Свята кожнага дрэва

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 23/2019 от 20 марта 2019 21 марта 2019 11:35 Природа и экология Беларуская

    — Гэта дата была заснавана ў 1971 годзе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй пры ААН па ініцыятыве Еўрапейскай канфедэрацыі сельскай гаспадаркі, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Пастаўскага лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Яе мэта — праінфармаваць грамадскасць аб важнасці захавання лясоў. Яны пакрываюць амаль трэць зямной сушы і з'яўляюцца «лёгкімі» нашай планеты, маюць неацэннае экалагічнае, эканамічнае значэнне, адыгрываюць вялікую ролю ў фарміраванні клімату, насычаюць паветра кіслародам, перапрацоўваюць шкодныя выкіды, захоўваюць водныя рэсурсы, з'яўляюцца месцам пражывання раслін і жывёл, дапамагаюць захаваць ландшафты і ўрадлівасць глебы.

    У Беларусі лясамі занята амаль 40% тэрыторыі.

    Па шэрагу ключавых паказчыкаў (лясістасць тэрыторыі, плошча лясоў і запас драўніны ў пераліку на аднаго жыхара) наша краіна ўваходзіць у першую дзясятку лясных дзяржаў Еўропы. У Беларусі распрацавана і рэалізуецца дзяржаўная праграма «Беларускі лес» на 2016-2020 гады. Паводле яе, да 2021 года лясістасць тэрыторыі краіны павінна павялічыцца да 40,1%. Пастаўскі лясгас падзелены на 9 лясніцтваў. У яго падпарадкаванні тэрыторыі раёнаў:

    88,1% — Пастаўскага

    11,6% — Шаркаўшчынскага 

    0,3% — Глыбоцкага

    А гэта 93 тысячы гектараў ляснога фонду, з іх 79,4 тыс. га пакрыты лесам: 65,9% — сухадольныя, 34,1% — балотныя. Сярод дрэў дамінуюць сасна, елка, бяроза, чорная і шэрая вольха, асіна.

    Калектыў лясгаса выконвае ўсе прагнозныя паказчыкі па правядзенні высечак, доглядзе лесу, яго ўзнаўленні, ахове і абароне, іншых лесагаспадарчых мерапрыемствах. Асноўны кірунак — паляпшэнне колькасных і якасных паказчыкаў ляснога фонду. Летась на рубках галоўнага карыстання было нарыхтавана 153,9 кубічнага метра ліквіднай драўніны, прамежкавага карыстання — 68,3, іншых рубках — 30,2 м куб. Лесааднаўленне і лесаразвядзенне ў раёне штогод праводзіцца на плошчы больш за 250 гектараў. Вялі­кая ўвага надаецца выяўленню фактаў забруджвання і засмечвання лясоў бытавымі і вытворчымі адходамі, незаконнай высечкі і іншых парушэнняў ляснога заканадаўства. Дапамагае ў гэтым сучаснае абсталяванне — фотапасткі. Парушальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

    У Беларусі стала добрай традыцыяй Міжнародны дзень лесу прадаўжаць тыднем лесу. Сёлета ён пройдзе з 13 па 20 красавіка. Рэспубліканская акцыя прысвячаецца Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

    Анна Анішкевіч