Кожны можа адчуць сябе зоркай

  • Юлия Тимощук, Дзянніца 15/2019 от 23 февраля 2019 Скачать номер 26 февраля 2019 12:48 Общество Беларуская

    Уявіце толькі: хлопцы і дзяўчаты могуць выбраць папулярную песню з рэпертуару любімага выканаўцы і прадумаць сваё выступленне на сцэне да дробязей самастойна. Для многіх гэта каштоўная магчымасць паказаць сябе і свой талент.У 1999 годзе настаўніца англійскай мовы Лілія Іванаўна Доста прапанавала сваім калегам ідэю правядзення конкурсу замежнай песні, каб матываваць вучняў да вывучэння замежных моў. Яе падтрымала Таццяна Чаславаўна Бадзюкова – разам яны праслухвалі аўдыязапісы, зробленыя на плёнцы, пераносілі словы песень на паперу, каб дапамагчы школьнікам падрыхтаваць свае вакальныя нумары. “Мінусоўкі” і апрацоўку музыкі на слых рабіў Леанід Францавіч Бортнік.Першы “Top School” правялі ў актавай зале першай гарадской школы. Конкурс прыйшоўся даспадобы многім вучням, пра яго даведаліся і іншыя. Падобны фестываль праз некалькі год ладзіла Антаніна Міхайлаўна Злачэўская разам з вучнямі трэцяй гарадской школы. “Top School” вельмі хутка набыў папулярнасць і пачаў збіраць шмат удзельнікаў і гледачоў. На выступленні рабят прыходзілі не толькі іх сябры і аднакласнікі, але і бацькі, бабулі, дзядулі.З 2004 года конкурс стаў гімназічным – ён змяніў некалькі месцаў правядзення, таму што аўдыторыя гледачоў пастаянна расла. Ініцыятыву яго правядзення пераняла настаўніца замежнай мовы гімназіі Вольга Пятроўна Стульгіс. І вось юбілейны 20-ты “Top School” ужо атрымаў “прапіску” ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.Рабяты падрыхтавалі сямнаццаць канцэртных нумароў для ўдзелу ў некалькіх намінацыях. Самая маленькая канкурсантка – вучаніца першага класа гімназіі Сафія Хільмановіч прадставіла песню ў намінацыі “Дэбют”. У намінацыі “Жывы гук” свой талент не толькі спяваць, але і валодаць рознымі музычнымі інструментамі прадэманстравалі некалькі груп – сярод іх і выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі.У складзе журы выступленні ацэньвалі Жанна Генрыхаўна Гайда, намеснік дырэктара гімназіі, Дзмітрый Аляксандравіч Паварга, загадчык аддзела народнай творчасці РЦКіНТ, пераможцы мінулых фестываляў, госці з Гродна – старшы выкладчык кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян Ірына Рыгораўна Краскоўская, слухач факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Леанард Арнольд з Мюнхена.Яскравай падзеяй стала выступленне па-за конкурснай праграмай гасцей са штата Нью-Мексіка (США) Форта Мэцью Харві і Чу Джонатана. Яны прыехалі ў Беларусь месяц таму, каб вывучаць рускую мову на факультэце давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Я. Купалы. Паўдзельнічаць у “Top School” іх запрасіла Таццяна Іванаўна Гарохава, настаўніца нямецкай мовы гімназіі. Упрыгожылі “Top School” сваімі выступленнямі выпускнікі гімназіі і пераможцы папярэдніх конкурсаў Марціна Рабко, Ілона Пацук, Лізавета Панова, Паліна Русецкая і Цімур Паноў. Валерый Краеўскі, прадстаўнік першага гімназічнага выпуску, прыехаў з Гродна са сваёй групай “Варта часу”.Падчас падвядзення вынікаў конкурсу для ўсіх гасцей мерапрыемства правялі цікавую латарэю і разыгралі шэраг прызоў. Спецыяльныя заахвочанні для ўдзельнікаў конкурсу, якія выконвалі песні на нямецкай мове, падрыхтаваў Інстытут імя Гётэ. Прыз для канкурсанта, які больш спадабаўся, падрыхтавала і ГТДА “Вета”. Таксама пераможцаў чакалі падарункі ад фотастудыі “Photo House”.Члены журы вызначылі пераможцаў у пяці намінацыях: “Дэбют”, “Сола 5-9 класы”, “Дуэт/Трыа/Група”, “Жывы гук” і “Сола 10-11 класы”. Прыз сімпатый гледачоў і Гран-пры фестывалю замежнай песні атрымала вучаніца дзясятага класа гімназіі Паліна Бекіш. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны кубкамі раённага камітэта ГА “БРСМ”, дыпломамі і памятнымі падарункамі.Наступны год абяцае быць не менш цікавым – у арганізатараў ёсць ідэі правесці анлайн-галасаванне за ўдзельнікаў, якія спадабаліся, і аб’яднаць аматараў замежнай песні з іншых раёнаў вобласці.