Гучаў Чайкоўскі, спяваў раяль

  • Алена Шапавалава, Пастаўскі край 23/2019 от 20 марта 2019 21 марта 2019 11:31 Культура Беларуская

    У мінулы чацвер у раённым Доме культуры ўладарыла класічная музыка: тут праходзіў IV адкрыты раённы конкурс юных піяністаў «Вясеннія ноткі».

    Сёлета яго геаграфія аказалася як ніколі шырокай. Конкурс сабраў 38 юных выканаўцаў з Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Ушацкага Глыбоцкага, Браслаўскага, Лепельскага і Шумілінскага раёнаў. Наш раён прадстаўлялі навучэнцы гарадской і Варапаеўскай школ мастацтваў, а таксама Навасёлкаўскага і Камайскага філіялаў.

    Перад пачаткам музычнага марафону ўсіх удзельнікаў і педагогаў вітала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка. Яна пажадала канкурсантам удачы, веры ў сябе і прадэманстраваць са сцэны ўсё сваё майстэрства. Не хвалявацца, іграць, атрымліваючы ад гэтага задавальненне, зычыла піяністам і старшыня журы — старшыня цыклавой камісіі Наваполацкага музычнага каледжа Галіна Касяк. Разам з Галінай Анатольеўнай у склад журы ўвайшлі яшчэ два выкладчыкі кале­джа, а таксама кампазітар з Баранавіч, член Саюза кампазітараў Беларусі Уладзімір Грушэўскі.

    Каб яны маглі аб'ектыўна ацаніць узровень ігры дзяцей, апошнія былі падзелены на чатыры ўзроставыя групы: малодшыя «А» і «Б», сярэднюю і старэйшую. Кожны канкурсант выконваў тры творы: паліфанічны любога кампазітара, абавязковы П. І. Чайкоўскага (малышы гралі адну з п'ес з «Дзіцячага альбома» Пятра Ільіча; вучні сярэдняй і старэйшай груп — абавязковую п'есу са зборніка «Поры года»), а таксама твор на свой выбар.

    Выступленні расцягнуліся на цэлы дзень. І вось нарэшце прыйшоў час тром членам журы пакінуць залу, каб параіцца і вызначыць прызёраў. А месца за белым раялем заняў Уладзімір Грушэўскі. Ён правёў творчую сустрэчу з вучнямі і педагогамі, выканаўшы для іх свае творы. Хоць прысутныя і ўважліва слухалі віртуозную ігру кампазітара, усе заўважна хвалявалі­ся: каго назавуць найлепшым? Інтрыга захоўвалася, пакуль на сцэне не з'явілася старшыня журы. Спачатку яна ўручыла дыпломы ўдзельнікаў і невялікія сувеніры — зборнікі нот для фартэпіяна і шарыкавыя ручкі з эмблемай конкурсу — тым, хто не заняў прызавых месцаў. Затым аб'явіла лаўрэатаў. Сярод іх аказалася вельмі шмат пастаўчан.

    Так, дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны: у малодшай групе «А» — Януш Паліна і Бажанкоў Ягор з Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў, у групе «Б» — Шкорнік Ганна (Варапаеўская ДШМ) і Колесень Ганна (Пастаўская ДШМ), у сярэдняй групе — Манушына Ксенія з Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ. Дыпломам ІІ ступені ў групе «А» адзначана Таміліна Ксенія, у групе «Б» — Маргуноў Арцём і Гатоўчык Дар'я, у старэйшай групе — Казак Таццяна. Дыплом І ступені ў групе «Б» у Тамілінай Варвары, у старэйшай групе — у Гіль Віталіі. Усе гэтыя дзеці займаюцца музыкай у райцэнтры.

    У якасці падарунка ў дадатак да зборніка нот і ручкі прызёры атрымалі наручныя гадзіннікі з конкурснай эмблемай. Ну а Гран-пры сёлета дастаўся юнай піяністцы з Браслава Быкавай Яраславе, якая павезла дамоў вялікі насценны гадзіннік з сімволікай конкурсу.

    Тэкст і фота Алены Шапавалавай