Утварэнню БССР – 100 гадоў. Называлі дойлідам беларускай дзяржаўнасці

  • Пятро Рабянок, Дняпровец № 4 от 12 января 2019 15 января 2019 12:53 ОбществоПолитика Беларуская

    Гэтак у дачыненні Аркадзія СМОЛІЧА, таленавітага навукоўца і палітычнага дзеяча Беларусі.

    У свой час аўтар дадзенага артыкула быў блізкім да таго, каб дакладна назваць родныя мясціны бацькі Аркадзя Антонавіча (з Рэчыцкага павета і, хутчэй за ўсё, з вёскі Воўчая Гара). Што да яго самога, дык нарадзіўся 17 верасня 1891 года ў вёсцы Бацэвічы (Клічаўскі раён, Магілеўская вобласць). Магілёўшчына ж да першай паловы 1919-га праглядвалася і з Рэчыцы, бо калі зірнуць на левы бераг Дняпра, то на ім ўжо Магілёўская губерня.

    У 1905-м Аркадзь скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Здавалася, вось падмурак далейшага ладкавання жыцця. Аднак хлопца цягнула зусім не духоўнае. У 1916-м вярнуўся з Польшчы з дыпломам Нова-Аляксандраўскага інстытута сельскай гаспадаркі і лесазнаўства (знаходзіўся ў Пулавах). Вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

    З 1910 года – член Беларускай сацыялістычнай грамады, актыўны сябар клуба «Беларуская хатка» (г. Мінск). Да журналісцкага пяра далучыўся ў 1914 годзе, калі ў часопісах «Раніца» і «Лучынка» дэбютаваў матэрыяламі на навукова-папулярныя і грамадскія тэмы. Вось тады і стала зразумелым: у асобе Смоліча Беларусь мае новага творцу з шырокім кругаглядам.

    Настаў год 1917-й, які карэнным чынам змяніў грамадскае жыццё Расійскай імперыі. Адным з найбольш актыўных лідараў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, што атабарылася ў Мінску, становіцца і Аркадзь Смоліч. Артымлівае пасаду рэдактара яе друкаванага органа (газета «Грамада»), робіцца цікавым публіцыстам.

    Неўзабаве БСГ «распадаецца» на тры плыні. Аркадзь Смоліч аказваецца на чале (ідэолаг і тэарэтык) Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі, распрацоўвае яе праграму. Згодна дадзенага дакументу, будучае беларускага грамадства ў дэмакратычна-рэспубліканскім ладзе, а не ў дыктатуры пралетарыяту, як гэта дэкляравана ў бальшавікоў. «Свабода слова, друку, сходаў, грамадаў, хаўрусаў, свабода сумленьня, незачэпнасьць асобы, дому, перапіскі, агульная роўнасьць усіх грамадзян перад законам, аддзяленьне царквы ад дзяржавы» – вось галоўныя арыенціры праграмы Смоліча. Усе разам узятае і павінна было выпеставаць «будучых творцаў сацыялістычнага парадку, арганізатараў, працаўнікоў сацыялістычнай рэспублікі». Аркадзь Антонавіч быў упэўнены: «Тварыць па-за межамі нацыянальнасьці немажліва. І народ, звольнены ад капіталістычнага вызыску, таксама, як і ў цяперашнія часы, будзе выяўляць сваю найвышэйшую творчасьць у нацыянальных формах. А значыць, і ўселюдскі кангрэс, які ёсьць творчасцю перадусім, будзе ісьці нацыянальнымі шляхамі і прывядзець ніякім чынам не да асіміляцыі народаў, а толькі да вышэйшае формы іх згоднага жыцьця, працоўнага інтэрнацыяналу».

    Аркадзь Смоліч бярэ ўдзел практычна ва ўсіх найважнейшых грамадска-палітычных мерапрыемствах, што ладзяцца на прасторах Беларусі шляхам яе дэмакратычна-рэспубліканскага ладу. Вясной і летам 1917-га – актыўны ўдзельнік з’ездаў (два) беларускіх партый і арганізацый. Напрыканцы года (снежань) – адзін з арганізатараў Усебеларускага з’езда, які дэклараваў для Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. У першым беларускім урадзе (Народны Камісарыят) заняў пасаду сакратара асветы.

    Цяжка і пералічыць усе тое, да чаго меў дачыненне Аркадзь Антонавіч, стараючыся над стварэннем перадумоў грунтавання і росту грамадская свядомасці, духоўнасці, культурна-грамадскага жыцця. Узначаліў камісію па адкрыццю ў Мінску беларуска-нацыянальнага ўніверсіта. Не лішне дадаць, што ў склад гэтай камісіі ўваходзіў і ўраджэнец Рэчыцы прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі.

    На працягу ўсяго 1918 года Смоліч застаецца адным са службоўцаў статыстычнага бюро Мінскага губернскага земства, рупна збірае матэрыялы па геаграфіі і эканоміцы Беларусі.

