У ліку пераможцаў — і наша “Нарачанская зара”

  • Аляксандр Высоцкі, Нарачанская зара 15/2019 от 23 февраля 2019 26 февраля 2019 08:38 КультураОбщество Беларуская

    АДНО з самых значных свят у нашай краіне — Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні яго Міністэрствы абароны і інфармацыі традыцыйна падводзяць вынікі штогадовага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, патрыятычнага выхавання насельніцтва, павышэння статусу воінскай службы. Журналісты аддаюць на суд журы публікацыі і тэле-, радыёперадачы, у якіх праслаўляюцца спрадвечныя традыцыі нашага народа: любоў да Радзімы і ўменне яе абараняць. Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў праходзіла ў сталічным Цэнтральным Доме афіцэраў. У ёй прынялі ўдзел памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Леанід Касінскі і першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.

    Леанід Віктаравіч адзначыў, што год ад году рэспубліканскі конкурс робіцца ўсё больш запатрабаваным, пашыраецца геаграфія яго ўдзельнікаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны Беларусі.Цяпер творчае спаборніцтва праходзіла па чатырох групах сродкаў масавай інфармацыі: друкаваныя, тэлебачанне, радыё і інфармацыйныя агенцтвы. На ўдзел у конкурсе паступіла сто дваццаць восем заявак. Журы вызначыла пераможцаў у сямнаццаці намінацыях. А па меркаванніПаўла Мікалаевіча, такі творчы конкурс вельмі няпросты: “Армія — гэта спецыфічны свет, тут мала быць прафесіяналам і пісаць пра армію цікава, тут трэба пісаць кампетэнтна”. Прагучала на свяце і цікавая статыстыка, якая мае надзвычайную актуальнасць у сувязі з тым, што ў ліпені мы адзначым 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У нашай краіне ніколі не будуць забыты дзве гістарычныя даты мінулага стагоддзя: ліпень сорак чацвёртага і май сорак пятага. Дык вось, у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Савецкім Саюзе выдавалася больш за 1430 газет і часопісаў з разавым тыражом 8,5 мільёна экзэмпляраў. Ва Узброеных Сілах выходзілі 5 цэнтральных, 19 франтавых, 124 армейскія і каля 800 дывізіённых газет. На іх старонках друкаваліся не толькі артыкулы і нарысы пра гераізм савецкіх салдат. Было напісана мноства вершаў і песень пра каханне, пра заўтрашні дзень, які будзе пасля вайны, што ўсяляла надзею на жыццё. У гэтым шэрагу і легендарны верш Канстанціна Сіманава “Чакай мяне”…

    Цыромонію ўзнагароджання распачалі з “Сельскай газеты”, калектыў якой за перамогу ў намінацыі “Цеснае і плённае супрацоўніцтва” заахвочаны дыпломам першай ступені. Уцешна, што ў лік шаноўных лаўрэатаў патрапіў і творчы калектыў рэдакцыі нашай газеты. Леанід Касінскі ўручыў галоўнаму рэдактару “Нарачанскай зары” Паўлу Жукаву грамату Міністэрства абароны — за актыўны ўдзел у асвятленні пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва краіны.