З наступленнем цяпла актывізуецца работа па навядзенні парадку ў населеных пунктах, на вуліцах і прыдамавых тэрыторыях. Многія грамадзяне, асабліва навасёлы, любяць азеляняць свае двары. У гэтым дапаможа Пастаўскі лясгас. Тут прапануюць бясплатна дзікарослыя маладыя елкі, сосны, бярозы, рабіны і іншыя дрэўцы, якія растуць на землях лесафонду.
Нарыхтаваць іх можна ў прысутнасці службовых асоб дзяржаўнай лясной аховы ў тых месцах, дзе праводзяцца планавыя санітарныя рубкі і рубкі для пракладкі квартальных прасек, на пастаянных лесанасенных плантацыях.
Жадаючыя могуць звярнуцца ў лясгас або бліжэйшае лясніцтва. Там пакажуць квартал і выдзел, дзе можна будзе назапасіць саджанцы для далейшай іх пасадкі ў вызначаных месцах.
Анна Анішкевіч