Падарылі ўсмешкі

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 28/2019 от 06 апреля 2019 09 апреля 2019 15:27 Культура Беларуская

    1 красавіка лічыцца Днём смеху. З гэтай нагоды работнікі раённага Дома культуры вырашылі наведаць некаторыя калектывы, падарыць усмешкі і добры настрой. Змайстравалі прыгожы кошык, змясцілі ў яго яркія жоўтыя смайлікі-сонейкі, да іх прымацавалі цукеркі і адправіліся да тых, хто мае асаблівую патрэбу ў цяпле і клопаце. Першым прыпынкам стала пастаўскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. На мерапрыемства запрасілі і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. На дапамогу культработ­нікам прый­шлі выхаванцы дзіцячага садка «Калабок». Яны раздавалі пастаяльцам смай­лікі і свае ўсмешкі — і святлелі твары бабуль і дзядуляў. Вакальная група хору вэтэранаў пад кіраўніцтвам Паўла Рагіні падарыла пажылым невялікую канцэртную праграму. Цудоўныя песні ўсім стваралі добры настрой.

    Удзельнікі тэатра «Вытварашкі» пабывалі ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры Пастаўскага раёна і дзі­цячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальні­цы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзяцца ў цэнтры і на лячэнні ў медыцынскай установе, з радасцю сустракалі казачных герояў, весяліліся разам з імі і забываліся на недамаганні і на тое, што побач няма мам і татаў.

    — Смехатэрапія — адзін з эфектыўных спосабаў лячэння, — лічаць арганізатары акцыі. — Гле­дзячы, як маленькія пацыенты ўсміхаюцца, хочацца верыць, што падораная ім радасць дапаможа пераадолець хваробу, а пажылым — падоўжыць гады. Удзячныя ўсмешкі ў адказ і нам надаюць сіл рабіць больш добрых спраў.

    Тэкст і фота Анны Анішкевіч