Пастаўскія музыканты пакараюць міжнародныя конкурсы

  • Алена Шапавалава, Пастаўскі край 23/2019 от 20 марта 2019 21 марта 2019 11:32 Культура Беларуская

    Рады за зямлячку

    На мінулым тыдні радасная навіна прыйшла ў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Яе былая вучаніца, а цяпер першакурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандра Барысюк заваявала Гран-пры на Міжнародным конкурсе выканаўцаў на мнагаструнных бязгрыфных інструментах «Кубак Падмаскоўя», які праходзіў з 8 па 10 сакавіка ў г. Каралёў.

    На конкурс Сашу, якая адточвае ігру на цымбалах на кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў, накіраваў яе педагог — прафесар, народны артыст Беларусі Яўгеній Гладкоў. Разам з нашай зямлячкай у Падмаскоўе адправіліся яшчэ дзве студэнткі-цымбалісткі з акадэміі. А ўсяго туды з'ехалася больш за 100 маладых музыкантаў з усіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, Беларусі, Латвіі, Літвы і Кітая.

    Праходзіў конкурс у два туры. У першым удзельнікі выконвалі музычныя творы пад акампанемент канцэртмайстра, у другім — у суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Ацэньвала іх майстэрства журы ў складзе прафесараў кансерваторый, заслужаных дзеячаў мастацтваў з названых вышэй краін, якія аднадушна аддалі галоўны прыз Аляксандры. Разам з іншымі лаўрэатамі яна атрымала права сыграць на заключным канцэрце ў Маскве.

    Зараз Саша рыхтуецца да чарговага конкурсу, які пройдзе ў канцы красавіка — пачатку мая ў Чэхіі.

    У падарунак – два сертыфікаты

    10 сакавіка ў Мінску адбыўся IV Міжнародны конкурс-фестываль мастацтваў «Музыки свет», арганізаваны Музычным адукацыйным цэнтрам «Эстрадная школа талентаў». Адным з яго лаўрэатаў стаў ансамбль баяністаў «Радуга — Вясёлка» Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза. Калектыў адзначаны дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі «Народныя інструменты. Ансамблі» сярод удзельнікаў ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў.

    Разам з дыпломам «вясёлкаўцы» прывезлі дамоў два падарункавыя сертыфікаты: ад «Эстраднай школы талентаў» на 20-працэнтную скідку на ўдзел у IV Міжнародным конкурсе мастацтваў «Хрустальны васілёк», які адбудзецца ў кастрычніку бягучага года, і ад кампаніі «Боншанс» на бясплатны ўдзел гэтым летам у адным з фестываляў у Балгарыі. Акрамя таго, кіраўнік калектыву Святлана Пусько атрымала Падзячнае пісьмо дырэктара конкурсу за высокапрафесійную падрыхтоўку ансамбля «Радуга — Вясёлка» і плённае супрацоўніцтва ў галіне дзіцячай і маладзёжнай творчасці ў Беларусі.

    Алена Шапавалава