Адзіны лёс, на чатырох падзелены

  • Анатоль БЕНЗЯРУК, Сельская праўда 26/2019 от 03 апреля 2019 03 апреля 2019 09:08 КалейдоскопОбщество Беларуская

    Фота аўтара. 

    Хто зазірнуў у вочы ліхалеццю, да скону помніў гэты жорсткі погляд. Нават у выпадку, калі сам не бываў на фронце, але атрымаў у рукі пахавальны ліст па родным чалавеку. З той горкай памяццю ўдовам і сіротам даводзілася век свой векаваць…ВАЙНА ВЫРАЎНОЎВАЛА ЛЁСЫ: пачыналіся яны як розныя, завяршаліся — як агульныя. Улетку сорак чацвёртага ў сяло Сімавічы Палесскай (зараз Гомельскай) вобласці прыляцелі адразу некалькі сумных вестак. Справа ў паштальёна аказалася няпростая: з аднаго боку, цяжка прыносіць благія весткі, з другога, яшчэ адшукай адрасата, калі карнікі спалілі ўсе да апошняй сімавіцкія хаты ды каля сотні вяскоўцаў бязлітасна забілі. …Лізавета Варановіч і Еўдакія Хвацік, Лізавета і Васіліса Грыбы сталі ў адначассе салдацкімі ўдовамі. Тэксты пахавальных былі напісаны быццам пад капірку: “ваш муж… загінуў… пахаваны…”. Месца гібелі ўсіх чатырох было пазначана аднолькавае — наш Жабінкаўскі раён. Лізавета Яфрэмаўна і Васіліса Трафімаўна былі братавымі: першая — жонкай Дзмітрыя Сідаравіча ГРЫБА (1896–1944), другая — яго малодшага брата Уладзіміра Сідаравіча (1903–1944). Як прыйшло вызваленне, тыя разам з землякамі Кірылам Рыгоравічам ХВАЦІКАМ (1910–1944) і Трафімам Іванавічам ВАРАНОВІЧАМ (1904–1944) (апошні быў з суседняй вёскі) у красавіку сорак чацвёртага прыйшлі ў Лельчыцкі раённы ваенны камісарыят. Пасля вучэбкі накіраваліся шарагоўцамі на І-ы Беларускі фронт, у 117-ы стралковы полк 23-й Кіеўска-Жытомірскай стралковай дывізіі, якую ўзначальваў Герой Савецкага Саюза палкоўнік Іван Басцееў. Дывізія, між іншым, вызваляла горад над Бугам, а перад тым вяла напружаныя баі, каб ачысціць ад гітлераўцаў жабінкаўскія землі. І ў Хваціка, і ў Варановіча, і ў братоў Грыбоў — агульныя месца і дата гібелі. Гэта хутар Мажэйкі. Старыя жыхары і цяпер яшчэ згадваюць, што да сярэдзіны стагоддзя, калі пачалося перасяленне з дробных хутароў у вёскі, мясцовыя нярэдка жылі сваім укладам. Не выключэннем былі і Мажэйкі. (Дарэчы, у сваіх справаздачах восенню 1942 года на тое скардзіліся нават карнікі, што палілі населеныя пункты: маўляў, на картах пазначана адна вёска, а ў рэчаіснасці раскідана яна на адлегласці па адасобленых дзялянках, вось і даводзіцца лавіць “бандытаў” па ўсіх наваколлях, многія таму й збегчы паспяваюць…) Названыя намі байцы склалі свае галовы ў баі ў адзін дзень — 20 ліпеня 1944 года — і былі пахаваны разам на хутары. Калі ў сярэдзіне 50-х у масавым парадку пачаліся перазахаванні астанкаў чырвонаармейцаў у райцэнтры, апошнім месцам спачыну для прызыўнікоў Лельчыцкага РВК стала Жабінка. І цяпер можна прачытаць іх прозвішчы на плітах ля помніка на вуліцы Кірава. На здымках: помнік савецкім воінам-вызваліцелям на цэнтральнай вуліцы Жабінкі; паблізу, на мармуровай пліце, пазначаны імёны братоў Дзмітрыя і Уладзіміра ГРЫБОЎ.