Караеднае ўсыханне хвойных: ідзём на зніжэнне

  • Дар'я РАБЦАВА., Голас Любаншчыны 14/2019 от 05 апреля 2019 Скачать номер 08 апреля 2019 08:21 КалейдоскопОбщество Беларуская

    Пачаць артыкул хацелася б з добрай навіны. Ёсць падставы меркаваць, што сітуацыя з караедным усыханнем хвойных насаджэнняў у Беларусі летась дасягнула свайго піку і ідзе на спад. Такі прагноз, вельмі асцярожны, робяць у Мінлясгасе.

     Па назіраннях спецыялістаў, актыўнасць караеда доўжыцца пяць-шэсць гадоў. Калі лічыць, што так званы «біялагічны» пажар лесу пачаўся ў 2015 годзе, можна сказаць, што свайго апагея ён дасягнуў летась. А значыць,  сёлета сітуацыя павінна пайсці на спад. У Мінлясгасе заўважаюць: аб’ём суцэльных санітарных высечак у бягучым годзе практычна ўдвая меншы, чым за аналагічны леташні перыяд. Таму ёсць спадзяванні на тое, што можна чакаць некаторага запавольвання ўсыханння хвойных. Асабліва гэта датычыць тых лясгасаў, дзе ўжо даволі працяглы час змагаюцца з караедам.

    Замацаванню поспеху ў дадзенай справе могуць паспрыяць фактары, якія, на жаль, не залежаць ад чалавека. Гаворка ідзе пра кліматычныя фактары. Для нармальнай жыццядзейнасці хвойным неабходна дастатковая колькасць вільгаці. Тады сасна пачынае выдзяляць смалу, што з’яўляецца натуральнай перашкодай для караеда.

    Пра гэта і не толькі вялася гаворка на міжнародным навукова-практычным семінары па пытаннях усыхання сасновых насаджэнняў, які прайшоў у Беларусі з 27 па 28 сакавіка. У першы дзень яго ўдзельнікі працавалі ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі работнікаў лясной гаспадаркі, у другі – накіраваліся на Любаншчыну. У мясцовым лясгасе гасцям расказалі і паказалі, як змагаюцца з бедствам, выкліканым караедам.

    Па словах дырэктара лясгаса Сяргея Шулякоўскага, 2015 год аказаўся надзвычай засушлівым, на тэрыторыі раёна рэзка знізіўся ўзровень грунтавых вод. Наступствы гэтага праявіліся пасля. Можна прасачыць, як за апошнія пяць гадоў змянялася сітуацыя з усыханнем насаджэнняў. Так, калі ў 2014 г. агульны аб’ём суцэльных санітарных высечак быў 18,9 гектара (у тым ліку 9,1 – па прычыне ўсыхання з удзелам стваловых шкоднікаў), 2015 – 34,5 га (12,2), то ў 2016 – 538,2 га (515,2), 2017 – 1 532,3 га (1 186,2), у 2018 – 911,8 га (836). Такім чынам, агульны аб’ём насаджэнняў, высечаных за пяць гадоў, склаў 3 035,7 (2 558,7) гектара. Для параўнання, пакрытая лесам плошча Любанскага лясгаса – 67 900 гектараў.

    Суцэльныя санітарныя высечкі праводзіліся таксама па прычынах пашкоджання каранявымі гнілямі (другое месца ў структуры прычын – 444,9 га), ляснымі пажарамі, ветраваламі, бураломамі, абжаледдзю.

    Алгарытм змагання са шкоднікам існуе толькі адзін: выявіць заселенае ім дрэва, ссячы і вывезці з лесу.

    Аднак нават пасля правядзення суцэльных санітарных высечак караед застаецца на пашкоджаных тэрыторыях. Ён знаходзіцца ў парубачных рэштках. Таму ад іх таксама трэба вызваляць дзялянкі. Раней гэта рабілася пры дапамозе выпальвання. Што было небяспечна, так як магло паслужыць прычынай пажару. Альтэрнатыўны метад –

    здрабненне. Даследаванні паказалі, што ў парубачных рэштках, якія перапрацаваны мульчарам, застаецца толькі 5-10% шкоднікаў (дарэчы, нават пры спальванні караед знішчаецца не цалкам). Таму перад лясгасамі паставілі задачу закупіць мульчары. Як адзначыў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспубкікі Беларусь Валянцін Шатраўка, сёння набыта ўжо 59 такіх здрабняльнікаў. Маецца мульчар і ў Любанскім лясгасе.

    Многія грамадзяне памылкова лічаць, што ферамонныя пасткі таксама выкарыстоўваюцца для барацьбы са шкоднікамі. Гэта не так. Шкоднікі сапраўды трапляюць у пастку, адкуль выбрацца ўжо не могуць. Аднак такія пасткі служаць толькі для маніторынгу колькасці караеда на той альбо іншай тэрыторыі.

    Госці спыніліся на тэрыторыі Асавецкага лясніцтва, якое было абрана невыпадкова. За тры апошнія гады санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы тут праведзены на плошчы 1 105 га – практычна на кожным восьмым гектары лесу.

    Удзельнікі семінара агледзелі мадэльныя дрэвы, заселеныя шкоднікам. Гасцям таксама прадэманстравалі, як пры дапамозе беспілотных лятальных апаратаў можна з вышыні птушынага палёту ацаніць стан насаджэнняў. Адзін такі апарат – квадракоптар (альбо дрон) – ёсць на ўзбраенні і ў Любанскім лясгасе. Як патлумачыў  Валянцін Шатраўка, сёння практычна ў кожным другім лясгасе (а іх у рэспубліцы налічваецца 98.  – Аўт.) маюцца квадракоптары. У хуткім часе плануецца закупіць яшчэ 33. Яны выкарыстоўваюцца не толькі для абследавання працэсаў усыхання насаджэнняў, а і для выяўлення лясных пажараў, падліку дзікіх жывёл...

    Па запэўніваннях работнікаў лесу, тэрыторыі, што займалі высечаныя насаджэнні, пуставаць не будуць. Там правядуць лесаўзнаўляльныя работы. Так, у Любанскім лясгасе за пяць гадоў (з 2014 па 2018 гады ўключна) плошча стварэння лясных культур склала 2 714 гектараў, у тым ліку 1 768 га – у 2018 г. Яшчэ 850 га запланавана стварыць у бягучым годзе.

    Дарэчы, лясгас штогод якраз у красавіку запрашае добраахвотнікаў далучыцца да справы прымнажэння ляснога фонду падчас акцыі «Тыдзень лесу». Сёлета яна пройдзе з 13 па 20 красавіка. А значыць, чытачам самы час патэлефанаваць у лясгас і папоўніць спіс удзельнікаў акцыі. Калі плошча насаджэнняў, высечаных з-за ўсыхання, будзе раўняцца плошчы створаных, можна будзе казаць пра перамогу над караедам. Магчыма, калі не ў вайне, то хаця б у бітве.

    Теги: 
    • {Нет тегов}