Бярэзінцы прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні святыні

  • Анатоль ПАЛЫНСКІ., Бярэзінская панарама 25 от 06 апреля 2019 08 апреля 2019 08:41 ОбществоПрирода и экология Беларуская

    Адным з першых масавых мерапрыемстваў, праведзеных у рамках аб’яўленага ў раёне месячніка па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні, стала сумесная прафсаюзная акцыя з прадстаўнікамі некаторых іншых грамадскіх аб’яднанняў па ўборцы бярэзінскай святыні – крыніцы Мікалая Цудатворцы ў вёсцы Крупа.

    Гэтае месца, куды прыязджаюць многія жыхары раёна і госці, каб набраць жыватворнай вадзіцы і духоўна ачысціцца, з кожным годам становіцца ўсё больш утульным і прывабным, тут часта бывае мнагалюдна падчас правядзення мерапрыемстваў. А праца на яго добраўпарадкаванні, сапраўды, лічыцца справай пачэснай і высакароднай. Таму на прапанову паўдзельнічаць у навядзенні парадку каля крыніцы адгукнулася нямала жадаючых.

    — Падобную акцыю мы арганізуем ужо другі год запар, — расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў А.М. Токан. – І кожны раз яна праходзіць “на ўра”. Сённяшні наш працоўны дэсант налічвае 23 чалавекі. Гэта прадстаўнікі РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, аўтапарка №22, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райбальніцы і некаторых іншых гарадскіх арганізацый, прафсаюзныя лідары, члены грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “Белая Русь”.

    За час работы было сабрана леташняе смецце на тэрыторыі самой крыніцы і прылягаючых участках. Справа ладзілася дружна. Жанчыны выграбалі апалую лістоту і дробнае сучча, вымяталі асобныя ўчасткі. Ім дапамагалі мужчыны, якія выносілі сабранае смецце, папраўлялі агароджу… Заняткаў хапіла ўсім.

    З запланаваным аб’ёмам на гэты раз удалося справіцца за адзін дзень. Летась жа на ўборку спатрэбілася значна больш часу, бо падтрымліваць парадак намнога лягчэй, чым арганізоўваць яго ўпершыню.

    Праведзенае мерапрыемства – далёка не адзіная прафсаюзная акцыя месячніка. Сапраўды, у кожным калектыве існуюць прафсаюзныя арганізацыі, іх члены – пастаянныя ўдзельнікі суботнікаў па навядзенні парадку на сваіх і замацаваных за калектывамі тэрыторыях.

    Да таго ж, за раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і РК БРСМ замацаваны і помнікі загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзяцца на могілках у вёсцы Бялавічы.

    А вы ўжо далучыліся да ўдзелу ў месячніку па добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы? Памятайце, што наведзены на зямлі парадак – гэта не толькі паказчык працавітасці, а і ўзроўню нашай культуры.

    Фота аўтара.

     

    Теги: 
    • {Нет тегов}