Бяспека працы – на першым месцы

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 28/2019 от 06 апреля 2019 09 апреля 2019 15:28 Общество Беларуская

    У мінулую сераду ў раёне працавала група тэхнічных інспектараў абласных галіновых камітэтаў прафсаюза.

    З галоўным тэхнічным інспектарам працы Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў агра­прамысловага комплексу Міхаілам Лабко ў складзе рэйдавай групы аўтар гэтых радкоў  пабывала ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Камайскі-агра”.

    — Паспяховае правядзенне веснавых палявых работ у многім залежыць ад рэалізацыі комплексу арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, — гаварыў Міхаіл Сяргеевіч. — Асаблівая ўвага ў гэты перыяд надаецца стварэнню бяспечных умоў працы, выкананню тэхналогіі вытворчасці. Няма нічога даражэйшага, чым жыццё чалавека. І ўсе мы павінны  прыкласці максімум намаганняў, каб  захаваць яго і забяспечыць належныя ўмовы для працы людзей.

    У ААТ «Камайскі-агра» маніторынг гатоўнасці гаспадаркі да сяўбы закрануў аб’екты машыннага двара. Міхаіл Сяргеевіч на тэрыторыі мехмайстэрні дасканала аглядваў тэхні­ку, агрэгаты, гутарыў з механізатарамі, правяраў дакументацыю, наяўнасць адпаведных інструкцый, звяртаў увагу на правядзенне няпланавых інструктажоў, перадрэйсавых медаглядаў работнікаў і іншае.

    Адказная за ахову працы ў гаспадарцы старшыня прафкама Юлія Селівёрстава давала тлумачэнні і адказы на пытанні інспектара, памячала заўвагі. Іх было няшмат.

    Падвядзенне вынікаў маніторынгу адбылося ў райвыканкаме. Высокая ацэнка дадзена рабоце спецыялістаў па ахове працы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», філіяле «Пастаўскае ДРБУ-132», АДРАЦ «Ветразь», АБП «Рассвет Пастаўскі». 

    — Асноўная мэта маніторынгу — папярэджанне парушэнняў, якія могуць прывесці да няшчасных выпадкаў на вытворчасці, — адзначылі інспектары. — А таксама аказанне метадычнай і кансультатыўнай дапамогі па арганізацыі работы ў да­дзеным кірунку.

    Спецыялісты адзначылі, што ўсе недахопы, выяўленыя ў некаторых арганізацыях падчас мінулагодняга маніторынгу, ухілены. Падчас сёлетняга заўвагі нязначныя. Але ў ахове працы дробязей не бывае, любое парушэнне правіл можа прывесці да непапраўнага.

    Тэкст і фота Анны Анiшкевіч