    Настае кастрычнік 1918-га. Аркадзь Антонавіч накіраваны ў Гародню (Гродна). Мае мэту рэалізацыі ідэй беларускай суверэннасці. Але Гродненшчына становіцца рэгіёнам польскага атачэння. У тым ліку і чыста вайсковага. І тут ужо не да беларускасці. Даводзіцца спехам перабірацца ў Вільню (Вільнюс). Тут у 1919 годзе дапрацоўвае і выдае «Географію Беларусі». Гэта першая і, як можна лічыць з поўнай на тое падставай, галоўная рэч Смоліча. Як піша ў пасляслоўі на згаданую кнігу, перавыдадзеную ў 1993 г., вядомы беларускі навуковец Арсень Ліс: «Географія Беларусі» Аркадзя Смоліча – паважны навуковы твор і адначасова жывы, пранікнёны аповяд пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. У сваім часе яна атрымала шырокае грамадзскае прызнаньне, сталася незаменнаю крыніцаю радзімазнаўства, добра прычынілася да самапазнаньня беларусаў».

    А вось як пісаў сам Аркадзь Антонавіч у прадмове да першага выдання «Географіі Беларусі» (1919 г.): «…Калі-б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе ці асобных праяў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык-бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі-б у іх хоць крыху пабольшала замілаваньня да свае роднае многапакутнае стараны, такой простай і разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай велічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыню і дзеля будучыны гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады-б аўтар быў папраўдзе шчасьлівы».

    Варта згадаць: пад Беларуссю Аркадзь Смоліч разумеў не толькі яе цяперашнія межы, але і яе частку, якая ў свой час адышла да Літвы, Смаленшчыну, значную частку Чарнігаўшчыны і Браншчыны.

    На працягу 1920–1922 гг. Смоліч з’яўляецца выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі. Ён у ліку заснавальнікаў тутэйшага Таварыства беларускай школы, яго першы старшыня.

    Вясной 1922-га Аркадзь Антонавіч атрымоўвае заказ Народнага камісарыяту БССР на перапрацоўку і дапаўненне сваёй «Географіі Беларусі». Кніга выдаецца ў Вільні і, пераадолеўшы мяжу, ідзе ў Мінск.

    Яе аўтар адмаўляецца ад палітычнай дзейнасці. Яшчэ няма амністыі Савецкага ўраду дзеячам БНР, а Аркадзь Антонавіч пераязджае ў Мінск.

    Працуе ў наркамаце земляробства. Нарком З. Прышчэпаў называе яго адным з самых дасведчаных і аўтарытэтных спецыялістаў Беларусі галіны эканомікі і аграноміі.

    Шмат часу аддае Смоліч курсу геаграфіі Беларусі і іншых краін у Белдзяржуніверсітэце, стварае кафедру краязнаўства, геаграфічны кабінет. Ён ініцыятар склікання Мінскай, а затым і Усебеларускай краязнаўчых канферэнцый. Дзякуючы ягонай нястомнасці, пачынае выходзіць часопіс «Наш край».

    У 1924 г. Аркадзь Антонавіч уваходзіць у склад камісіі Дзяржплану БССР, якая прызначана ўдакладніць тэрыторыі з пераважным лікам беларускага насельніцтва з мэтай дальнейшага ўзбуйнення рэспублікі, што стала магчымым праз два гады. Праектуе выданне часопіса «Плуг», прызначанага для спецыялістаў сельскай гаспадаркі і рупнага земляроба.

    У 1925 годзе Смоліч абіраецца правадзейным сябрам Інстытуту беларускай культуры, намеснікам яго старшыні. Шмат працуе ў напрамку адкрыцця Горы-Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі і Навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі і лесаводства (г. Мінск). Праз два гады становіцца першым беларускім прафесарам геаграфіі. Ягоныя работы хораша дапаўняюць шматлікія калектыўныя зборнікі геаграфіі і эканомікі.

    Аркадзь Антонавіч мае шырокае прызнанне не толькі ў Беларусі. Малым залатым медалём яго ўзнагароджвае Рускае геаграфічнае таварыства. Сам П. П.Сямёнаў-Цяншанскі называе Смоліча таленавітым даследчыкам-наватарам, кажа аб ягонай навуковай перспектыўнасці. Але…

    Летам 1930-га звыш ста беларускіх навукоўцаў, грамадска-палітычных дзеячаў і пісьменнікаў апынуліся за кратамі. Сярод іх – Аркадзь Смоліч. У красавіку 1931 года пазасудовы орган ОГПУ выносіць рашэнне аб высылцы Аркадзя Антонавіча на Урал.

    Тэрмін пакарання скончыўся ў 1935 годзе. Вучоны жыве ў Ішыме (Омская вобласць), працуе ў райкалгассаюзе, у жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытае лекцыі на курсах удасканалення настаўнікаў.

    Новы арышт спаткаў Аркадзя Смоліча ноччу з 17 на 18 чэрвеня 1937 года. Расстрэл роўна праз год (Омская турма). Канчатковая рэабілітацыя ў 1988-м.

    …Сёння, калі зноўку пераасэнсоўваем падзеі пачатку беларускай нацыянальнасці, згадка пра А. Смоліча не толькі даніна ягонай светлай памяці, але і як бы напамінак, што асэнсаванне нашай нацыянальнасці і незалежнасці рабілася і рупнасць такіх вялікіх постацяў беларускасці, якой і з’яўляўся чалавек, пра якога гэты артыкул.

    Теги: