З гарачым сэрцам – да хворых дзяцей

  • Святлана ЖЫБУЛЬ, Прамень № 97 (10 340) от 29 декабря 2018 08 января 2019 15:18 Общество Беларуская

    У нашым раёне праходзяць дабрачынныя навагоднія мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай святочнай акцыі «Нашы дзеці».

    Намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, старшы рэферэнт Мінскага абласнога аддзялення рэспубліканскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Людміла Барысенка, старшыня раённага аб'яднання Беларускага дзіцячага фонду Алена Гамза наведалі стацыянарнае дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы.

    На момант правядзення акцыі на лячэнні знаходзіліся 20 дзяцей рознага ўзросту. Для іх было сапраўдным сюрпрызам, калі Дзед Мароз і Снягурка (супрацоўнікі раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі) запрасілі іх да ёлкі. Дзеці мелі магчымасць пачытаць вершы і атрымаць прыемныя ўзнагароды – цацкі.

    Намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая цёпла прывітала пацыентаў аддзялення, павіншавала іх з надыходзячымі святамі, пажадала хуткага выздараўлення і далучылася да прыемных момантаў уручэння падарункаў, падрыхтаваных абласным аддзяленнем Дзіцячага фонду. Гэта былі наборы цукерак і мяккія цацкі.

    Людміла Барысенка выказала ўдзячнасць спонсарам за падтрымку ў правядзенні акцыі «Нашы сэрцы – хворым дзецям»:

    –             Такая дабрачынная навагодняя акцыя стартавала 28 гадоў назад у Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Цяпер яна праводзіцца ва ўсіх бальніцах Мінскай вобласці з арганізацыйным удзелам абласнога аддзялення Дзіцячага фонду. Мы ўдзячны педагагічным калектывам за тое, што яны дапамагаюць сваім удзелам папаўняць скарбонку фонду, а таксама прадпрыемствам-спонсарам. Многія гады акцыю падтрымліваюць прадстаўніцтва ААТ «Гедэон Рыхтэр», індывідуальны прадпрымальнік Генадзь Сабалеўскі. Свой уклад у правядзенне акцыі ўносяць таксама нямецкае таварыства «Дапамога дзецям Чарнобыля» і яшчэ адна нямецкая кампанія, якая арганізоўвае і летні адпачынак дзяцей у Германіі. Нам прыемна ўручаць дзецям падарункі падчас дабрачыннай навагодняй акцыі. Заўсёды застаецца светлы, добры настрой ад дастаўленай ім радасці.

    У гэты ж дзень прадстаўнікі райвыканкама і Беларускага дзіцячага фонду з падарункамі і святочнымі словамі віншаванняў наведалі прыёмную сям'ю Васільевых. У дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюцца восем прыёмных і двое ўсыноўленых дзяцей. Хлопчыкам і дзяўчынкам было радасна атрымаць падарункі. У сваю чаргу дзеці парадавалі гасцей інсцэніраваным выступленнем на біблейскую тэму.

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Теги: 
    • {Нет тегов}