У трагедыі дзіцячы твар

  • Наталля Пархомчык, Пухавіцкія навіны 2019-04-03 от 03 апреля 2019 Скачать номер 03 апреля 2019 09:06 КалейдоскопОбщество Беларуская

    Помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны… Іх шмат на нашай зямлі. Мы прыходзім да іх, чытаем прозвішчы тых, у каго вайна забрала  жыццё. Альбо проста лічбы, разумеючы, што за кожнай з іх — нейчы абарваны лёс.

    Самая жудасная лічба ў нашым раёне — на помніку ва ўрочышчы Папова  Горка: 1260 жыхароў раёна яўрэйскай нацыянальнасці, у якіх акупанты забралі жыццё. Імёнаў там няма. І гэта несправядліва.

    Менавіта для мяне трагедыя, што адбывалася на Паповай Горцы ў верасні 1941 года, набыла свой асабісты твар, калі ў рэдакцыю прыйшоў Васіль Карнейчык з вёскі Ільіч Турынскага сельсавета. Ён —  пляменнік вядомага беларускага гісторыка Яфрэма Карнейчыка, — ураджэнца нашага раёна. Пра лёс Яфрэма Іванавіча мы расказвалі ў мінулым годзе ў адным з нумароў нашай газеты. Успаміналі і пра тое, што ў гады вайны яго першая сям’я —  жонка   Міна Абрамаўна, яўрэйка па нацыянальнасці, і дачка Нэлі — загінулі на тэрыторыі нашага раёна.

    Васіль Аляксандравіч прынёс фотаздымак сімпатычнай цёмнавокай дзяўчынкі гадоў дзесяці.

    — Вось гэта Нэлі, дачка Яфрэма Іванавіча, і яна пахавана на Паповай Горцы, — патлумачыў ён. — У той трагедыі былі сведкі, таму ў  сям’і ведаюць, як загінула дзяўчынка.

    Яфрэм Карнейчык згубіў сваю сям’ю ўжо ў першыя дні вайны. Ён пайшоў на фронт і не паспеў развітацца з дачкой і жонкай.  А яны з прыходам немцаў перабраліся да яго родных у Турын:  думалі там схавацца ад бяды. Не атрымалася.

    Яны ведалі, як акупанты абыходзяцца з яўрэямі ў Мар’інай Горцы і іншых населеных пунктах: чуткі аб здзеках даходзілі  хутка.

    Карціны тых дзён збярог  у сваіх успамінах, што захоўваюцца ў раённым краязнаўчым музеі,  мастак Яўген Леўчанка. У той час ён быў ужо даволі вялікі: перад вайной скончыў пяць класаў.

    Ён  расказаў, што ў  першыя дні акупацыі ў Мар’інай Горцы эсэсаўцы арганізавалі гета ў доме пісьменнікаў (зараз абласны  дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі  “Пухавічы”) і сагналі туды яўрэяў. Неяк раніцай давялося яму назіраць такую карціну. Акупанты прыгналі групу людзей з гета на двор за былым райвыканкамам і выстраілі перад канюшняй. Палову з іх заставілі залезці на дах, на якім былі іржавыя цвікі,  а палову пакінулі ўнізе. Тых, хто быў зверху, заставілі з’язджаць па даху і прыгаць з трохмятровай вышыні, а тых, хто стаяў, — выконваць яўрэйскія песні. Затым знясіленых людзей некалькі разоў заставілі падымаць па дошках у кузаў машыны цяжкую палявую кухню і спускаць яе. Адзін з эсэсаўцаў выбраў з натоўпу  моцнага хлопца з шырокімі плячыма і заставіў пралазіць паміж ножак стула, на якім сам сядзеў. Плечы хлопца не пралазілі, і эсэсавец біў яго плёткай. Затым яму гэта забава надакучыла. Побач было раскладзена вогнішча, у якім накаляўся дыск ад кола машыны ЗІС-5. Эсэсавец прымусіў хлопца здымаць дыск з вогнішча голымі рукамі і класці яго назад. І так шмат разоў падрад. Было відаць, што малады чалавек ледзь не траціў прытомнасць ад болю, але плётка рабіла сваю справу. 

     А ў верасні прайшлі пагромы ў Пухавічах, Мар’інай Горцы. Мясцовых яўрэяў пачалі расстрэльваць на Паповай Горцы. Думаю, што і маленькая дзяўчынка Нэлі ведала пра гэта, бо, калі у Турын прыехалі паліцаі, каб забраць маці і яе, дзяўчынка ўвесь час  паўтарала: “Пакіньце мяне, мой тата рускі”. Іх  прывезлі ў Мар’іну Горку і разлучылі.  Калі памірала Нэлі, яе мамы побач не было.

    Васіль Аляксандравіч Карнейчык расказаў, што Нэлі не расстралялі, а забілі да смерці.  Зрабілі гэта не немцы, а паліцаі. І кінулі ў агульную яму. Яе мама загінула пазней.

    Нават калі вайна забірае адно жыццё  — гэта страшна. Тым больш, калі гэта жыццё дзіцяці. А колькі іх, маленькіх, ляжыць ў брацкай магіле на Паповай Горцы?