Каб здаровым быць, трэба з пчоламі дружыць

  • Алена Кедзік, Свіслацкая газета 27/9184 от 05 апреля 2019 Скачать номер 08 апреля 2019 10:17 КалейдоскопОбществоСад и огород Беларуская

    Калі для адных пчолы – гэта насякомыя, якія здабываюць духмяны мёд і пякуча джаляць, ці персанажы з вядомага мультыплікацыйнага серыяла «Прыгоды пчолкі Маі», то для нашай нядаўняй знаёмай з Крапіўніцы Марыі Якуты – любімыя гадаванцы. Менавіта так яна называе сваіх руплівых пчолак.

    Нягледзячы на свой немалады ўзрост, сёлета пчалярцы споўніцца 79 гадоў, жанчына спрытна спраўляецца са сваёй пчальніковай гаспадаркай, якая  размясцілася на прысядзібным участку. Дарэчы, калі не зазіраць у пашпарт, то Марыі Канстанцінаўне смела можна спісаць дзясятак гадоў. Мабыць, любімая справа таму прычына. Вучоныя даўно даказалі, што апітэрапія (прымяненне прадуктаў пчалярства ў лекавых мэтах) спрыяльна ўплывае на арганізм чалавека. А за 42 гады, на працягу якіх Марыя Канстанцінаўна займаецца пчалярствам, усяго хапала: пчолы не раз на яе целе пакідалі свае джалы. 

    – Памятаю, як у маладосці рэўматызм прыхапіў, з рукамі і нагамі мучылася, пакуль пчалярствам не занялася, – расказвае Марыя Канстанцінаўна. – Кажуць, што пчаліны яд дапамог з хваробай справіцца. 

    Дзяцінства ў жанчыны было цяжкае. Скончыўшы чатыры класы пачатковай школы і адзін клас вячэрняй, дапамагала бацькам па гаспадарцы. З 15 гадоў пайшла працаваць паштальёнам, па ўсёй Крапіўніцы (у вёсцы налічвалася каля 400 жыхароў!) пошту разносіла. 

    – У адну вялікую сумку газеты і лісты не змяшчаліся, таму за два разы карэспандэнцыю ў аддзяленні забірала, – успамінае юнацтва субяседніца. – Затым у брыгаду ў саўгас «Поразаўскі» бацькі адправілі. І там нялёгка было. Малаказборшчыцай нейкі час працавала. Куды лёс мяне толькі не закідваў, але ўсюды да працы ставілася адказна.Аб гэтым сведчаць шматлікія граматы і падзячныя лісты, сярод якіх знак «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1976 года».

    З пчалярствам лёс Марыю Канстанцінаўну звязаў выпадкова. У 1977 годзе дырэктар саўгаса «Поразаўскі» Георгій Гімпель накіраваў яе памочніцай у пчальнік, дзе пчаляром быў Віктар Лясота. Не хацелася жанчыне працаваць у тандэме з мужчынам. Але як яна не адгаворвалася, прыйшлося, бо лепшай кандыдатуры ў саўгасе не знайшлося. Работы хапала: у гаспадарцы налічвалася каля 200 вулляў, ці пчаліных сем’яў. Рамкі напарніку падносіла, інвентар неабходны, а потым налаўчылася і сама стала спраўляцца з абавязкамі пчаляра. А каб замацаваць веды, набытыя на практыцы, Марыю Канстанцінаўну накіравалі на месячныя курсы ў Малую Бераставіцу.  

    Хутка пчалярня саўгаса стала папулярнай, яна займала лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці мёду ў рэспубліцы, на базе яе праводзіліся шматлікія семінары. Па выніках года за высокія рэзультаты Марыі Канстанцінаўне і яе напарніку налічвалі прэмію памерам у тысячу рублёў. 

    – На тыя грошы можна было дзве каровы купіць, – узгадвае пчалярка. – Узімку мяне пераводзілі працаваць санітарам на ферму, а вясной зноў вярталася да сваіх пчолак.

    Тым часам у Марыі Канстанцінаўны на падворку з’явілася ўласная пчаліная сям’я. А потым другая, трэцяя… Першы вулей падарыў саўгас, астатнія купляла ў насельніцтва і ў школы. Да пчалярства пачала далучаць сына Леаніда. Пчалярка разумела, што не так проста лёс падкінуў ёй столькі выпрабаванняў, каб нарэшце ўзнагародзіць любімай справай, якой яна аддана па сённяшні дзень. Марыя Канстанцінаўна ўжо даўно на заслужаным адпачынку. Няма і той пчалярні ў дзвесце вулляў, што была ў саўгасе «Поразаўскі». Аднак жанчыне не да смутку, бо вядзе невялікую гаспадарку (куры), займаецца кветнікамі і агародам, дбае пра сваіх гадаванцаў і сваю старэйшую сястру Ніну. Вось і ў дзень нашага прыезду Марыя Канстанцінаўна накіроўваецца ў невялікую драўляную забудову, дзе складвае свой пчалярскі інвентар і неабходныя прылады, апранае бялюткі халат, бярэ ў рукі дымар і ідзе адведваць сваіх крылатых гадаванцаў пасля зімоўкі. 

    – Вуллі пакуль яшчэ ўцепленыя, – тлумачыць нам пчалярка, павольна прыадчыняючы скрыню-хатку, каб не напужаць яе жыхароў. – Вось гэта падмор (мёртвыя пчолы), з яго ачысткі распачынаюцца вясновыя работы пчаляра. 

    …Сям-там пралятае пчолка. Асобным рупліўцам не сядзіцца ў вуллі, як і іх гаспадыні ў хаце, якая марыць пра цёплае сонечнае надвор’е, каб хутчэй узяцца за любімую справу. 

    – Засядзелася зімою, хочацца і ў пчол прыбрацца, і ў кветніках парадак навесці, і ў агарод пайсці, – расказвае аб планах Марыя Канстанцінаўна. – Ніна мне таксама дапамагае, хоць і інвалід з дзяцінства: перахварэла на менінгіт. Яна і шые, і вяжа добра, увесь дзень можа з пруткамі і іголкай прасядзець. Да яе нават з вёскі прыходзяць, каб адзенне падрамантавала. Ад бацькі кравецкія здольнасці перадаліся, да яго з усёй акругі з’язджаліся, заказы рабілі. А ў вайну ў Падароску нават салдатаў абшываў. 

    Пагутарыла з Марыяй Канстанцінаўнай пра яе нялёгкі, а для сучаснага пакалення такі незразумелы лёс і задумалася, як хутка бяжыць час і змяняе ўсё наўкола: інтарэсы, заняткі, светапогляд людзей, адносіны да блізкіх, тэхналогіі вытворчых працэсаў… І шчыра парадавалася, што паспела яшчэ дакрануцца да мінулага нашых продкаў не праз кнігі і дакументальныя кінастужкі, а праз жывыя зносіны.