У гісторыі працоўных перамог

  • Ірына ВЕЧАР, Слуцкий край 11 (13001) от 14 марта 2019 Скачать номер 19 марта 2019 09:49 КалейдоскопОбщество Беларуская

    З 1999 года пачалі праводзіць злёты аператараў машыннага даення, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў. Спачатку гэта быў клуб пяцітысячніц, з 2002 года – шасцітысячніц, а з 2007 года ўжо і сямітысячніц.

    На Случчыне і ў мінулым годзе высокія дасягненні – сярэдні ўдой малака ад каровы 6 190 кг, + 150 кг да ўзроўню 2017 года. Наш раён першы ў вобласці па вытворчасці малака, а ў рэспубліцы на другім месцы. 101 аператар машыннага  даення атрымаў у сярэднім больш за 7 тысяч кілаграмаў малака, такі паказчык на 25 фермах, у 5 сельгасарганізацыях.

    11 258 кг сярэдні ўдой на карову ў аператара машыннага даення Галіны Яўгенаўны Катовіч з філіяла «ПСГ» ААТ «Слуцкі мясакамбінат», больш за 10 тысяч кілаграмаў малака на карову надаілі 5 аператараў, у іх ліку найбольшыя паказчыкі ў Ліліі Фёдараўны Трафімовіч (10 815 кг), Наталлі Іванаўны Сушчэні (10 780 кг), Галіны Анатольеўны Гушчэні (10 743 кг) з ААТ «Вясейскі Пакроў». 7 аператараў маюць паказчык больш за 9 тысяч кілаграмаў, у ліку лідараў Альбіна Мікалаеўна Філіпава, Ірына Андрэеўна Вайцяховіч, Вера Аляксандраўна Валюшава і Наталля Міхайлаўна Белаглазава з ААТ «Вітка-Агра» (усе па 9 953 кг). 22 аператары надаілі больш за 8 тысяч кілаграмаў малака на карову, а найбольш з іх Валянціна Анатольеўна Пасечнік, Надзея Мікалаеўна Гілявая, Святлана Дзмітрыеўна Бубен з ДП «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі (па 8 943 кг). А сярод сямітысячніц найвышэйшыя ўдоі ў аператара ААТ «Вясейскі Пакроў» Святланы Генадзьеўны Бохан (7 954 кг) і аператараў ААТ «Вітка-Агра» Дар’і Цібер’еўны Філіповіч, Вольгі Сяргееўны Рыбачонак, Алены Мікалаеўны Матусевіч.

    Ёсць чым ганарыцца, ёсць на каго раўняцца, да чаго імкнуцца.

    За ўсімі лічбамі, высокімі дасягненнямі – адданая праца ўдзельнікаў злёту, адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў, віншуючы іх. Аператары машыннага даення і загадчыкі ферм, кіраўнікі гаспадарак і галоўныя спецыялісты, іншыя – кожны ўносіць свой уклад у агульную справу, вялікі ім дзякуй.

    Пераможцы працоўнага спаборніцтва адзначаны дыпломамі, грашовымі прэміямі. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый гэта ААТ «Вітка-Агра», СГФ «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», філіял «ПСГ» ААТ «Слуцкі мясакамбінат», ДП «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі, СГФ «Агра-Замосце» ААТ «Слуцкі КХП».

    У ліку пераможцаў спаборніцтва сярод малочнатаварных ферм і комплексаў з найбольшымі ўдоямі – калектывы МТК аг. Акцябр (загадчыца Таццяна Віктараўна Хадаровіч), МТФ аг. Вясея (загадчыца Святлана Мікалаеўна Ганчарэвіч), МТФ аг. Лядна (загадчыца Ірына Пятроўна Фазлыхматава), МТФ аг. Грэск №1 (загадчыца Таццяна Леанідаўна Кудзёлка), МТК в. Знамя (загадчыца Алёна Сяргееўна Мерная).

    Алёна Сяргееўна Мерная трапіла на ферму, можна сказаць, воляю лёсу. Прыйшла працаваць часова ды і засталася. Ужо сем гадоў у жывёлагадоўлі, два апошнія – загадчыца фермы, завочна вучыца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Яна лічыць, што для добрага выніку трэба ўзаемадапамога і добрыя адносіны ў калектыве, каб усе працавалі заадно, зладжана.

    Яе калега Алеся Міснік – малады спецыяліст, выконвае абавязкі загадчыцы МТК в. Сярагі 4/3. Алеся прыехала ў родны раён пасля заканчэння Смілавіцкага тэхнікума. Цяжкая галіна, адзначае  яна, нялёгка спачатку і з калектывам наладзіць работу належным чынам. Але ж па ўсім відаць, спраўляецца.

    Безумоўна, галоўная гераіня злёту – Галіна Яўгенаўна Катовіч.  Ужо і на пенсіі яна працуе аператарам машыннага даення 8 гадоў. У 2017 годзе надаіла больш за 9 тысяч кілаграмаў малака ад каровы, і на дасягнутым у мінулым годзе паказчыку спыняцца не збіраецца. З жывёлай трэба абыходзіцца як і з чалавекам, упэўнена Галіна Яўгенаўна. Добра даглядаць каровак, якасна карміць, своечасова і правільна выконваць работу на кожным этапе – у гэтым сакрэт  поспеху.

    Пераважная большасць прысутных у зале – прыгажуні жанчыны. А ёсць сярод членаў клуба сямітысячніц і мужчыны: начальнік МТК аг. Казловічы №1 Мікалай Георгіевіч Аладка, начальнік МТК в. Шышчыцы Міхаіл Фёдаравіч Мемус, аператары машыннага даення Андрэй Уладзіміравіч Клебановіч, Анатолій Мікалаевіч Гурыновіч, Аляксей Аляксандравіч Драбушэвіч, Аляксандр Ігнацьевіч Снітко, Андрэй Паўлавіч Гарбатаў.

    Адзначылі таксама ганаровых членаў клуба: Валянціну Іванаўну Батанаву і Лілію Міхайлаўну Савановіч. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ігараўна Гурбо павіншавала ўдзельнікаў злёту і ўручыла памятны прыз за вернасць прафесіі Святлане Георгіеўне Таран, прыза ўдастоена таксама Вольга Сяргееўна Каляда.

    Працавітыя, адданыя прафесіі, адказныя, добрасумленныя, улюбёныя ў родную зямлю людзі сабраліся на ўрачыстасць. Менавіта такія ствараюць гісторыю працоўных дасягненняў Случчыны, славяць сваёй працай малую радзіму.

    Творчыя калектывы і салісты ўстаноў культуры раёна падтрымалі ўрачысты настрой удзельнікаў злёту добрымі песнямі.

    Теги: