалі комплексныя сістэмы кіравання якасцю. Ім была дадзена высокая ацэнка на рэспубліканскім узроўні. Ужо тады рабілі першыя крокі ў аўтаматызацыі, стваралі падмурак для разумных сетак. Ацаніць скачок у развіцці электрасетак элементарна дазваляюць асобныя лічбы. У 70-я гады ў Стаўбцоўскім раёне былі ўсяго дзве падстанцыі, і гэты аргумент гаворыць сам за сябе.

    – Эдуард Браніслававіч, энергетыка стала вашым лёсам і Стаўбцоўшчына – таксама?

    – Нарадзіўся я на мяжы чатырох раёнаў – Уздзенскага, Нясвіжскага, Стаўбцоўскага і Капыльскага. Вёска Руднікі адносіцца да Капыльскага раёна, але хадзіў у школу ў вёску Магільнае Уздзенскага раёна. Закончыў электрафак Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Будучы студэнтам, атрымліваў павышаную стыпендыю. Маё фота было на Дошцы гонару інстытута. З такім рэйтынгам меў магчымасць выбару падчас размеркавання, але мне захацелася рамантыкі. Паехаў працаваць у адзін з саўгасаў у Латвію. Пазней перацягнулі ў Стоўбцы аднакурснікі – М. В. Собаль, Р. В. Якжык, У. Р. Шымко. Адразу крыху папрацаваў у энергазбыце, а потым перайшоў у ПЭС. Прадпрыемства толькі арганізоўвалася, яму былі патрэбны кадры.

    – Так лёгка знайшлі сябе ў электрасетках?

    – Працаваў дыспетчарам, інжынерам, начальнікам службы размеркавальных сетак, начальнікам вытворча-тэхнічнай службы, намеснікам галоўнага інжынера. Укараніцца ў энергасістэму мне было нескладана, таму што сеткавае абсталяванне вывучаў у інстытуце. Тэмай майго дыплома была электрыфікацыя г. Глыбокае Віцебскай вобласці. Атрымаў за яго, дарэчы, высокую адзнаку. Ды і на месцы заўсёды было ў каго вучыцца. Да прыкладу, першым галоўным інжынерам ПЭСа быў М. М. Дзялендзік, надзвычай граматны спецыяліст, які ў далейшым атрымаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства «Мінскэнерга». Доўгі час працаваў поруч з галоўным інжынерам М. М. Гайко, дзякуючы якому была пабудавана не адна падстанцыя. Вялікі ўклад у развіццё дыспетчарскіх і рэалізацыю іх задач на сучасным узроўні ўнёс В. А. Крупа. Прадпрыемства працяглы час узначальваў Л. Н. Більдзюг. На змену яму прыйшоў Г. А. Пяткевіч, які запомніўся тым, што падтрымліваў новаўвядзенні і заахвочваў да іх. Гэта талент – быць кіраўніком. Не кожнаму ён дадзены. Дзякуючы Генадзю Аляксандравічу ўпершыню ў Беларусі на базе нашага прадпрыемства была створана лакальная вылічальная сетка. У далейшым гэта стала асновай для ўкаранення аўтаматызаванай сістэмы дыспетчарскага кіравання. Працаваць было цікава. Адчувалі сваю адказнасць. Нездарма работа і сёння сніцца…

    – Многія ветэраны энергетыкі, як і вы, па-ранейшаму трымаюць цесную сувязь з калектывам, не застаюцца ўбаку ад грамадскага жыцця.     

    – Адміністрацыя на чале з дырэктарам У. В. Рублеўскім і прафсаюзны камітэт прадпрыемства ставяцца да ветэранаў з павагай. І сацыяльная абарона ў адносінах да нас – на належным узроўні. У гэтым годзе РУП «Мінскэнерга» і Стаўбцоўскія электрасеткі выдаткавалі 120 тысяч рублёў на ажыццяўленне даплат ветэранам за выслугу і ганаровыя званні, аказанне матэрыяльнай дапамогі да прафесійнага і дзяржаўных святаў.   

    Мы таксама імкнёмся ісці ў нагу з калегамі. Разам – у святочнай калоне прадпрыемства на мітынгах, падчас урачыстасцяў з нагоды Дня энергетыка. Прафкам выдзяляе нам бясплатныя білеты на канцэрты і экскурсіі, абанементы на наведванне басейна. Нашы прадстаўнікі ў складзе ветэранскай арганізацыі «Мінскэнерга» пабывалі на Беларускай АЭС.

    У энергетыкаў так склалася: ніхто з ветэранаў не забыты, у кожнага ёсць магчымасць быць у курсе жыцця раёна і рэспублікі.

    Інвестыцыі

    Філіялам «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» завершаны работы па рэканструкцыі сетак 0,4-10 кВ у Новым Свержані згодна з першай і другой чаргой. Агульны аб'ём інвестыцый склаў 3 580 000 рублёў. У 2019 годзе запланаваны работы згодна з трэцяй чаргой. Папярэдні аб'ём капітальных укладанняў – 2 100 000 рублёў.

    Распачаты работы ў Сцяцках па рэканструкцыі падстанцыі 220 кВ «Стоўбцы» з пераводам на напружанне 330 кВ і будаўніцтвам паветранай лініі 330 кВ «Стоўбцы – Баранавічы», што адпавядае праекту «Будаўніцтва Беларускай АЭС». Праектам прадугледжаны чатыры чаргі будаўніцтва. У 2018 годзе запланаваны ўвод першай і другой чаргі будаўніцтва з сумарным аб'ёмам інвестыцый 18 500 000 рублёў.  

    Теги: 
    • {Нет тегов}